Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі прадпрымальнікі будуць маўчаць, дык іх зацюкаюць”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 7 студзеня, панядзелак.

У Грузіі адбыліся выбары прэзыдэнта краіны. Як паведамляе Цэнтравыбаркам краіны, перамогу атрымаў Міхаіл Саакашвілі. Камэнтары слухачоў:
Анастас Семяновіч: “Добры дзень, Радыё Свабода! Вельмі шаноўны прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, я віншую вас зь перамогай. Я быў упэўнены, што народ Грузіі абярэ вас сваім прэзыдэнтам. Нашаму вялікаму начальніку трэба браць прыклад: правесьці сумленныя выбары, каб іх прызналі як Эўропа, так і Амэрыка. Моцнага вам здароўя на радасьць грузінскаму народу. Жыве родная Беларусь!”
З 1 студзеня прадпрымальнікі Беларусі праводзяць страйк, які адбываецца ў форме вымушанага адпачынку. Выказваньні на гэтую тэму:
Спадар: “Працяглы час прыватныя прадпрымальнікі казалі, што палітыка іх ня тычыцца, іх цікавіць толькі эканоміка. Але цяпер, як улада стала зьнішчаць індывідуальных прадпрымальнікаў, яны зразумеюць, што эканамічная палітыка — таксама палітыка, і трэба пасьлядоўна змагацца за свае палітычныя правы. Бо як будуць маўчаць, дык іх зацюкаюць”.
Анатоль, Барысаў: “Я хачу сказаць наконт становішча прадпрымальнікаў на сёньня. Прадпрымальнікам падвышалі падаткі — яны маўчалі. Прадпрымальнікам пачалі даваць два падаткі — яны маўчалі. А некаторыя, калі іншыя страйкавалі, думалі: а мы заробім. А цяпер ужо звон звоніць па ўсіх, прадпрымальнікі”.
Спадарыня: “Зь неразуменьнем выслухоўваю крыкі, што падымаюцца вакол тэмы прадпрымальнікаў. Зноў-такі аднабока асьвятляецца такая праблема. Ніхто і ніколі не апытваў іншых людзей пра іх стаўленьне да так званых “прадпрымальнікаў,” людзей, якія на іх працавалі. Яны працавалі ў дрэнных умовах, у шапіках, якія не ацяпляюцца, заробак у іх быў усяго толькі 200 тысячаў у месяц. Ніхто і ніколі ня думаў пра гэтых гандляроў. Вось цяпер няхай працуюць самі”.
Спадар: “Прывітаньне, “Свабода”! Вось такое меркаваньне. Усё цягнецца тэма пра так званых прадпрымальнікаў індывідуальных, а карацей, гандляроў. Хацелася б даведацца, як у цывілізаваных краінах? Няўжо на кожныя 50 чалавек прыпадае адзін гандляр? А гэта яшчэ толькі “індывідуалы”. А колькі ж яшчэ дзяржаўных, ці тых, хто як фірмы працуе?”
На пытаньне адказвае старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа:
“Наадварот, лічыцца, што ў Беларусі мала прадпрымальнікаў. Да прыкладу, у ЗША — 78 малых прадпрыемстваў на тысячу чалавек насельніцтва. У Эўропе прыкладна 45. Больш прадпрымальнікаў — вышэйшая канкурэнцыя, а гэта цягне за сабой зьніжэньне коштаў. І гэткім чынам разьвіцьцё прадпрымальніцтва важнае для народа ці ня больш, чым для саміх прадпрымальнікаў”.
Працягваем выказваньнямі на тэму адмены льготаў.
Спадар: “Я пра льготы на праезд. Нейкі маразм! Інваліды дзяцінства маюць ільготы да 18 гадоў, а потым яны, відаць, становяцца моцнымі ды здаровымі?”
Спадар: “У душы наш правадыр ужо зразумеў, што сваімі ўказамі ў дачыненьні да льготнікаў і прадпрымальнікаў ён наламаў дроваў. Гэтымі ўказамі ён павярнуў супраць сябе практычна палову насельніцтва Беларусі. Рыгоравіч і рад бы адступіцца, але гордасьць не дазваляе. Наш правадыр ня з тых, хто адкрыта і шчыра прызнае свае памылкі. Таму ў мяне такое меркаваньне: з упартасьцю, вартай лепшага прымяненьня, правадыр будзе гнуць сваю лінію да канца”.
Андрэй, Пінск: “Прэзыдэнт адабраў льготы ў інвалідаў, чарнобыльцаў, студэнтаў, пэнсіянэраў і гэтак далей. Гэта мільёнам людзей прадэманстравала, што такое насамрэч беларускі эканамічны цуд. А наш прэзыдэнт канчаткова зразумеў, што ягоная неабмежаваная ўлада ўнутры Беларусі абмяжоўваецца толькі нашай краінай. Дыктаваць свае ўмовы Крамлю ён зусім ня ў стане. Вось, як мне здаецца, такія вынікі мінулага году. Дзякуй за ўвагу”.
Інвалід 2-й групы, Маладэчна: “Дзясяткі гадоў інваліды вайны першай і другой групаў для сваіх аўтамабіляў атрымлівалі 40 літраў бэнзіну на месяц па фіксаваных цэнах. Цяпер без папярэджаньня з 1 студзеня 2008 году гэтую льготу ліквідавалі. Ці зможа Радыё Свабода пракамэнтаваць гэты дзікі выпадак?”
Камэнтуе эканаміст Леанід Злотнікаў:
“Кошты ў краіне павінны быць аднолькавыя для ўсіх. Але агульна падыйсьці і адмяніць гэтыя льготы па ўсіх катэгорыях насельніцтва — гэта непрадуманае рашэньне. І я думаю, што дзяржаве давядзецца вярнуцца назад і некаторым катэгорыям такія льготы пакінуць”.
“Дзякуй за вашую працу. Знайшла наша радыё на віцебскіх хвалях і цяпер маё студэнцкае жыцьцё стане яшчэ больш цікавым”, — піша нам слухачка зь Віцебска. СМС-віншаваньні са сьвятам Раства Хрыстовага нам даслаў Леанід і Мікола Малышчыц.
XS
SM
MD
LG