Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прадпрымальнікі незадаволеныя перарэгістрацыяй?


Бальшыня індывідуальных прадпрымальнікаў адмаўляецца рэгістравацца ў якасьці юрыдычных асобаў, чаго патрабуе прэзыдэнцкі ўказ.

Старшыня берасьцейскай суполкі рэспубліканскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі перакананы, што ніякай эканамічнай мэтазгоднасьці новая форма гаспадараньня ня мае:
“Дзяржава стварыла такія ўмовы, пры якіх няма ніякага сэнсу арганізоўваць прыватныя прадпрыемствы. Да прыкладу, калі прадпрымальнік мае адну маршрутку, ён штомесяц плаціць падаткаў на 850 тысяч рублёў. І забясьпечвае: сябе, сваіх дзяцей, свайго кіроўцу і сям’ю кіроўцы. На адну маршрутку цяпер трэба ўтрымліваць яшчэ аднаго лайдака — бухгальтара, які будзе пладзіць нікому не патрэбныя паперы. І плюс да ўсяго: утрымліваць офіс, плаціць нашмат большыя падаткі ды непазьбежныя ў такіх выпадках вялізныя штрафы. Які сэнс ад пачатку ўкладзены ў словазлучэньне “малы бізнэс?” На тое і “малы”, што 2—3 чалавекі могуць паўнавартасна працаваць”.
Эканаміст Сяргей Балыкін удакладняе: ня ўсе прадпрымальнікі аднолькава незадаволеныя. Хто займаецца аказаньнем паслугаў, не сутыкнецца з асаблівымі праблемамі, калі не лічыць больш складанага бухгальтарскага ўліку. Гэта ж тычыцца гандляроў беларускім ці імпартаваным таварам, які мае дакумэнтальнае суправаджэньне на ўсім шляху ад вытворцы да рэалізатара. Церпяць найперш тыя, каму давядзецца гандляваць за безнаяўны разьлік: набываць у банках валюту і пераводзіць яе, да прыкладу, у Расею:
“Абсалютная бальшыня індывідуальных прадпрымальнікаў гандлюе замежным адзеньнем, перадусім кітайскай і турэцкай вытворчасьці. Набываюць яны гэтыя рэчы на маскоўскіх рынках, а там ніякіх накладных, ніякіх папераў на такія тавары ніхто не дае”.
Карэспандэнт: “Адразу перапыню: бытавая тэхніка сюды падпадае таксама?”
“На бытавую тэхніку шмат пазыцый выключылі з пераліку тавараў, пры рэалізацыі якіх аплачваецца адзіны падатак. Хто стварыў юрасобы ці перайшоў на агульную сыстэму падаткаабкладаньня, гэта гандляры той жа бытавой тэхнікай, яны гандлююць. Але гандлююць “па-шэраму”: маюць паперы толькі на нейкую колькасьць тавару, а не на ўвесь”.
У перадапошні дзень мінулага году Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў прадпрымальнікаў у тым, што імпартаваныя тавары перашкаджаюць дзяржаўнаму сэктару, які ня можа канкураваць з замежнай прадукцыяй. І асабліва падкрэсьліў, што “іпэшнікі” наносяць шкоду лёгкай прамысловасьці. Дык ці насамрэч прадпрымальнікі небясьпечныя для дзяржавы? Колішні міністар эканомікі, а цяпер старшыня Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгі Бадзей называе такую пазыцыю “нецывілізаванай”:
“Усё адносна: яны могуць быць небясьпечнымі. Але трэба “ў галаву” ставіць іншае: чаго жадае народ? Так, можна перакрыць імпарт і прымусіць нашых людзей, каб яны набывалі беларускае, але ў шэрагу выпадкаў даражэйшае і горшае. Аднак няўжо такі дрэнны наш народ, каб яго прымушаць да такога? На праблему трэба паглядзець з двух бакоў. З аднаго боку — інтарэсы насельніцтва, а зь іншага – інтарэсы вытворцаў, інтарэсы прадпрыемстваў”.
Карэспандэнт: “А можна зьвязаць перавод прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы яшчэ і з праблемай абароны прадпрыемстваў?”
“Ну, якаясьці сувязь, канечне, ёсьць. Аднак наўпроставую залежнасьць тут прасачыць цяжка. Галоўнае ва ўсім тое, што ў любога народа павінна заставацца права выбару. Вось гэта самае важнае”.
Экспэрты адзначаюць: замест кітайскіх ды турэцкіх тавараў на беларускі рынак прыйдуць аналягі — перадусім з Расеі і краінаў СНД, зь якімі існуюць пагадненьні аб тым, каб не ўжываць захадаў тарыфнага ці нетарыфнага рэгуляваньня. То бок тавары не абкладаюцца мытам і да іх не стасуюцца квоты. Таму ў дадзеным выпадку хутчэй выйграе не беларускі, а той жа расейскі вытворца.
Дык якія мэты перасьледавалі ўлады, абвяшчаючы масавую мабілізацыю прыватнікаў у юрыдычны сэктар? Якім чынам плянавалася папоўніць дзяржаўную скарбонку? Як ні парадаксальна, мяркуе Сяргей Балыкін, ніякай матэрыяльнай выгады не пралічвалася ад самага пачатку:
“Насамрэч у заходніх краінах большасьць бізнэсаў юрыдычнымі асобамі і не зьяўляецца, а сыстэма падаткаабкладаньня ніяк не зьвязана з арганізацыйнай формай бізнэсу. Можна для індывідуальных прадпрымальнікаў зрабіць такія падаткі, як для юрыдычных асобаў; можна зрабіць, каб прадпрымальнікі плацілі болей, а юрасобы — меней. Можна зрабіць і так, каб юрыдычныя асобы плацілі адзіны падатак, адмовіўшыся ад бухгальтарскага ўліку. Усё вырашаецца праз нарматыўныя акты. Таму казаць, што такім чынам дзяржава хацела больш падаткаў зьняць, не выпадае. Бо гэта можна было зрабіць куды спакайней: проста ўсіх перавесьці на адзіную сыстэму падаткаабкладаньня. Таму ўсё, што робіцца цяпер, — гэта глупства і некампэтэнтнасьць нашых кіраўнікоў”.
Пераход індывідуальных прадпрымальнікаў у статус юрыдычных асобаў ажыцьцяўляецца на падставе ўказу № 760, які набыў моц пры канцы сьнежня 2006 году.
З амаль 200 тысяч беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў прыкладна 40 тысяч урэшце плянуюць перарэгістравацца ў юрыдычныя асобы. Такія зьвесткі падае Міністэрства эканомікі. Аднак у прызначаны тэрмін — да 10 лістапада 2007 году, калі абяцалі разглядаць дакумэнты на льготных умовах — адпаведныя заявы на стварэньне прыватных унітарных прадпрыемстваў падалі меней за 10 тысяч чалавек. Нежаданьне зьмяняць форму гаспадараньня прадпрымальнікі тлумачаць высокімі падаткамі і штрафнымі санкцыямі, якія стасуюцца да ўнітарных прадпрыемстваў. Апроч таго, людзей абурае: ад пачатку 2008 году дазволена наймаць ня больш за трох чалавек, прычым выключна зь ліку блізкіх сваякоў.
На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур адзначыў, што ў дадзеным выпадку дзяржава заклапочаная ня толькі інтарэсамі малога бізнэсу, але і ўсёй эканомікі краіны. Ён падкрэсьліў, што індывідуальныя прадпрымальнікі пераважна працуюць у гандлі, рэалізуючы імпартаваныя тавары і ствараючы тым самым канкурэнцыю айчыннай прамысловасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG