Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля польскай амбасады — зноў чэргі


Колькасьць людзей, якія зьвяртаюцца ў польскую амбасаду па візы, фактычна ня зьменшылася пасьля ўваходу Польшчы ў Шэнгенскую зону. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў першы сакратар польскай амбасады Томаш Казноўскі. Сёньня наша карэспандэнтка зьезьдзіла да літоўскай і польскай амбасадаў.


“Усё стала больш інтэлігентна”


Ля літоўскай амбасады — невялікі рамонт. Будаўнікі ставяць паветку для наведнікаў консульскага аддзелу. Людзей адносна няшмат — група студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які базуецца ў Вільні. Некаторыя людзі падыходзяць да спэцыяльнага акенца па кансультацыю. Супрацоўніца страхавой кампаніі адзначае шэраг зьменаў пасьля ўваходу Літвы ў Шэнген.

“Усё стала больш інтэлігентна, больш прыемна. Толькі віза каштуе 60 эўра. А была шматразовая 25 эўра і аднаразовая — 5 эўра”.

Карэспандэнтка: “Раней тут чэргі вялікія стаялі. А цяпер бываюць?”

Страхавая агентка: “Не, такіх не было. Калі будзе паслабленьне, што да цаны, то тады, можа, будзе болей народу. А для нас, страхавых агентаў, — гэта мала людзей”.

Людзі, якія прыйшлі сёньня ў літоўскую амбасаду па візы, па-рознаму ацэньваюць зьмены ў амбасадзе пасьля далучэньня да Шэнгену.

Спадар: “У мяне брат пахаваны ў Літве. Паводле гэтай даведкі я раней афармляў візу без праблемаў. Цяпер патрабуюцца фінансавыя гарантыі... Крыху складаней стала”.

Карэспандэнтка: “А трапіць у амбасаду складаней стала? Чэргаў няма?”

Спадар: “Я б не сказаў. Ёсьць чэргі”.

Спадар: “Лепей стала. Няма народу, вось што галоўнае. Добра, бо стала даражэй. Менш людзей — будзе вальнейшы праезд”.

“Кожны дзень трэба прыходзіць на пераклічку”


Ля консульскага аддзелу польскай амбасады па-ранейшаму чэргі. Польшча пасьля ўваходу ў Шэнген захавала і нацыянальныя візы, якія каштуюць таньней за шэнгенскія — 35 эўра.

Каб трапіць у консульскі аддзел, трэба запісвацца ў адмысловыя сьпісы. У чарзе можна прастаяць некалькі дзён.

Спадар: “Як было, так і засталося. Толькі што сёньня другую чаргу зрабілі для службовых візаў. Крыху хутчэй прайшлі. Летась улетку я стаяў 1250-ты, а цяпер быў 340-ы. Дык гэта ад 3 студзеня”.

Спадарыня: “Паглядзіце, колькі людзей. Я сама полька. Сын жыве ў Варшаве. Я трэці дзень сюды прыходжу і не магу трапіць. Мне далі нумар тэлефона. Я званю, а там аўтаадказьнік. Я, напрыклад, 1217-я ў сьпісе”.

Спадарыня: “Вельмі дрэнна стала, бо ня ведаеш, якія дакумэнты трэба зьбіраць, каб адкрыць гэтую візу. Стаіш кожны дзень у гэтых чэргах. І кожны раз вяртаюць, паколькі няма нейкага дакумэнта. Атрымаць талковую кансультацыю таксама немагчыма”.

Карэспандэнтка: “А колькі вы ўжо ў чарзе?”

Спадарыня: “Тыдзень. І кожны дзень трэба прыходзіць на пераклічку адзначацца”.


“Багата людзей прыходзяць па візы, але шмат хто ня мае ўсіх неабходных дакумэнтаў”

Першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Томаш Казноўскі адзначыў для Радыё Свабода, што пасьля ўваходу ў Шэнген колькасьць людзей, якія зьвяртаюцца па візы, фактычна ня зьменшылася.

“Той жа самы ўзровень у параўнаньні са сьнежнем ці лістападам”.

Карэспандэнтка: “Выглядае, што людзей кошты не палохаюць...”

Казноўскі: “Нас гэта таксама крыху зьдзіўляе, што захаваўся той жа самы ўзровень зваротаў па візы ў Польшчу ці шэнгенскую зону”.

Карэспандэнтка: “У чэргах стаіць даволі шмат людзей. Можа, консульства нешта робіць, каб чэргі зьменшыліся?”

Казноўскі: “Мы ўвялі новую працэдуру, але яна не такая лёгкая, як была раней, да 21 сьнежня. Багата людзей прыходзяць па візы, але шмат хто ня мае ўсіх неабходных дакумэнтаў. Яны заходзяць, выходзяць і ствараецца такі натоўп. Так атрымліваецца, што мы ня можам усім даць візы так хутка, як яны хочуць. Працэдура стала даўжэйшай. Але мы спадзяемся, што гэта ня будзе мець ніякага дрэннага ўплыву на ўзаемадачыненьні паміж палякамі і беларусамі”.

***

Былыя кіраўнікі Чэхіі і Польшчы Вацлаў Гавэл, Лех Валэнса і Аляксандар Квасьнеўскі заклікалі зьменшыць цану шэнгенскай візы для грамадзянаў Беларусі з 60 да 35 эўра. У польска-чэскім звароце гаворыцца, што свабода перасячэньня мяжы дапаможа беларусам у дэмакратызацыі краіны. Палітыкі зазначылі, што на пачатку 90-х гадоў палёгкі ў перасячэньні межаў дапамаглі Польшчы, Чэхіі й Вугоршчыне правесьці станоўчыя перамены, паведамляе Польскае радыё для замежжа.

21 сьнежня ў шэнгенскую зону ўвайшлі дзевяць краінаў Эўразьвязу, у тым ліку суседнія зь Беларусьсю Латвія, Літва і Польшча. Гэта прывяло да павелічэньня кошту візаў для беларусаў у гэтыя краіны да 60 эўра і ўскладніла парадак іх атрыманьня.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG