Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя адмаўляецца ад дыялёгу


Кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі адмаўляецца ад дыялёгу з прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у справе правядзеньня сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў.


Пра гэта сьведчыць адказ, які сёньня атрымалі сустаршыні Палітрады АДС ад намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч. Апазыцыянэры прапаноўвалі правесьці непасрэдныя перамовы паміж адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі і Палітрадай Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, каб стварыць умовы для правядзеньня выбараў, легітымнасьць якіх ня будзе аспрэчвацца ні ў самой краіне, ні за яе межамі.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька кажа, што ў лісьце яны прапанавалі Адміністрацыі прэзыдэнта абмеркаваць два пытаньні: выбарчае заканадаўства і практыку яго ўжываньня. Яны лічаць, што гэта было б адначасова і вырашэньне пэўных праблемаў, і пачатак дыялёгу ўлады і апазыцыі.

Анатоль Лябедзька кажа: сутнасьць адказу намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі зьвялася да таго, што адміністрацыя не займаецца арганізацыяй і правядзеньнем выбарчай кампаніі.

“Гэта вельмі дзіўна, таму што кіраўнік дзяржавы зьяўляецца адным з суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы. І значная частка, калі не пераважная бальшыня таго, што ўносіцца ў Палату прадстаўнікоў, сыходзіць ад Лукашэнкі.

Але Пяткевіч кажа, што гэта ня іх справа, што яны не займаюцца правядзеньнем выбарчых кампаніяў. Але ж разам з тым яны выступаюць за тое, каб у Беларусі праходзілі вольныя, справядлівыя выбары”.

Мэтадоляг, аналітык Уладзімер Мацкевіч называе гэты адказ “фармальна-бюракратычнай адпіскай”:

“Так звычайна адпісваюцца чыноўнікі, якія фармальна чымсьці не займаюцца.

З другога боку, Адміністрацыя прэзыдэнта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году апынулася ў становішчы, калі ў іх няма супернікаў, няма ворагаў, зь якімі патрэбна было б лічыцца. Яна цалкам нясе адказнасьць за тое, што адбываецца ў краіне. І пакуль у іх не ўзьнікае неабходнасьці з кімсьці дзяліцца гэтай адказнасьцю. І таму такія паводзіны адміністрацыі цалкам
Звароты да ўладаў — гэта марнаваньне часу
прадказальныя”.

Спадар Мацкевіч лічыць, што падобныя звароты да ўладаў — гэта марнаваньне часу апазыцыянэрамі, паколькі рэакцыя на іх з боку ўладаў прадказальная:

“І ў гэтым сэнсе, канечне, замест таго, каб займацца нейкай фіктыўнай, дэманстратыўнай дзейнасьцю, аб’яднаныя ці разьяднаныя дэмакратычныя сілы сёньня павінны паклапаціцца аб тым, каб усё ж такі вярнуцца ў палітычную прастору краіны як сіла, якая хоць на штосьці ўплывае, зь якой трэба было б лічыцца. І ў гэтым першапачатковая справа і задача дэмакратычнай апазыцыі, а не выкананьне нейкіх фіктыўных, дэманстратыўных дзеяньняў кшталту вось гэтага ліста са зваротам для абмеркаваньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG