Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія “прарывы” ў “трэці сьвет”


Як можна ацаніць імкненьне Беларусі наладзіць эканамічныя і палітычныя адносіны з трэцім сьветам? Чаго больш -- палітычнага піяру альбо эканамічнай мэтазгоднасьці -- у аб’яўленым стратэгічным партнэрстве з Кітаем, Іранам, Вэнэсуэлай і арабскімі краінамі? Ці будуць доўгатэрміновымі гэтыя праекты ці яны занадта зьвязаныя з цяперашнім палітычным кіраўніцтвам Беларусі? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у выніковай перадачы “Экспэртыза Свабоды” палітоляг Віталь Сіліцкі і першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі.


Цыганкоў: “Апошнія некалькі гадоў беларускае кіраўніцтва фарсіруе спробы наладзіць шчыльныя адносіны з краінамі, якія не адносяцца да галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі – Расеі і Эўразьвязу. Чым выкліканае жаданьне стварыць стратэгічныя сувязі з такімі краінамі, як Кітай, Іран, Вэнэсуэла, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты? Чаго тут больш – палітычных матываў альбо эканамічнай неабходнасьці?”

Садоўскі: “Тут відаць, ёсьць і тое і тое. Я б разьмясьціў названыя вамі рэгіёны па некалькіх катэгорыях. Першая -- Кітай, другая – арабскі сьвет і трэцяя – Лацінская Амэрыка. Што да Кітаю, то тут рызыкі, здаецца, няма -- як гандлёвы партнэр Кітай даволі стабільны, дык – чаму б і не?

Калі браць палітычны аспэкт, натуральна гэта супрацоўніцтва з знакам “мінус”. Макрапосьпехі Кітаю асьляпляюць трошкі нашых людзей, якія мала ведаюць, што 42 працэнты кітайскага насельніцтва жывуць на 2 даляры ў дзень.

Што да арабскага сьвету, то рэгіён вельмі рызыкоўны, бо могуць чакацца войны, але там можна заключаць нейкія спэцыфічныя часовыя дамовы і нешта выйграваць. Што да Лацінская Амэрыкі, то гэта вельмі небясьпечны раён, а калі казаць пра Вэнэсуэлу, то гэта вельмі спэцыфічная краіна”.

Цыганкоў: “У чым небясьпечнасьць і рызыкоўнасьць?”

Садоўскі: “Як гішпаніст паводле адукацыі я чытаю вэнэсуэльскія выданьні, ды й нямецкая прэса шмат пра і піша. Чавэс хоча ўзначаліць усю сусьветную антыамэрыканскую кааліцыю, а ў Лацінскай Амэрыцы пабудаваць сацыялізм. Лёзунг вайскоўцаў у “прачышчанай арміі”, афіцэраў, якія езьдзяць у джыпах з зацямнёным шклом – “сацыялізм, Айчына альбо сьмерць”. Гэтак яны вітаюць адзін аднаго.

Назаву адну лічбу, якая зразумелая будзе нашым людзям. За апошнія гады Чавэс зрабіў 23 замежныя паездкі, і падараваў (менавіта падараваў, а не інвэставаў) 23 мільярды даляраў. Уругваю, Аргэнтыне, Дамініканскай рэспубліцы і гэтак далей. Сьпісвае дзяржаўныя даўгі, будуе парты. Нават беднякам Лёндану падараваў 67 мільёнаў, трушчобам Нью-Ёрку падарункі.

Але ж гэта нават багатая нафтай краіна ня можа сабе дазволіць. Гэта вельмі авантурная палітыка, гэта горш чым некалі СССР рыхтаваў рэвалюцыі па ўсім сьвеце”.

Цыганкоў: “Галоўны афіцыйны матыў беларускага “прарыву” у краіны трэцяга сьвету – гэта знайсьці новыя рынкі, павялічыць экспарт беларускіх тавараў у тыя рэгіёны, дзе раней іх ня ведалі. На Захадзе іх усё менш бяруць, у Расеі са скрыпам – дык хай іх бяруць у іншых рэгіёнах. Ці гэта галоўная прычына ці палітычныя ўсё ж пераважаюць?”

Сіліцкі: “Калі паглядзець на паездкі беларускага кіраўніка, то заўважым вялікае разыходжаньне паміж тым, куды вандруе
Лукашэнка вандруе не туды, куды вандруюць беларускія тавары
Лукашэнка і куды вандруюць беларускія тавары. Наш гандаль – гэта ў асноўным Эўропа і Расея, а беларускі кіраўнік вандруе па трэцім сьвеце.

Гэта ня толькі гандаль, гэта спробы знайсьці інвэстыцыі, якія не падпадаюць пад ідэалягічныя абмежаваньні з боку Захаду ці сілавыя абмежаваньні з боку Расеі. Тут чым далей геаграфічная аддаленасьць, тым лепш.

Другое. Пасьля беларуска-расейскіх газавых канфліктаў 2006-07 гадоў гэтая справа вельмі актывізавалася. Пачалося “узмацненьне” вэнэсуэльскага вэктару, кітайскага, арабскага – візыт у ААЭ быў знакавым у гэтым годзе. Якія тут магчымыя варыянты? Па-першае, гэта прыцягваньне не зусім празрыстых капіталаў, паходжаньне якіх мы можам і ня ведаць, і якім тут могуць быць дадзеныя гарантыі. Па-другое, гэта разьмяшчэньне IPO-акцыяў нашых прадпрыемстваў на сусьветных незаходніх біржаў. На заходніх біржах гэта нерэальна, бо там трэба адкрываць усю справаздачнасьць, зрабіць кампаніі цалкам празрыстымі -- а на дубайскіх біржах такіх патрабаваньняў няма. Трэцяе – гэта сэнсытыўны экспарт, пра які мы вельмі мала можам ведаць. Гэта ў першую чаргу зброя”.

Цыганкоў: “Такім чынам, большасьць матываў, якія штурхаюць Беларусь на рынкі трэціх краінаў – рацыянальныя, неідэалягічныя?”

Сіліцкі: “Абсалютна неідэалягічныя, бо беларускі рэжым неідэалягічны. Калі ёсьць магчымасьці працаваць, скажам, у Аўстрыі, яны цудоўна працуюць у Аўстрыі, як паказвае “Райфайзенбанк” і продаж “Вэлкому”. У адной з нядаўніх Экспэртызаў я ўжо казаў, што наконт Чавэса Беларусі проста пашчасьціла, бо партнэр вельмі ідэалягічны. Была там “нафта ў абмен на пацалункі” з Расеяй, а тут будзе, відаць, “тэлевізары з пацалункамі ў абмен на нафтадаляры”. Вядома, Чавэс паводзіць сабе вельмі нерацыянальна ў дачыненьні да ўласнага народу – марнуе вялікія грошы, спадар Садоўскі слушна сказаў. А чаму б нам не скарыстацца? Не скарыстаемся мы – скарыстаюцца іншыя. Тут беларускі рэжым паводзіць сабе
Не скарыстаемся мы Чавэсам – скарыстаюцца іншыя
вельмі рацыянальна”.

Цыганкоў: “Усе гэтыя словы шматпалярны сьвет, пра антыглябалізм, якія часам гучаць з вуснаў беларускіх кіраўнікоў – наколькі яны сур’ёзныя? Ці гэта толькі рыторыка для лідэраў тых краінаў, якія гатовыя на гэтую рыторыку купляцца?”

Садоўскі: “Вядома ж, яны і для такіх лідэраў як Чавэс, але і для свайго народу, і для Расеі. Падтрымліваючы, што сказаў Віталь Сіліцкі, я б хацеў зрабіць маленькае ўдакладненьне наконт “маральнай Эўропы”. Я добра ведаю Нямеччыну. Зараз у іх новая формула – “збліжэньне праз спляценьне”, якая прыйшла на зьмену таму, што было з часоў Эгана Бара – збліжэньне праз нейкія ідэалягічныя зьмены партнэра. Таму чысьціня жанру – яна і ў Эўропе ніколі не вытрымлівацца”.

Сіліцкі: “Сапраўды, калі ўсплывае тэма гандлю Беларусі з трэцім сьветам, то ўсплываюць такія фармулёўкі як “краіны-ізгоі”, “сусьветны тэрарызм”, “Лукашэнка стварае пагрозу”. А насамрэч, паводле такой схемы, што казаць пра эўрапейскія краіны, якія гандлююць з Лівіяй ці Іранам. Ці ЗША -- купляюць нафту ў Вэнэсуэлы? Яны таксама – рэжым-ізгой?

Дарэчы, мне здаецца, што беларускія ўлады паводзяць сябе даволі асьцярожна, не ўлазячы, прынамсі, з Іранам, у даволі кантравэрсійныя справы”

Цыганкоў: “Давайце тады трываласьць гэтых міжнародных кантактаў праверым наступным пытаньнем. Наколькі ўсе гэтыя актыўныя ўзаемаадносіны і “прарывы” зьвязаныя менавіта з сёньняшнімі кіраўнікамі? Якія з іх ня будуць такімі інтэнсіўнымі пасьля зьмены ўлады, а якія маюць больш стратэгічны кірунак?”

Садоўскі: “Зразумела, што там, дзе ёсьць нейкая ідэалягічная аснова, калі Чавэс дае нам нейкія прэфэрэнцыі за “абдымкі” і падтрымку ягонага курсу -- то гэта нетрывалае. Грамадзтва Вэнэсуэлы падзеленая напалову і ўсё можа памяняцца. Калі не будаваць адносіны на трывалых гандлёвых падставах, то гэта можа парушыцца.

Таму я і казаў, што з Кітаем не павінна чакацца аніякіх катаклізмаў – хіба калі мы занадта “размякчымся” і пусьцім кітайцаў, напрыклад, у наш аграрны бізнэс. Там, дзе “без палітыкі” – там трывала. Бо палітычна можна ўхапіць толькі часова, але не асесьці грунтоўна”.

Цыганкоў: “Ці могуць Захад альбо Расея выказваць нейкую незадаволенасьць альбо рэўнасьць беларускімі “прарывамі” ў
Палітычна можна ўхапіць толькі часова, але не асесьці грунтоўна
трэцім сьвеце?”

Садоўскі: “Не, я ня думаю. Рэўнасьць бывае ў слабых. Эўразьвяз, Расея хіба дзе-небудзь усьміхнуцца, а можа і скажуць – “во, глядзі, як слушна Меснк робіць”

Сіліцкі: “Пакуль не да канца зразумелая ступень празрыстасьці гэтых кантрактаў, то тут цяжка нешта сказаць. Калі Эміраты тут нешта пабудуюць альбо як інвэстуюць цяпер іранцы – то гэта даволі трывала, гэтыя будынкі не зьнясуць.

Інтэграцыя на ўзроўні ідэалёгіі – яна вельмі слабая. Яна можа быць моцнай толькі ў выпадку трывалай ідэалёгіі. Аўтарытарызм – гэта не трывалая ідэалёгія ці яе ўвогуле няма. Што да эканамічнай інтэграцыі, то яна больш устойлівая. Таму, мне здаецца, што пэўныя кантакты, калі яны не ідэалягізаваныя, будуць працягвацца пры любым рэжыме”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG