Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Слушна робяць прадпрымальнікі, што страйкуюць…”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 10 студзеня.

Прадпрымальнікі Беларусі праводзяць акцыі пратэсту супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760, якім пагоршаныя іхныя ўмовы працы. Вось як гэтую тэму камэнтуюць слухачы Свабоды:
Сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, Івацэвічы: “Паважаныя прадпрымальнікі! Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году шмат хто з вас браў удзел у зборы подпісаў у ініцыятыўнай групе кандыдата на прэзыдэнта Лукашэнкі. Але ніводзін чалавек з вас ня быў у складзе ініцыятыўнай групы Мілінкевіча. А прапановы стаць сябрамі яго ініцыятыўнай групы вам рабілі. Але мы атрымлівалі адказ, што палітыка вас не цікавіць. Выходзіць — за што вы змагаліся, тое і атрымалі”.
Спадарыня: “Добры дзень. Я хачу падзяліцца інфармацыяй. Слушна робяць прадпрымальнікі, што зьбіраюцца страйкаваць. Паглядзіце, колькі жанчын зрабілі беспрацоўнымі — па 500 чалавек у малых гарадах. Гэта бязладзьдзе! Страшнае бязладзьдзе! Трэба ўсім падымацца!”
Пэнсіянэр Лапацін: “На восеньскі сэзон шукаў сабе куртку. У дзяржаўных крамах курткі каштуюць больш за 200 тысяч рублёў. Добрую куртку на Ждановіцкім рынку купіў за 80 тысяч. Прадпрымальнік! Вялікі дзякуй вам за зэканомленыя мною 150 тысяч рублёў”.
Адмена льготаў для маламаёмных жыхароў Беларусі, скарачэньні адпачынкаў для настаўнікаў і мэдыкаў, хакейны турнір з удзелам кіраўніка краіны — тэмы наступных выказваньняў.
Міхал Сантаровіч, Койданава: “Ды зноў імчыць па краіне дзікае паляваньне караля Стаха. Ахвярамі яго напрыканцы году сталі інваліды, навучэнцы, чарнобыльцы, прадпрымальнікі, настаўнікі, лекары, пакупнікі — увесь народ”.
Спадарыня: “Таго, хто ініцыятар зьмяншэньня адпачынку доктару і настаўніку, прыставіць бы на 15 сутак да працоўнага месца стаматоляга ці настаўніцы”.
Спадар: “Паважаная “Свабода”, хацеў бы даведацца ў вас наконт дарослага чалавека, які знайшоў сабе забаву — гульню ў хакей. Ці хапіла яму на гэтую гучную забаву грошай, якія ён адабраў у пэнсіянэраў, інвалідаў, настаўнікаў і іншых людзей? Цікава было б даведацца, у колькі ж рублёў абышлася гульня гэтага чалавека. Дзякуй”.
На пытаньне адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч:
“Мяркую, што каля 3—4 мільёнаў даляраў. Але калі на паседжаньнях Палаты прадстаўнікоў мы запытвалі, дзе грошы ад зброі, якую прадае Беларусь, то нам адказвалі, што гэта ня наша справа”.
“Ведаючы рашучасьць сваіх апанэнтаў, і выбаркам наўрад ці будзе падтасоўваць вынікі выбараў прэзыдэнта Грузіі. Таму толькі застаецца павіншаваць Міхаіла Саакашвілі” — піша ў СМС-лісьце слухачка Галіна з Магілёву. Наступныя тэлефанаваньні — пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра асьвятленьне ягонай дзейнасьці ў дзяржаўных мэдыях.
Пётр Аляксеевіч: “Я ваш сталы слухач. Я за “бацьку” не галасаваў. БТ я не гляджу, у мяне на яго алергія”.
Спадарыня: “Добрай раніцы, “Свабода”! Колькі словаў пра расейскае цэнтральнае тэлебачаньне. Падрабязныя карцінкі галадаючай грузінскай апазыцыі, дзе лідэры яе артыстычна, гучна лезуць у расейскія тэлекамэры. Прыхаваны зласьліва-іранічны падтэкст пра гэта дыктаркі. Трохі лягчэй са сьвецкім іранічным падтэкстам пра выбары ў ЗША. Бум разводаў у Англіі. “А вось у Расеі…” І голас дыктара мяняецца. У нечым яны вельмі падобныя зь Беларускім тэлебачаньнем. Дзякуй. Усяго найлепшага”.
Сталы слухач: “Я зь вялікім задавальненьнем хачу адзначыць, што выбары ў Грузіі прайшлі справядліва. За Саакашвілі б і больш галасоў аддалі, але ён сваімі паводзінамі, калі зрабіў патасоўку зь нязгоднымі...”
Спадар: “Запалохваньне ЗША адносна высылкі іх амбасадара. А насамрэч Лукашэнка напярэдадні чарговых выбараў у Расеі яшчэ раз паліць масты між сабою і цывілізаваным сьветам, якіх і так не існуе”.
Спадар: “Скажыце, калі ласка, якой нацыянальнасьці наш любімы прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка? Калі глядзець па прозьвішчы, то ўкраінец. А чаму ён увесь час гаворыць па-расейску?..”
Адказвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Юры Беленькі:
“Незалежна ад таго, ці чалавек належыць да карэннай нацыі, ці не належыць, калі ён любіць мову, культуру, то ён атаясамлівае сябе з гэтым народам. Калі ж ставіцца безь любові да ўсяго комплексу дачыненьняў, якія складаюць нацыю, народ, то ён заслугоўвае і адпаведнае славы. Вось так і трэба падыходзіць”.
Працягваем выказваньнямі на розныя іншыя тэмы.
Валеры, Барысаў: “Я па “Свабодзе” слухаю тэму “У што я веру”, адгукаюся, хачу выказацца. Веру толькі ў сябе. Калі я быў спартоўцам, здаровым ды маладым, таксама чыноўнікам, былі сябры, іх было многа. А цяпер ад мяне, ад хворага, яны паціху адыходзяць”.
Васіль Сініцкі, Лельчыцкі р-н: “Паважанае Радыё Свабода! Мая ўнучка адпачывала летам 2007 году ў Нямеччыне. Нядаўна ёй патэлефанавалі сябры зь Нямеччыны і паведамілі, што на яе адрас выслалі дзьве пасылкі да калядных і навагодніх сьвятаў. Я патэлефанаваў у арганізацыю, якая займаецца гэтай справай. Мне адказалі, што пасылкі ўжо месяц ляжаць у склепе. Аднак выдаць яны ня могуць, бо няма загаду зь нейкага дэпартамэнту. Лічу гэта зьдзекам нашай улады зь дзяцей-сіротаў і грубым парушэньнем іх правоў у Год Дзіцяці”.
Ліна Васалкова: “Віншуем з Божым Нараджэньнем і Новым годам усіх супрацоўнікаў “Народнай Волі”, “Нашай Нівы”, іншых незалежных газэт, калі яны яшчэ існуюць, калектыў Радыё Свабода, таксама нашу непаўторную патрыётку, старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу, вялікага беларуса, вымушанага эмігранта Зянона Пазьняка і іх сем’і, усіх беларусаў, што апынуліся за мяжой з-за сталінскіх і лукашэнкаўскіх рэжымаў! Віншуем нашу будучыню, няскораную, непахісную, адданую справе служэньня Радзіме моладзь, гонар беларускай культуры і літаратуры Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, Вольгу Іпатаву, Віктара Скарабагатава, Зінаіду Бандарэнку, Уладзімера Някляева, Сяргея Законьнікава, Валерыя Мазынскага і іх сем’і, нязломнага змагара за гонар беларусаў, за праўду Барыса Хамайду і яго землякоў, віцебскіх паплечнікаў, Мірона, аршанскую паэтку вялікай дабрыні спадарыню Яўгенію Казлову і ўсіх яе сяброў-аднадумцаў. Таксама віншуем мужных удзельнікаў апазыцыйных акцыяў, тых, хто, перасіліўшы страх, стаяў на плошчы Каліноўскага, былых і цяперашніх палітвязьняў і іх сем’і! Ад імя былой дэмакратычнай вэтэранскай арганізацыі, якую ўзначальваў незабыўны Артур Вольскі, — Ліна Васалкова, Вольга і Іван Забаўскія. Жыве Беларусь! Усяго вам найлепшага!”
XS
SM
MD
LG