Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 4 студзеня.


З новага году ў Беларусі абвешчаны прадпрымальніцкі страйк. Што адбываецца цяпер на рынках? Як рэагуюць улады на пратэстны рух прадпрымальнікаў? Ці хопіць у прыватных прадпрымальнікаў баявога духу, каб працягваць змаганьне за свае правы?

Удзельнікі: каардынатар кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” па горадзе Менску Аляксандар Таўстыка і кіраўнік каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў горада Менску Аляксандар Макаеў.

Што адбываецца на рынках?

Валер Карбалевіч: “З 1 студзеня 2008 году ўступае ў дзеяньне прэзыдэнцкі ўказ № 760, паводле якога прыватныя прадпрымальнікі (ПП) ня маюць права мець найманых работнікаў, акрамя чальцоў уласнай сям’і. Прыватныя прадпрымальнікі працягваюць змаганьне. З новага году абвешчаны прадпрымальніцкі страйк. Але страйк нейкі своеасаблівы. Як кажуць лідэры прадпрымальніцкага руху, гэта страйк у форме часовага адпачынку зь нявыплатай падаткаў. Намесьнік міністра эканомікі Тур заявіў, што гэта ніякі ня страйк, бо пасьля навагодняга сьвята ў гандлі на рынку наступае “мёртвы сэзон”, таму прадпрымальнікі проста адпачываюць. Дык што адбываецца цяпер на рынках?”

Аляксандар Таўстыка: “Праводзіцца страйк да 15 студзеня. Вось толькі што аб’яжджаў некалькі рынкаў. Працуе 1% гандлёвых пунктаў. Таксама не працуе большасьць прадпрымальнікаў у Маладэчне, Барысаве, Вілейцы. У Магілёве ПП выйшлі на плошчу. Пасьля 15 студзеня ў залежнасьці ад рэакцыі ўладаў і саміх прадпрымальнікаў будзем думаць, што рабіць далей”.

Аляксандар Макаеў: “Адбываецца страйк, які юрыдычна мы афармляем як адпачынак. Паводле прэзыдэнцкага ўказу ПП маюць права на адпачынак да 30 дзён адзін раз на год. У выпадку страйку адміністрацыя рынкаў можа пазбавіць прадпрымальнікаў гандлёвага месца. А вось калі ПП ідуць у адпачынак, то зрабіць гэта адміністрацыя ня мае права.

Прэзыдэнцкі ўказ № 760 — гэта жорсткі ўдар па ПП. Вось я і жонка працуем ПП, маем па два гандлёвыя пункты. Кожны месяц мы плацім у бюджэт больш за 3 тысячы даляраў. Ня згодзен з выказваньнем намесьніка міністра эканомікі Тура, што мы працуем паводле шэрых схемаў.

Удзельнікаў страйку было б больш, калі б мы мелі магчымасьць давесьці інфармацыю да ўсіх ПП. Але распаўсюд інфармацыі блякуецца ўладамі, адміністрацыяй рынкаў”.

Як рэагуюць улады на пратэстны рух прадпрымальнікаў?

Карбалевіч: “Рэакцыя ўладаў на пратэстную актыўнасьць прыватных прадпрымальнікаў даволі супярэчлівая. З аднаго боку, яны адстойваюць правільнасьць дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да ПП, заяўляюць, што ня пойдуць на саступкі. Пра гэта казаў і Аляксандар Лукашэнка 30 сьнежня, і намесьнік міністра эканомікі Тур на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі.

А зь іншага боку, напярэдадні Новага году выйшаў прэзыдэнцкі ўказ, які працягнуў на некалькі месяцаў льготныя ўмовы пераходу ў статус прыватнага ўнітарнага прадпрыемства. Як можна пракамэнтаваць рэакцыю ўладаў на пратэстны рух прадпрымальнікаў?”

Таўстыка: “Калі ўлады маюць рацыю ў гэтым канфлікце, а мы ня маем, то давайце правядзем тэледыскусію. Калі ўлады не баяцца нас, то няхай дадуць і нам слова, а ня толькі абвінавачваюць нас.

Адной з рэакцыяў уладаў быў арышт лідэраў прадпрымальніцкага руху. Але ж дзяржава — гэта не сп. Тур і астатнія чыноўнікі. ПП — таксама грамадзяне гэтай дзяржавы. У нармальнай дзяржаве і нашую пазыцыю ўлады павінны былі б улічваць”.

Макаеў: “Пакуль ПП не кансалідуюцца і не пачнуць арганізавана адстойваць свае правы, улады будуць праводзіць жорсткую лінію. Але хачу адзначыць, што ўлады сваімі дзеяньнямі парушаюць канстытуцыйныя правы: права на ўласнасьць, роўнасьць усіх формаў уласнасьці, права на працу (працу могуць страціць як частка ПП, так і 200—300 тысяч найманых работнікаў).

Калі ўлады будуць працягваць сваю палітыку, то магчымы сацыяльны выбух. Бо немагчыма працаваць 200 тысячам ПП у фармаце юрыдычных асобаў. Толькі 10—20% ПП здолеюць перайсьці ў гэтую форму. Вось як раз у гэтым фармаце давядзецца працаваць паводле шэрых схемаў. ПП плацяць падаткі наперад. Яны апрыёры самая законапаслухмяная частка прадпрымальнікаў.

Акрамя таго, у ПП няма абаротных сродкаў, каб перайсьці ў статус юрыдычнай асобы. Бо іх зьнішчылі ўлады за два апошнія гады, калі павялічылі падатак у 2,5 раза. Нават калі цяпер 10—20 тысяч ПП пяройдуць у гэты статус, то добра, калі банкі змогуць выдаць крэдыты 1 тысячы чалавек.

Афіцыйныя асобы, у прыватнасьці Лукашэнка, кажуць, што ПП падрываюць беларускую прамысловасьць, у прыватнасьці лёгкую прамысловасьць, ствараюць беспрацоўе.

Але гэта ня так. Апошнімі гадамі прыватных прадпрымальнікаў выціскаюць з прыбытковых сэктараў. Фактычна забараняюць гандляваць футрамі, складанай бытавой тэхнікай і інш. А лёгкую прамысловасьць “пасадзілі” зусім не ПП.

Якія пэрспэктывы маюць ПП, каб адстаяць свае правы?

Карбалевіч: “Ці хопіць у ПП баявога духу, каб працягваць змаганьне за свае правы? Вось лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Гарбачоў заявіў, што на 10 студзеня заплянаваны сход прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы, а з 1 лютага ПП прыпыняюць сваю дзейнасьць на няпэўны тэрмін. Калі казаць пра апошнюю пагрозу, то каму гэтым можна нанесьці шкоду: уладам ці сабе?”

Таўстыка: “Ад палітыкі ўладаў церпяць ня толькі ПП, але і пакупнікі, якія прызвычаіліся купляць на рынках даволі якасныя і танныя тавары. І нам нічога больш не застаецца, як змагацца. Калі ўлады ня пойдуць нам насустрач, то з 1 лютага можа распачацца агульнанацыянальны страйк. І адміністрацыя рынкаў павінна зразумець, што калі вялікая колькасьць ПП прыпыніць працу, то новых людзей на гандлёвыя месцы яны хутка ня знойдуць”.

Макаеў: “Дзяржава абвясьціла ПП вайну, адбываецца вялізны ціск на лідэраў. ПП, як і ўсё грамадзтва, запалоханыя. Вось калі ладзіўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы, туды прыйшла 1 тысяча чалавек, а некалькі тысяч, калі пачулі, што супраць іх міліцыя можа выкарыстаць сілу, вярнуліся дадому.

ПП у роспачы. Вось на будаўнічым рынку ў Менску, дзе я працую, каля 200 з 1200 чалавек не аплацілі арэнду. На іншых рынках такіх ПП яшчэ больш. Гэтыя людзі альбо будуць пераафармляцца ў іншы юрыдычны статус, альбо ліквідуюць сваю дзейнасьць”.

Чаму няма адзінства ў прадпрымальніцкім руху?


Карбалевіч: Здаецца, ніколі раней прадпрымальніцкі рух ня быў так расколаты, як цяпер. Розныя прадпрымальніцкія арганізацыі ладзяць свае акцыі аднаасобна і ігнаруюць акцыі, арганізаваныя іншымі структурамі. Чаму так адбываецца?

Таўстыка: “Мы набылі ўжо пэўны досьвед, разумеем, што раскол аслабляе наш рух. Таму мы падпісалі дамову аб супрацоўніцтве і будзем аб’ядноўвацца”.

Макаеў: “Існуе складаная гісторыя адносінаў паміж лідэрамі прадпрымальніцкага руху. Здаецца, цяпер яны адкінулі амбіцыі і гатовыя падтрымліваць пратэстныя акцыі. Бо для гэтага існуе аб’ектыўная неабходнасьць”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG