Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра індывідуальныя прадпрымальнікі і найманыя асобы зьбіраюцца выйсьці на Кастрычніцкую плошчу а 12 гадзіне.

Інфармацыя пра акцыю пратэсту распаўсюджваецца праз інтэрнэт. Да прыкладу, на сайце праваабарончага руху прадпрымальнікаў “Наша Беларусь” (ourbelarus.org) разьмешчаны банэр: “10 студзеня – мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску”. Адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Цацура заклікаў забясьпечыць дастаўку найманых работнікаў у Менск. Тут жа зьмешчаны зварот Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў да беларускага народу.
Сябра рады Алесь Макаеў заявіў:
“Я чакаю нашай салідарнасьці. Канстытуцыя на нашым баку. Канстытуцыю нельга парушаць. І трэба сказаць гаранту, што нельга парушаць гэты закон. Няхай гэта скажуць прадпрымальнікі. І будзем удзячны, калі беларускі народ таксама нас падтрымае. Трэба ўсім разам. Толькі навалам можна адваліць”.
Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў заявіў, што акцыя на плошчы адбудзецца:
“Усё застаецца ў сіле. Падрыхтоўка ідзе ў кожнага ў сэрцы і ў галаве. Ёсьць праблема, і яе трэба вырашаць. Пра гэтую праблему заяўляюць тысячы людзей. Мы проста кажам уладам: давайце сядзем за стол перамоваў. І цывілізаваным шляхам вырашым праблему. Пакуль нічога не вырашаецца. Трэба, каб на нас зноў зьвярнулі ўвагу”.
Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч, між тым, заявіў, што прэзыдэнцкі ўказ № 760 не адмяняецца:
“Пакуль адназначна: адміністрацыя, урад кажа, што стратэгічны шлях абраны. Мы гэтым шляхам пойдзем. Усё астатняе — у рамках перамоўнага працэсу. Выпрацоўваецца стратэгія дзяржавы, якая яшчэ ў 2005 годзе была агучана прэзыдэнтам у Малінаўцы. Мы хочам стварыць празрысты бізнэс, адыйсьці ад шэрых схемаў, якіх, паводле некаторых ацэнках, да 40%.
У нас прыбытак, зароблены прадпрымальнікам, ідзе куды? Яму ў кішэню.
А ўсе зборы, мітынгі — усё адпаведна закону”.
Прэсавы сакратар гарадзкой управы ўнутраных справаў Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі выклаў афіцыйную пазыцыю:
“З афіцыйнай заяўкай на правядзеньне гэтага мерапрыемства ў Менгарвыканкам ніхто не зьвяртаўся. Таму міліцыя будзе дзейнічаць згодна з законам, сыходзячы з абставінаў. А да асобаў, якія будуць парушаць заканадаўства, правапарадак, будуць прымацца адпаведныя меры”.
Прадпрымальнікі зьвярталіся да ўладаў з просьбай дазволіць мітынг на Кастрычніцкай плошчы 10 сьнежня. Улады адмовілі. Аднак сотні прадпрымальнікаў усё ж выйшлі на плошчу. Нагадаю, заяўнікі акцыі былі арыштаваныя. Каардынатар кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алесь Таўстыка сказаў:
“10-га прадпрымальнікі выйдуць на плошчу з тымі ж самымі патрабаваньнямі, бо ніводнае з патрабаваньняў той рэзалюцыі, якая была перададзена ў Палату прадстаўнікоў спадару Паўловічу, ня выканана. Гэта адмена ўказу № 760. А таксама палітычныя патрабаваньні — 12 прапановаў Эўразьвязу для Беларусі, адсутнасьць перасьледу прадпрымальніцкіх лідэраў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG