Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі Ярмошына не была на выбарах у Грузіі, я лічу іх нелегітымнымі”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 8 студзеня, аўторак.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


У Грузіі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Цэнтравыбаркам краіны паведамляе, што паводле папярэдніх зьвестак перамогу атрымаў Міхаіл Саакашвілі. Слухачы Свабоды працягваюць абмяркоўваць гэтую тэму:

Спадар: “Я ўвесь час захапляюся грузінскім народам. Яны ад нас, беларусаў, адрозьніваюцца тым, што ў іх нацыянальная сьвядомасьць на першым пляне. Яны нацыя, якая ў першую чаргу размаўляе на роднай мове. Яны згуртаваныя. У іх няма дзіцячых дамоў, як у нас. Таму нам трэба ў іх вучыцца і яшчэ раз вучыцца”.

Яцкевіч Аляксандар: “Я хачу сказаць, што калі Ярмошына не была на выбарах у Грузіі, я лічу іх нелегітымнымі”.

Далей слухач задае пытаньне, зьвязанае з тэмай адмены льготаў:

Спадар: “Адкажыце, калі ласка, на такое пытаньне. У Бібліі ёсьць такое выказваньне: ня сыпце пэрлы перад сьвіньнямі. Я гэта так разумею: пэрлы — гэта льготы, а вось каб ня сыпаць, гэтыя льготы адабралі. А народ, выходзіць, — гэта сьвіньні? Хай мне сьвятар падкажа, што гэта такое”.

Адказвае сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін:

“Словы, якія сказаў Ісус, — “ня кідайце пэрлы перад сьвіньнямі” — на маю думку, азначаюць, што ня варта звыш сіл пераконваць людзей, якія не жадаюць гэтых перакананьняў слухаць. Канечне ж, гэта ніяк ня тычыцца сытуацыі з ільготамі. А калі казаць пра Эвангельле, то, наадварот, Новы Запавет усяляк заахвочвае чалавека быць свабодным і станавіцца свабодным. Гэта ня ўлада — той, хто мае каштоўныя пэрлы, — раскідае льготы перад людзьмі. Гэта савецкае ўспрыманьне ўлады, якая нешта мае і павінна нешта даваць. Гэта чалавек мае правы і мае патрабаваньні да ўлады. Ён можа гэтыя патрабаваньні выказваць і выбіраць адпаведную ўладу”.

Далей яшчэ адно пытаньне:

Юры, Менск: “У мяне пытаньне: калі і хто з гісторыкаў прыдумаў міт пра адзіны расейскі народ?”

Адказвае гісторык Алег Трусаў:

“Упершыню гэты міт пра адзіную Русь узьнік у 15 стагодзьдзі. Прыдумаў яго манах Філафэй Пскоўскі. І сэнс быў такі, што Масква — трэці Рым, а чацьвёртаму не бываць. А вось апошняя савецкая фармулёўка прыдумана ў часы Сталіна. Пасьля вайны быў такі савецкі гісторык Грэкаў. І вось аформілася гэта ў 50-я гады, у апошнія гады жыцьця Сталіна”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG