Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Грузіі перамог Саакашвілі?


Паводле папярэдніх зьвестак, на датэрміновых выбарах, што адбыліся ў Грузіі ў суботу, перамогу атрымаў Міхаіл Саакашвілі.

Міжнародная назіральнікі канстатавалі, што выбары адпавядалі дэмакратычным стандартам.
Паводле падлікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі Саакашвілі набраў крыху болей за 51% галасоў, ягоны бліжэйшы канкурэнт, кандыдат ад апазыцыйнай кааліцыі Левон Гагэчыладзэ – каля 26%. Астатнія 5 кандыдатаў набралі менш за 7% галасоў кожны.
Назіральнікі АБСЭ адзначылі, што «выбары па сутнасьці адпавядалі большасьці міжнародных стандартаў, аднак былі выяўленыя сур'ёзныя праблемы, якія патрабуюць неадкладных мераў».
Кіраўнік групы назіральнікаў АБСЭ, сэнатар ЗША Элсі Гастінгс заявіў:
“Усе кандыдаты мелі магчымасьць свабодна весьці кампанію па краіне. Мы з задавальненьнем адзначаем спакойную атмасфэру падчас галасаваньня. За выключэньнем нешматлікіх інцыдэнтаў грузінскі народ меў магчымасьць свабодна выказаць сваю волю”.
Расейскі МЗС выступіў з адмысловай заявай, у якой скрытыкаваў умовы правядзеньня выбараў у Грузіі. Паводле заявы, іх наўрад ці можна назваць свабоднымі і справядлівымі, бо яны суправаджаліся “шырокім ужываньнем адміністрацыйнага рэсурсу, ціскам на апазыцыйных кандыдатаў, абмежаваньнем іх доступу да фінансавых і мэдыйных рэсурсаў”.
Паводле меркаваньняў экспэртаў, на гэтых выбарах у Грузіі было сапраўднае спаборніцтва кандыдатаў, яны адзначаюць, што кандыдат-пераможца прайграў у Тбілісі.
Апазыцыя не падзяляе высокія ацэнкі, якія далі выбарам назіральнікі АБСЭ. Галоўны апазыцыйны кандыдат Гачэчыладзе назваў вынікі выбараў сфальсыфікаванымі. У нядзелю ў Тбілісі прайшоў мітынг апазыцыі, у якім ўдзельнічала каля 10 тысяч чалавек. Апазыцыя абяцае распачаць кампанію акцый пратэсту, калі будуць абвешчаныя афіцыйныя канчатковыя вынікі выбараў. Аднак на думку аналітыкаў, прынамсі, палітоляга Аляксандра Рандэлі наўрад ці яны будуць масавымі. Ён спадзяецца на паляпшэньне адносінаў паміж галоўнымі канкурэнтамі на грузінскай палітычнай сцэне:
“Я быў рады назіраць , як учора ў царкве Саакашвілі і Гагэчыладзэ паціснулі рукі адзін аднаму. Гэта дае падставы для аптымізму. Гэта прыкмета таго, што наша палітычная культура робіцца больш складанай”.
Міхаіл Саакашвілі заявіў пра гатоўнасьць да супрацоўніцтва з апазыцыяй:
“Я зьбіраюся працаваць з кожным, змагацца за аб'яднаньне Грузіі разам з усімі, з тымі, хто галасаваў за нас і з тымі, хто не галасаваў за нас. У нас адна радзіма і агульныя мэты. Мы павінны перамагчы разам і мы пераможам. І гэта будзе нашай агульнай перамогай”.
Паводле папярэдніх падлікаў на рэфэрэндуме аб стаўленьні да ўступленьне Грузіі ў НАТО станоўча адказалі 61% выбаршчыкаў. На думку Аляксандра Рандэлі, гэта меншы, адсотак, чым можна было чакаць на падставе настрояў у грузінскім грамадзтве.
“Я чакаў большага адсотку. Гэта вынік пэўнага настрою – «калі ўлады за, то мы прагаласуем супраць». Гэта вельмі адмоўны момант”.
На рэфэрэндуме аб тэрмінах парлямэнцкіх выбараў ізноў жа паводле папярэдніх дадзеных каля дзьвюх трацінаў выбаршчыкаў прагаласавала за датэрміновыя выбары ўвесну. На іх апазыцыя можа замацаваць свой адносны посьпех, дасягнуты 5 студзеня. Саакашвілі перамог, але вынік галасаваньня вымусіць яго значна больш, чым раней, лічыцца з апазыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG