Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Бандарэнка: “Калі БЕЛСАТУ спатрэбіцца – дапамагу”


Belarus - Bandarenka Zinaida, 07Jan2008

Belarus - Bandarenka Zinaida, 07Jan2008

Грамадзкі рэдактар тыдня – народная артыстка Беларусі, сябра Рады беларускай інтэлігенцыі Зінаіда Бандарэнка.


Уліцёнак: “Спадарыня Зінаіда, вы сябра Рады беларускай інтэлігенцыі. Хто ўваходзіць у гэтую структуру, як вам працуецца?”

Бандарэнка: “Маімі паплечнікамі там – вельмі знакамітыя і паважаныя людзі краіны. Вось толькі некалькі прозьвішчаў: навукоўцы акадэмік Радзім Гарэцкі й Іван Нікітчанка, пісьменьнікі Вольга Іпатава й Алесь Петрашкевіч, прафэсар музыкі Віктар Скарабагатаў, старшыня Рады – Уладзімер Колас.

Мы разглядаем самыя актуальныя й балючыя на сёньня пытаньні. Не аднойчы зьвярталіся да ўладаў з патрабаваньнямі спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзкіх арганізацыяў, недзяржаўнай прэсы, вядомых дзеячаў і шараговых грамадзянаў”.

Уліцёнак: “Днямі на высокім дзяржаўным узроўні адзначаўся ўнёсак беларускай інтэлігенцыі ў духоўнае жыцьцё…”

Бандарэнка: “У тым накірунку, які абралі ў сваёй працы некаторыя зь ляўрэатаў, няма насамрэч духоўнага адраджэньня...

На жаль, беларуская інтэлігенцыя, як і ўсё наша грамадзтва, падзеленае на аблашчаных уладай і тых, каму нічога не дазваляюць.

Вось прыклад. Летась сябры паэта Генадзя Бураўкіна вырашылі правесьці творчую вечарыну ў Палацы мастацтваў. І раптам аб’ява: у залі будзе праводзіцца электрапрафіляктычны рамонт. Мы ў адказ: правядзём канцэрт на прыступках лесьвіцы параднага ўваходу! Тады толькі дазволілі. А вядомым сьпевакам, мякка кажучы, не параілі прыходзіць на гэты канцэрт. Нам артысты перадалі свае дыскі. Я аб’яўляла, запускалася музыка, і ўся канцэртная заля сьпявала – уяўляеце? Такога Палац Рэспублікі ня бачыў”.

Уліцёнак: “Гэтымі ж самымі днямі з дапамогай зноў жа творчай інтэлігенцыі стартаваў тэлевізійны праект “Белсат” – сучасная інфармацыйная альтэрнатыва дзяржаўнаму тэлебачаньню. Вы глядзелі нешта?”

Бандарэнка: “Самы першы дзень. Уражаньне? Варта глядзець ужо з-за альтэрнатыўных выказваньняў. Вельмі прыемна таксама, што трансьляцыя ідзе выключна па-беларуску. Хочацца падзякаваць сваім суседзям палякам, што яны ўзяліся і паднялі такую цяжкую працу!”

Уліцёнак: “Але ж з дапамогай беларускіх журналістаў. Беларускіх дзеячаў мастацтва!”

Бандарэнка: “Так, там працуюць менавіта беларусы для беларусаў”.

Уліцёнак: “Гіпатэтычна: ці не маглі б вы асабіста падставіць плячо новаму праекту?”

Бандарэнка: “Калі спатрэбіцца, то падстаўлю”.
XS
SM
MD
LG