Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варажба: ад Бога ці ад д’ябла?


На пачатку новага году людзі імкнуцца даведацца пра сваю будучыню. Якія прадказаньні існуюць цяпер у Беларусі і якія зь іх найбольш запатрабаваныя?


Час, калі кабеты і дзяўчаты ўпотай хадзілі “на бабцяў і цыганак-варажбітак”, даўно мінуў. І цяпер дзеля прадказаньняў беларусы пачалі выкарыстоўваць ня толькі звычайныя гульнявыя карты. У Менску сёньня можна знайсьці спэцыялістаў, якія займаюцца варажбой на картах Ленарман, Таро і рунах. У адной з кітайскіх рэстарацыяў сталіцы ёсьць асобная паслуга – варажба іцзін. Зрэшты, стэрэатыпныя ўяўленьні пра варажбітку ў паспалітага люду застаюцца.
Расказвае Віка, варажбітка на Таро:
“Некаторыя людзі прыходзяць, і калі бачаць мяне, то адразу пачынаецца: “Ой, дык ты ж маладая, дык ты ж нармальна выглядаеш! Я думаў, прыйдзеш, тут будзе нешта такое цыганскае, і ты будзеш нейкая пасунутая й будзеш нестандартна выглядаць, а ты абсалютна нармальны чалавек”. Такое я чула”.
За апошні год у газэтах, на тэлебачаньні й на радыё зьявілася шмат рэклямы службаў, якія прапануюць ахвочым даведацца пра сваю будучыню, дзякуючы “майстрам Таро”. Кошт адной хвіліны размовы па тэлефоне – болей за 2 тысячы рублёў. Ці можна такім чынам сапраўды вырашыць свае праблемы, як абяцае рэкляма?
Росна, гаспадыня эзатэрычнага інтэрнэт-парталу “Па-за люстэркам”:
“Я размаўляла з адной дзяўчынай, якая працуе ў такім вось сэрвісе. Яна апавядала: чалавек прыходзіць, ім даюць невялікія курсы прафэсійнай падрыхтоўкі, паказваюць, як гэта прыкладна робіцца. І потым яны садзяцца й пачынаюць варажыць цэлы дзень. Ім стае цярпеньня ды энэргіі паваражыць першым двум кліентам, а пасьля, канечне, у іх пачынае зьніжацца якасьць”.
Антаніна, якая таксама займаецца картамі Таро, лічыць, што нічога, апроч падману, такія сэрвісы даць ня могуць:
“Я магу вам прапанаваць правесьці аналёгію з прыёмам грамадзянаў у паліклініцы, калі іх там 500 чалавек сядзіць на лаве, з прыёмам прыватнага лекара, якому не ўсё адно, што з кліентам будзе. Калі кліентаў шмат і яны бязьлікія, як працуюць майстры Таро, яны хутчэй за ўсё не адчуваюць нюансаў і за такой плыняй ня лекуюць, а, умоўна кажучы, выпісваюць рэцэпты”.
Сама Антаніна працуе з 1-2 кліентамі на месяц. На жыцьцё прадказаньнямі не зарабляе й мае прафэсію, якая прыносіць ёй прыбытак. За варажбу ўсё ж трэба плаціць, бо гэта энэргаёмісты працэс. Аднак плата сумленнаму майстру звычайна бывае вельмі сымбалічнай, таму зрабіць прадказаньні прафэсіяй не выпадае. Тут павінна быць пакліканьне дапамагаць людзям,– лічыць Антаніна.
Свае паслугі таролягі звычайна не рэклямуюць. Як мяркуе Віка, гэта акультныя веды і калі чалавек хоча да іх далучыцца, то абавязкова знойдзе шлях самастойна. Знайсьці сапраўднага майстра даволі складана: у Менску няма ніводнага клюбу таролягаў і руністаў, ніводнай эзатэрычнай крамы. Застаюцца хіба толькі інтэрнэт-форумы і суполкі Жывога Журналу. Туды можна прыйсьці й папрасіць варажбітоў зрабіць расклад,– удаклядняе Віка.
“Магчыма, чалавек табе зробіць расклад і табе спадабаецца. Ты знойдзеш ягоныя кантакты нават праз той самы ЖЖ. Пагутарыш, потым ён табе зробіць гэта ўжо ў рэале”.
Сучасныя погляды на варажбу значна зьмяніліся. Раней картачны расклад успрымаўся як прысуд, цяпер - гэта аналіз складанай сытуацыі. Дасьведчаны варажбіт заўсёды папярэджвае кліента, што будучыня фармуецца з мінулага й сапраўднага, і справа чалавека, як паступаць надалей. Калі вы нічога ня робіце дзеля пасьпяховай кар’еры, то, кажа мая суразмоўніца, не чакайце, што карты прадкажуць вам цуд:
“Варажыць трэба, калі ёсьць канкрэтнае пытаньне, сур’ёзнае пытаньне, якое ты ня можаш прааналізаваць сам. Я ўвогуле нэгатыўна стаўлюся да прадказальных раскладаў, мяне болей цікавіць аналіз сытуацыі. То бок, паглядзець усе падводныя плыні, паглядзець тое, што ты, магчыма, не заўважаеш як у сваім атачэньні, так і ў самім сабе. Нейкія свае слабыя бакі паспрабаваць ацаніць, раскрыць і зірнуць на іх, прынамсі, расплюшчанымі вачыма”.
Варажбу па-ранейшаму не прымае царква. Лічыцца, што такім чынам людзі перастаюць спадзявацца на Бога й аддаюцца ва ўладу цёмных сілаў. Антаніна глядзіць на гэтае пытаньне іначай:
“Да Бога трэба прыходзіць чыстым, сьветлым і не з праблемамі, а з падзякай. Свае праблемы можна вырашыць самастойна і сказаць яму “дзякуй” за тое, што ён стварыў для гэтага ўмовы. Звычайна тое, з чым людзі прыходзяць да варажбіта, гэтулькі мізэрнае ва ўсясьветным маштабе, што гэтымі пытаньнямі ня варта турбаваць вышэйшыя сілы”.
Існуе й кола пытаньняў, якімі, кажа Антаніна, нельга турбаваць і карты Таро:
“Калі прыходзіць жанчына і кажа: “Вось я люблю жанатага мужчыну, скажыце, што мне трэба зрабіць, каб ён разьвітаўся з жонкай”. Я, напрыклад, не адкажу на пытаньне, як нашкодзіць іншаму чалавеку. Я не вазьмуся за пытаньні пра тое, пакінуць ці не пакінуць дзіця, бо мая асабістая пазыцыя, што нельга рабіць аборты. І я ня буду рабіць расклад”.
Як заўважылі мае суразмоўцы, найчасьцей кліентаў цікавяць праблемы асабістага жыцьця. Прычым, насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, з такімі пытаньнямі да таролягаў зьвяртаюцца і мужчыны, нават часьцей за жанчынаў. І толькі потым уздымаюцца праблемы кар’еры і бізнэсу, творчасьці, самарэалізацыі, а таксама глябальныя пытаньні зямнога быцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG