Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Настаўнікі проста пабягуць са школы”


З 26 студзеня пачнуць дзейнічаць папраўкі ў Працоўны кодэкс, згодна зь якімі магчымасьцяў адпачываць у многіх беларусаў стане меней.

У шмат якіх катэгорыяў грамадзянаў адпачынкі стануць значна карацейшыя. Істотныя зьмены напаткаюць найперш настаўнікаў, выхавацеляў дзіцячых садкоў, мэдыкаў.
Асноўны адпачынак у бальшыні беларусаў будзе 24 працоўныя дні. Раней настаўнікі і выхавацелі дзіцячых садкоў адпачывалі ад 36 да 48 працоўных дзён. Паводле артыкула 155 Працоўнага кодэксу, падоўжаныя адпачынкі для некаторых катэгорый павінны быць прадугледжаныя пастановай ураду па ўзгадненьні з прэзыдэнтам. Але абяцанай пастановы дагэтуль няма, хоць у Працоўным кодэксе ёсьць так званая адсылачная норма, кажа юрыст Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова:
“І на дадзены момант у многіх школах настаўнікам прапануюць падпісаць кантракт, дзе прадугледжаны адпачынак 24 працоўныя дні. На сёньняшні дзень вядома, што ў работнікаў дзіцячых дашкольных установаў дакладна адпачынак будзе 24 дні. Пра настаўнікаў яшчэ ідзе дыскусія. Але фактычна ёсьць ведамаснае ўказаньне гэтыя кантракты зьмяняць”.
Настаўніца адной зь менскіх школ спадарыня Тацяна распавяла:
“Мы ўжо падпісалі такія паведамленьні, што мінімальны адпачынак паводле заканадаўства будзе 24 працоўныя дні. Мы расьпісаліся, што з гэтым азнаёмленыя. Хоць адна мая калега зь іншай школы распавядала, што іх прымусілі напісаць “азнаёмленыя і згодныя”.
Як прызнаюцца многія настаўнікі і супрацоўнікі дзіцячых садкоў, у дзіцячых установах, дзе заробкі ня надта высокія, а праца цяжкая, іх трымаюць менавіта працяглыя адпачынкі, якія звычайна прыпадаюць на лета. А зараз, кажа настаўніца Тацяна...
“Наўрад ці моладзь пойдзе працаваць у школу. Гэта была адзіная перавага — наш летні адпачынак. У нас ненармаваны працоўны дзень — могуць быць урокі з восьмай раніцы, потым дзьве-тры “форткі”, дзень разьбіты. Увечары трэба да ўрокаў рыхтавацца. У нашай школе шасьцідзёнка. Мы як бы кампэнсавалі летам перагрузкі свае. Зараз народ у шоку. Настаўнікі проста пабягуць са школы”.
Настаўнікі абураныя. Тым больш што летам у школе амаль няма чаго рабіць. Кажуць, што будуць перакладаць паперы зь месца на месца і імітаваць нейкую дзейнасьць. Эканоміі дзяржбюджэту таксама ня будзе: скарачэньне адпачынкаў, наадварот, прывядзе да павелічэньня выдаткаў. Бо так званых “адпускных” настаўнікі атрымліваюць менш, чым складае іх заробак, калі яны працуюць. Хоць скарачэньнем адпачынкаў людзі, натуральна, незадаволеныя, арганізоўваць акцыі пратэсту яны наўрад ці будуць, кажа настаўнік з Магілёўскай вобласьці Аляксандар:
“На мой погляд, настаўнікі чарговы раз прамаўчаць. На сёньняшні дзень настаўнікі і дактары — самыя безабаронныя людзі ў нашай краіне. Гэта людзі, якія могуць працаваць: настаўнік — практычна толькі ў школе, лекар — у шпіталі. І калі гэтых людзей выкідаюць з сыстэмы, у іх вельмі малыя шанцы рэалізавацца ў гэтым жыцьці. Таму настаўнікі, як бы іх ні ціснулі ў школе, будуць да апошняга трымацца і маўчаць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG