Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачатак пераходу да рынкавых дачыненьняў з Расеяй пацягнуў за сабой зьмены ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы беларускіх уладаў. Ці адэкватныя яны маштабу вонкавых выклікаў? Як ацаніць скасаваньне большасьці сацыяльных льготаў? Чым патлумачыць зьмену стаўленьня да замежнага капіталу? Удзельнікі: эканамісты Барыс Жаліба і Леанід Злотнікаў.


Вымушаныя зьмены

Валер Карбалевіч: “Беларуская сацыяльная мадэль даволі арганічная. Усе яе элемэнты — эканамічная сыстэма, сацыяльная палітыка, палітычная сыстэма, замежная палітыка — жорстка зьвязаныя, дапаўняюць і страхуюць адзін аднаго. Лукашэнка ўжо колькі гадоў старанна выбудоўваў яе, падганяў цагліну за цаглінай, у выніку атрымалася даволі ладнае збудаваньне. Улады гэта добра разумеюць і лічаць, што варта выняць адзін элемэнт, адну цагліну — і ўся піраміда можа паваліцца. Гэта дае падставу шмат якім экспэртам сьцьвярджаць, што беларуская мадэль не паддатная на рэформы, ня здольная да зьменаў.

Але падзеі гэтага году паказваюць, што пад узьдзеяньнем жорсткіх абставінаў наяўная сыстэма можа выявіцца гнуткай і здатнай рэагаваць на вонкавыя выклікі, адаптавацца да іх. Ці згодныя вы з такой высновай?”

Барыс Жаліба: “Рэзкіх зьменаў у сацыяльна-эканамічным становішчы краіны не адбылося. Па інэрцыі растуць валавы ўнутраны прадукт (ВУП), заробкі, пэнсіі.

Але, зь іншага боку, існуюць сур’ёзныя праблемы. Пагоршылася сытуацыя з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Невядома, ці захаваюцца яны як сацыяльны слой. Не палепшыўся стан сярэдняга і дробнага бізнэсу.

Вырасла вонкавая запазычанасьць Беларусі. Расейскі крэдыт памерам 1,5 мільярда даляраў важны для краіны. Ён робіць фінансавае становішча краіны больш надзейным”.


Леанід Злотнікаў
: “Падтрымка дасягнутага ўзроўню заробкаў і сацыяльных трансфэртаў рабілася за кошт вонкавых пазыкаў. Бо сваіх сродкаў для гэтага не было. Наша эканоміка выявілася неканкурэнтаздольнай. Эканамічны рост наступнымі гадамі можа спыніцца. Таму ўрад вымушаны трансфармаваць сацыяльную палітыку, рабіць крокі насустрач бізнэсу, адчыняць дзьверы перад замежным капіталам і інш.”

Як ацаніць адмену большасьці сацыяльных ільготаў?

Карбалевіч: “Адной са “сьвятых кароваў” беларускай мадэлі была ідэя “сацыяльнай дзяржавы”, сацыяльная арыентаванасьць эканамічнай палітыкі. Лукашэнка неаднаразова хваліўся гэтым і казаў, што мы, у адрозьненьне ад іншых посткамуністычных краінаў, у прыватнасьці ад Расеі і Ўкраіны, ня кінулі народ у “дзікі рынак”, абаранілі людзей, дзяржава захавала сацыяльную сфэру, якая засталася ад савецкіх часоў.

І вось у 2007 годзе па гэтай ідэалягічнай канцэпцыі наносіцца моцны ўдар. Большасьць сацыяльных льготаў касуецца. Замест іх манэтызацыі, як у Расеі, уводзіцца адрасная сацыяльная дапамога самым бедным. Больш таго, Лукашэнка паабяцаў значна скараціць дзяржаўныя субсыдыі дзяржпрадпрыемствам, калгасам. Як можна гэта пракамэнтаваць?”

Жаліба: “Льготы — гэта перажытак сацыялізму, іх існаваньне не адпавядае правілам рынкавай эканомікі. Аднак рэзкае скасаваньне большасьці льготаў я лічу непрадуманым крокам. Трэба было рабіць гэта паступова. Не такі ўжо дрэнны стан эканомікі. Тым больш, што мы атрымалі вялікі расейскі крэдыт. Трэба было, як у Расеі, выплаціць людзям грашовыя кампэнсацыі за скасаваньне льготаў”.

Злотнікаў: “А я стаўлюся да гэтага кроку пазытыўна. Бо льготы атрымоўвалі больш багатыя, чым бедныя. Толькі па дзьвюх пазыцыях — льготы на харчаваньне і дапамога сем’ям па аплаце дзіцячых садкоў — бедныя атрымлівалі больш. А, напрыклад, льготай на аплату пуцёвак у дамы адпачынку карыстаўся толькі 1% грамадзян, і гэта найбольш багатыя слаі насельніцтва.

Я б не сказаў, што ў нас сыстэма сацыяльнай дапамогі разбураная. Прэзыдэнцкі ўказ аб адраснай сацыяльнай дапамозе арыентаваны на дапамогу самым бедным”.

Карбалевіч: Сапраўды, адмена сацыяльных льготаў — гэта рынкавы крок. Але праблема ў тым, што рынкавыя рэформы пачынаюцца не з пераўтварэньняў у эканоміцы, а з сацыяльнай сфэры. Можа, трэба было б наадварот”.

Чым патлумачыць зьмену стаўленьня да замежнага капіталу?

Карбалевіч: “Дасюль стаўленьне да замежных інвэстыцый было дваістае. З аднаго боку, да міністэрстваў, банкаў, прадпрыемстваў даводзілі пляны прыцягненьня грошай з-за мяжы. А зь іншага боку, з вуснаў кіраўніка дзяржавы гучалі заявы, што замежныя інвэстыцыі нам ня надта і патрэбныя. Лукашэнка ганарыўся, што Беларусь, у адрозьненьне ад іншых краінаў, не набрала замежных пазыкаў, ня трапіла ў залежнасьць ад іншых краінаў. Заканадаўства не спрыяла замежным інвэстыцыям, былі ліквідаваныя льготы для замежнага капіталу.

Гэтым годам сытуацыя памянялася. Дзьверы перад замежным капіталам прачыніліся значна шырэй. Адбыўся рэзкі рост аб’ёму замежных крэдытаў. Пачалася прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў з удзелам замежных кампаніяў. Можна ўзгадаць продаж дзяржаўнага пакету акцыяў “Белтрансгазу”, завода “Мотовело”, СП “Velcom”, двух банкаў, праекты з удзелам аўстрыйскага, расейскага, кітайскага капіталу і інш. Чым вы патлумачыце гэта?”

Жаліба: “У 2007 годзе наша агульная вонкавая запазычанасьць расла хуткімі тэмпамі. Яна дасягнула 11 мільярдаў даляраў і 20% унутранага валавога прадукту. Улічваючы якасьць нашай эканомікі, гэта небясьпечная рыса.

Кепска тое, што большая частка гэтай запазычанасьці — гэта кароткатэрміновыя крэдыты. А нам патрэбныя прамыя інвэстыцыі ў рэальны сэктар. Але гэты паказчык складае менш за 1% ВУП.

Невядома, куды пойдзе расейскі крэдыт. Калі яго выкарыстаюць у якасьці капіталаўкладаньняў, то добра. Але, магчыма, ён пойдзе на кампэнсацыю дэфіцыту бюджэту наступным годам.

Добра, што пачаліся зрухі ў прыватызацыі. Вось аўстрыйцы выратавалі завод “Мотовело”, бо прыйшлі як стратэгічны інвэстар. Важна, каб прыватызацыя адбывалася празрыста, на конкурснай аснове”.

Злотнікаў: “Найперш адзначу, што ў 2007 годзе, у параўнаньні з папярэднім годам, тэмпы росту інвэстыцыяў у беларускую эканоміку зьнізіліся ўдвая. Далёка ня ўсе замежныя крэдыты, якія бяруцца цяпер у вялікай колькасьці, ідуць на мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Пераважна яны праядаюцца, ідуць на заробкі, падтрымліваюць існаваньне нежыцьцяздольных прадпрыемстваў. Грошы, атрыманыя ад продажу акцыяў кампаніяў “Белтрансгаз” і “Velcom”, ідуць на папаўненьне рэзэрвовага фонду Нацыянальнага банку”.

70% замежных крэдытаў — кароткатэрміновыя. За першыя 10 месяцаў 2007 году было ўзята 3 мільярды даляраў крэдытаў. А ў 2008 годзе трэба будзе аддаць 2 мільярды. І каб іх вярнуць, давядзецца ўзяць новыя крэдыты”.

Жаліба: “Замежныя інвэстары, прымаючы рашэньне аб інвэстыцыях у беларускую эканоміку, зьвяртаюць увагу на стаўленьне ўраду да нацыянальнага бізнэсу. А гэтае стаўленьне да дробнага і сярэдняга бізнэсу ня вельмі добрае. Паказальны ў гэтым сэнсе канфлікт з прыватнымі прадпрымальнікамі. Нельга так ламаць людзей праз калена. Таму дэклярацыі пра стварэньне спрыяльных умоваў для замежнага капіталу і рэальныя дзеяньні ўладаў не супадаюць”.

Карбалевіч: “Такім чынам, хоць у эканамічнай палітыцы і адбываюцца пэўныя зьмены, але працэс трансфармацыі беларускай мадэлі пакуль не пачаўся”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG