Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура адмовілася бараніць Зьмітра Хведарука


Зьмітру Хведаруку прыйшоў адказ з пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску на ягоную заяву па факце зьбіцьця 12 сьнежня.



Нагадаем: Зьміцер удзельнічаў у акцыі “За незалежнасьць”, прымеркаванай да візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Спэцназаўцы падчас разгону акцыі зьбілі яго так, што ён трапіў у шпіталь.

Зьміцер Хведарук атрымаў адказ пракуратуры, у якім паведамляецца, што крымінальную справу супраць спэцназаўцаў, якія яго зьбілі падчас разгону акцыі, распачынаць ня будуць.

Нагадаем: “хуткая” прывезла Зьмітра Хведарука ў 9 клінічны шпіталь у непрытомным стане. Мэдыкі зафіксавалі пабоі, чэрапна-мазгавую траўму і страсеньне мозгу. Маці Зьмітра некалькі разоў тэлефанавала ў міліцыю і патрабавала, каб да Зьмітра прыехалі сьледчыя. Уначы яна адвезла ў міліцыю заяву з просьбай правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць вінаватых у зьбіцьці да крымінальнай адказнасьці.

Сьледчы прыехаў толькі раніцай і ўзяў паказаньні Хведарука, які на той час ужо мог размаўляць. Некалькі дзён Зьмітра трымалі ў шпіталі, а потым перавялі на хатні рэжым лекаваньня. Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў разгон мірнай дэманстрацыі і жорсткае зьбіцьцё Зьмітра Хведарука і яшчэ некалькіх удзельнікаў акцыі.

Пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу. Прапанову зьвяртацца ў міліцыю Цэнтральнага раёну, калі сытуацыя паўторыцца, Зьміцер палічыў зьдзекам.

Павал Севярынец лічыць, што гэты выпадак — прыклад палітычна матываванага рашэньня.

“Беззаконьне, таму што ў наяўнасьці быў і факт зьбіцьця, і мэдыцынскі дыягназ, і шматлікія сьведкі, якія ўсё гэта пацьвярджалі. А Цэнтральны райаддзел не знайшоў падставаў распачынаць крымінальную справу. Возьмем выпадак з міліцыянтам Сушчэнем, які сьцьвярджаў, што паваліўся ў прысутнасьці Канстанціна Лукашова і Вячаслава Сіўчыка. Была распачата крымінальная справа, Кастуся трымалі некалькі месяцаў у ізалятары. Ледзь не пасадзілі. А тут мора сьведак, усе ведалі, паўсьвету бачыла, заявы Дзярждэпартамэнту нават ёсьць. Нават калі параўнаць — у Хведарука страсеньне мозгу, болевы шок, шматлікія ўшыбы, а ў Сушчэні абсалютна нічога”.

Нягледзячы на тое, што Канстанціна Лукашова пакаралі ўмоўна, днямі яго выклікалі ў пракуратуру, каб ён падпісаў паперу аб тым, што на яго не распаўсюджваецца амністыя і ён фактычна ня можа пакідаць межы краіны.

Зьміцер Хведарук зьбіраецца абскарджваць рашэньне пракуратуры і будзе дамагацца, каб сьледзтва было праведзенае і злачынцаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

“Я буду далей абскарджваць рашэньне пракуратуры. Буду дамагацца, каб тых людзей, якія мяне зьбілі, прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG