Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зноў судзяць спэцыялістаў-кардыёлягаў


Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску пачнуць апытваць сьведак у справе вядомага кардыяхірурга А.Шкета і прадпрымальніка І.Васюкевіча.


Паводле сьледзтва, падсудныя выманьвалі з хворых на сэрца грошы за апэрацыі і апэрацыйныя матэрыялы.

Новая справа кардыяхірургаў ужо прыцягнула ўвагу грамадзкасьці і журналістаў, якія штодня запаўняюць залю Маскоўскага раённага суду. На лаве падсудных – вядомы кардыяхірург Аляксандр Шкет і намесьнік дырэктара сумеснага прадпрыемства “Мультымэдыцын” Ігар Васюкевіч, якога журналісты ведаюць яшчэ па першым працэсе над адмыслоўцамі цэнтру “Кардыялёгія”. Трэці з падазраваных у гэтай справе – Барыс Вайтман – памёр падчас сьледзтва. У кулюарах суду кажуць: у чалавека ня вытрымала сэрца пасьля арышту і несправядлівых абвінавачаньняў.

Тры гады таму ў тым жа Маскоўскім судзе Менску на лаве падсудных таксама аказаліся вядомыя хірургі цэнтру “Кардыялёгія” Ўладзімер Макееў і Аляксандр Туміловіч. У выніку лекараў асудзілі за выманьваньне грошай з пацыентаў да трох гадоў “хіміі”. Цяпер такія ж абвінавачаньні вылучаныя Аляксандру Шкету і Ігару Васюкевічу, які ўжо адсядзеў болей за год па першай справе.

Журналістка Марыя Эйсмант назірала за мінулым працэсам і кажа пра люстэркавае падабенства дзьвюх спраў. Зноў абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны і спасылаюцца на непарадак у забесьпячэньні цэнтру “Кардыялёгія” лекамі і матэрыяламі:

“Вось што я чула з паказаньняў, якія дае Аляксандр Шкет. Паводле яго, з 200-га году па 2003-і ў клініцы не было парадку, адказных не было. Калі пампэзна быў адкрыты гэты цэнтар – сам Аляксандр Лукашэнка яго адкрываў – былі спадзяваньні, што павялічацца апэрацыі на сэрцы. І вось Шкет прыводзіць такі факт: з балянсу 4-й клінікі былі зьнятыя расходныя матэрыялы, але яны нават не патрапілі на балянс новага цэнтру. Іх выкарыстоўвалі, але гэта не пазначалі. Хіба ў гэтым вінаваты хірург?”

Учора Аляксандр Шкет даваў паказаньні, сёньня будуць выступаць сьведкі з боку абвінавачаньня.

Пакуль запісаць іх камэнтары не ўдалося. Сьведкі адмовіліся сказаць нават слова журналісту, ня тое што выказацца перад дыктафонам.

У новай крымінальнай справе болей за 20 тамоў. Назіральнікі мяркуюць, што справа працягнецца болей за месяц.
XS
SM
MD
LG