Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Каляды ў Менску?


У Менску сёньня праваслаўныя вернікі наведвалі храмы. Людзей было, у параўнаньні зь мінулымі гадамі, няшмат. Міліцыя працавала ва ўзмоцненым рэжыме.


Раніцай каля ўваходу ў менскія праваслаўныя цэрквы вернікаў было няшмат. Сярод людзей, якія прыйшлі ў Катэдральны сабор, што на плошчы Свабоды, былі тыя, хто глядзеў сьвяточнае набажэнства праз тэлебачаньне.
Прадпрымальніца Ірына распавяла, як адзначыла сьвята Божага Нараджэньня.
“Я прадпрымальніца. Становішча вельмі сур’ёзнае, і сьветлай будучыні наперадзе неяк замала. Хочацца папрасіць Бога, каб ён дапамог нам крыху. Калі ўрад ня можа, то няхай Бог заступіцца за нас. Думаю, як шукаць працу, як жыць далей, як знайсьці выйсьце з гэтай сытуацыі”.
Настрой некаторых суразмоўцаў каля царквы быў ня надта сьвяточны.
“Ні здароўя, нічога няма. Самае галоўнае, што на Нараджэньне Хрыстова ў царкву схадзіць не змагла, бо не было ані сіл, ані здароўя. Пры тэлевізары слухала службу, запаліла сьвечкі. Прасіла Бога, каб успомніў пра нас, бо мы забытыя”.
Большасьць наведнікаў царквы — жанчыны. Мужчыны заходзілі зрэдку.
“У мяне бабуля была. Яна з 1911 году. У царкву хадзіла і нас вучыла закону Божаму. На гэтыя Каляды да мяне прыехалі сын з унукам, і мы адзначылі за сталом так, як змаглі. Прасіў, каб у дзяцей было ўсё добра і каб для ўнукаў будучыня была не такая змрочная, як цяпер для нас”.
Спадарыня Людміла апавяла “Свабодзе”, што сама праваслаўная, але ў царкву заходзіць вельмі рэдка. Яна ў калядную ноч варажыла са сваімі дочкамі.
“Ноч перад Раством мы з дочкамі варажылі. Мы кожны год так робім. Перад люстэркам мае дочкі баяцца, таму мы гадаем на сьвечках, топім воск, на гушчы ад кавы... Абдымаем плот у 2 гадзіны ночы. Дочкі хадзілі, шукалі мужчын, каб спытаць імя. Нікога не знайшлі, пакаталіся на каньках і прыйшлі дамоў. А раніцай прыйшоў мой стрыечны брат, узяў майго сына і пайшоў зь ім у царкву”.
Супрацоўнікі міліцыі кажуць, што сёлета ў храмах людзей было значна менш, чым у мінулыя гады. Традыцыйна, паводле іхніх словаў, самы масавы наплыў людзей бывае два разы на год — 19 студзеня, на Вадохрышча, калі людзі стаяць у чэргах, каб набраць вады, і на Вялікдзень увечары, каб асьвяціць фарбаваныя яйкі. На сьвята Божага Нараджэньня сёлета ў каталіцкіх храмах было людзей значна больш, чым у праваслаўных. Міліцыянты тлумачаць гэта тым, што касьцёлаў у сталіцы ўсяго паўдзясятка, а праваслаўных цэркваў — у пяць разоў больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG