Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца галоўнага ідэоляга Беларусі вакантнае


Сёньня Аляксандар Лукашэнка займаўся кадравымі пытаньнямі. У выніку са сваёй пасадай разьвітаўся адзін з галоўных дзяржаўных ідэолягаў, а пазбаўлены пасады некалькі месяцаў таму кіраўнік Менскай вобласьці заняў крэсла кіраўніка спраў прэзыдэнта.

Сваёй пасады пазбавіўся Алег Праляскоўскі — начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта.

Дагэтуль Праляскоўскі выступаў пасьлядоўным выканаўцам волі вышэйшага кіраўніцтва краіны: ён апекаваўся сродкамі масавай інфармацыі, дамагаўся дадатковага фінансаваньня для дзяржаўных выданьняў і ўсяляк ускладняў існаваньне незалежным СМІ. Пад ягоным патранаваньнем адбываліся ідэалягічна афарбаваныя канцэрты “За Беларусь” у падтрымку кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і г. д. Не безь ягонага ўдзелу адбываўся падзел на “чэсных” і “нячэсных” пісьменьнікаў, мастакоў і г.д.

Праляскоўскі збочыў з ідэалягічнай сьцяжынкі?

Менавіта з падачы Праляскоўскага ў сьпіс забароненых трапілі рок-музыкі, якія бралі ўдзел у апазыцыйным канцэрце-мітынгу летам 2004 году. Зрэшты, яны ж былі сярод апошніх, хто трапіў да яго на прыём. Пры канцы мінулага году менавіта Праляскоўскі паабяцаў легалізаваць нацыянальны рок, калі рокеры ня будуць паглыбляцца ў палітыку. Аднак першы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын ня лічыць, што кантактаваньне Праляскоўскага з апальнымі музыкамі магло яму нашкодзіць – прычыну трэба шукаць глыбей:

“Гэткі факт ня можа стаць вырашальным для такой асобы. Хутчэй за ўсё, у ідэалягічнай канцэпцыі чакаюцца істотныя зьмены, так можна ацэньваць гэтую справу. Таму што калі фармальна, то, значыць, ягоныя погляды на ідэалёгію дзяржавы не супадаюць з поглядамі таго, чыя пазыцыя павінна быць праведзеная ў жыцьцё, разумееце? Але я думаю, што гэта не апошнія ракіроўкі: цягам першага кварталу адбудуцца яшчэ больш істотныя, таму што цяперашні ўрад ня здольны выпрацаваць ніякую праграму – ні сярэднетэрміновую, ні доўгатэрміновую. І ключавыя міністры, мяркую, павінны будуць пакінуць свае пасады. Гэта выцякае зь лёгікі кіраваньня дзяржавай. Таму перакананы, што гэта не апошнія кадравыя перастаноўкі”.

У якасьці суцяшэньня, якое не адпавядае яго ранейшаму статусу, Праляскоўскі атрымаў пасаду дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта. Ранейшая кіраўніца гэтай установы Ніна Шпак вызваленая ад пасады з фармулёўкай пра перавод на іншую працу. Дзе запатрабуюцца здольнасьці спадарыні Шпак, пакуль не ўдакладняецца.

Дамашкевіч вытрымаў слушную паўзу?

Некалькі месяцаў беспрацоўным заставаўся старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч. Гэты чыноўнік набыў вядомасьць ня толькі высокімі намалотамі, якія рэгіён стабільна дае падчас “барацьбы за ўраджай”. Дамашкевіч — ці не адзіны беларускі чыноўнік, які публічна спрабаваў пярэчыць кіраўніку краіны. Некалькі гадоў таму на сэлектарнай нарадзе, якая трансьлявалася праз усе каналы, Дамашкевіч заявіў, што яму перашкаджаюць працаваць. За гэта Лукашэнка паабяцаў падначаленаму (цытата) “адбіць рогі, калі яны ў яго (Дамашкевіча. — РС) ужо вырасьлі”. Цяпер Дамашкевіч стаў у адзін шэраг з такімі вядомымі асобамі, як першы беларускі “заўгас” Іван Ціцянкоў і Галіна Жураўкова, якая ледзьве пазьбегла турмы. Папярэдні кіраўнік, Аляксандар Кулічкоў, пакуль што будзе лічыцца ў дзяржаўным рэзэрве.

Кадравыя зьмены камэнтуе колішні кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута:

“Дамашкевіч можа быць і лепшым кіраўніком, чым Ціцянкоў і Жураўкова, таму што ён усё ж быў губэрнатарам. А кіраўніцтва спраў прэзыдэнта – гэта амаль што губэрня. Не такая вялікая, як Менская, але ўсё ж... Гэта ўсё зразумела, таму што Мікалай Фёдаравіч паводзіў сябе слушна пасьля таго, як пазбавіўся сваёй пасады: нічога нікому не казаў, не даваў інтэрвію незалежным мэдыям. Вытрымалі нейкі час і вярнулі. Пачакайце — яшчэ і Канаплёў вернецца”.

Карэспандэнт: “А ці можна чакаць ад сыходу Праляскоўскага нейкіх паслабленьняў, у тым ліку і незалежным СМІ?”

“Усё насамрэч залежыць ад падставы, паводле якой яго зьнялі. Тое, што ён ужо адчувальна слабейшы, чым раней, было вядома яшчэ ад верасьня. Пачакаем, бо яшчэ невядома, каго прызначаць. А месца гэтае такое ўплывовае. Пры той барацьбе кланаў у прэзыдэнцкім асяродзьдзі, якая сёньня ідзе, трэба паглядзець, каго прызначаць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG