Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У настаўнікаў забяруць частку адпачынку?


Аб'яднаная грамадзянская партыя сёлета мяркуе ініцыяваць кампанію па абароне правоў настаўнікаў, чые правы на 56-дзённы адпачынак могуць быць скасаваныя.


З 26 студзеня ў сілу ўступаюць папраўкі ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, паводле якіх магчымасьцяў адпачываць у беларусаў стане меней. У тым ліку зьмены чакаюць настаўнікаў. Хаця канкрэтыкі пакуль што няма. Распавядае настаўніца расейскай мовы і літаратуры адной зь менскіх школ Алена Ленчыц:

Ленчыц: "Пакуль што яшчэ невядома, што, калі ды як. Нам пакуль што толькі разаслалі ўведамленьні, што мяркуюцца зьмены ў заканадаўстве. Пазначана, што адпачынак будзе ня меншы за 24 дні, а большая яго працягласьць – з дамоўленасьці з працадаўцам".

Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык лічыць, што ў выпадку скасаваньня 56-дзённага адпачынку настаўнікам трэба дапамагчы кансалідавацца ў абароне правоў:

"Мы пакуль што толькі мяркуем, якія гэта могуць быць мерапрыемствы. Хутчэй за ўсё, падамо заяўку на пікет, хаця наўрад ці нам яго дазволяць. Днямі будзем сустракацца і абмяркоўваць больш дэталёва. Будзем раіцца зь людзьмі, якія былі выкладчыкамі, ці цяпер працуюць. Ёсьць шэраг людзей, абазнаных у гэтай тэматыцы. Прыкладам, Анатоль Паўлаў калісьці ўзначальваў настаўніцкі прафсаюз".

Колішні лідэр прафсаюзу настаўнікаў, былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў лічыць, што правы ёсьць там, дзе за іх змагаюцца.

Паўлаў: "Ад іх усё залежыць, але самае сумнае тое, што ўсе яны маўчаць. Вось прыклад – іх цяпер па адным выклікаюць і прымушаюць падпісваць тую паперу. А ня хочаш падпісваць – ідзі з працы. І яны ня хочуць зразумець, што іх прыкладам, 150 настаўнікаў у школе. І калі яны кансалідуюцца і скажуць – звальняйце ўсіх, то хто тады каго будзе вучыць? Вось што трэба тлумачыць".

На думку настаўніцы Алены Ленчыц, ніякія тлумачэньні ня здольныя пераканаць тых безабаронных настаўнікаў, якім папросту няма куды ісьці ў выпадку звальненьня:

Ленчыц: "Якія лісты пратэсту? Вы што? Калі чалавек прапрацаваў у школе 20-25 год і больш ні на што ня здольны, ня ўмее больш нічога? То што яму рабіць? Ён на кантракце сядзіць. Кантракты, напэўна, для таго і ўводзілі, - дзеля вось гэткіх зьменаў. Ніхто пратэставаць ня будзе. Настаўнікі – самая забітая і зашуганая катэгорыя насельніцтва Беларусі. І калі нечым яны здольныя абурацца, то толькі ціхенька, на ўласнай кухні".

На думку выкладчыцы, гэткая мера шмат каго напужае:

“Працяглы адпачынак – гэта важкі аргумэнт на карысьць працы ў школе. Адмена гэтага адпачынку, натуральна, ня зможа не адбіцца на жаданьні працаваць тут. Маладых спэцыялістаў, выпускнікоў, якія маюць выбар, будзе не зацягнуць на працу ў школе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG