Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зьбіцьці Хведарука пракуратура злачынства ня бачыць


Актывісту апазыцыі Дзьмітрыю Хведаруку адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы па факце ягонага зьбіцьця супрацоўнікамі міліцыі.


Як паведамляе БелаПАН, Хведарук накіроўваў заяву аб зьбіцьці ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска 13 сьнежня. Ён пацярпеў падчас сутыкненьня міліцыі з удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў абарону беларускага сувэрэнітэту, якая прайшла ўвечары 12 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Акцыя была прымеркаваная да візыту ў Мінск прэзыдэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Урачы зафіксавалі ў Федарука страсеньне мазгоў сярэдняй цяжкасьці.

"У распачынаньні крымінальнай справы па факце атрыманых вамі цялесных пашкоджаньняў адмоўлена", — гаворыцца ў адказе.

"Гэта звычайная адпіска. Ні прычыны адмовы, ні нейкай дадатковай інфармацыі ў лісьце не ўтрымліваецца. Самае цікавае, што мне і некаторым сьведкам здарэньня ўжо тэлефанавалі з Цэнтральнага РУУС і запрашалі "пагутарыць". Але ні тэмы, ні прадмету гэтых гутарак я не ведаю", — сказаў Д.Хведарук.

"Мы з маім адвакатам будзем падаваць чарговую скаргу. Я разумею, што ўсе нашы спробы прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі, якія мяне зьбілі, хутчэй за ўсё, выніку не дадуць. Але я лічу патрэбным прыкласьці максымум намаганьняў для таго, каб прыцягнуць злачынцаў да адказнасьці. Магчыма, страх быць прыцягнутым да адказнасьці неяк паўплывае на іншых супрацоўнікаў палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня", — лічыць Хведарук.
XS
SM
MD
LG