Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйны актывіст Вячаслаў Сіўчык асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве.


Судзілі Вячаслава Сіўчыка за інцыдэнт, які адбыўся ўчора, 9 студзеня. Паводле сьведак, міліцыянтаў Аляксандра Барысенкі і Анатоля Насаржэўскага, на вуліцы Багдановіча каля прадуктовай крамы Вячаслаў Сіўчык “спрабаваў пабіцца з грамадзянінам Віньнікам і пры гэтым брыдкасловіў”. Міліцыянты зь менскага палку АМАПу нібыта выпадкова ўбачылі бойку і затрымалі абодвух “парушальнікаў грамадзкага парадку”. Судзілі Вячаслава Сіўчыка і Ільлю Віньніка, зь якім нібыта пасварыўся актывіст апазыцыі, паасобна, абодвум далі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Вячаслаў Сіўчык на судзе заявіў пра правакацыю, арганізаваную ўладамі дзеля таго, каб ізаляваць яго напярэдадні акцыі прадпрымальнікаў.
“Гэта адбывалася ля ўваходу ў прадуктовую краму. Калі сапраўды там была бойка з брыдкаслоўем, дык — гэта ж люднае месца, у краме гандляркі, наведнікі. Але чамусьці гэтых сьведак няма”.
Судзьдзя Тацяна Паўлючук адмовілася выслухаць Уладзімера Раманоўскага, якога Вячаслаў Сіўчык заявіў як сьведку інцыдэнту. Судзьдзя спаслалася на тое, што прозьвішча гэтага сьведкі не было ў міліцэйскім пратаколе. Якраз у гэты час Уладзімер Раманоўскі стаяў у калідоры і спрабаваў прайсьці на суд. Пазьней ён распавёў журналістам пра затрыманьне Вячаслава Сіўчыка.
“Вячаслаў стаяў у мяне за сьпінай і размаўляў праз тэлефон. Раптам да нас падбег гэты малады чалавек ды пачаў крычаць пра бутэльку піва, якую нібыта ў яго выбілі. Паводзіў сябе вельмі агрэсіўна, хапаўся за нас. Бутэлька сапраўды ляжала на ходніках, але зусім пустая. Не прайшло хвіліны, як прыбеглі трое міліцыянтаў у форме. Карацей, цэлы спэктакль наладзілі”.
Вячаслаў Сіўчык пасьля прысуду заявіў пра новую форму затрыманьня апазыцыянэраў: раней абвінавачвалі ў брыдкаслоўі, цяпер — у спробе ўчыніць бойку. Актывіст паведаміў, што ў ізалятары на Акрэсьціна яго трымалі ў адной камэры са спадаром Віньнікам, ад якога ён не выключае новых правакацый.
Адвакатка Вера Страмкоўская, якая абараняла актывіста ў судзе, заявіла пра шэраг парушэньняў пры разглядзе справы. На яе думку, суд мусіў выслухаць усіх сьведкаў, а ня толькі міліцыянтаў. Вера Страмкоўская адзначыла і тое, што суд не дапытаў Ільлю Віньніка, хоць падчас працэсу той знаходзіўся ў судзе. Адвакатка заявіла, што будзе абскарджваць прысуд.
Сябры і сваякі Сіўчыка перакананыя, што Ільлю Віньніка, зь якім нібыта біўся Вячаслаў, неўзабаве выпусьцяць на волю.

У судзе Вячаслаў Сіўчык казаў, што на ім выпрабавалі новы варыянт палітычнага затрыманьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG