Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адсуне балканская праблема беларускае пытаньне?


1 студзеня былая югаслаўская рэспубліка Славенія пераняла ў Партугаліі паўгадовае ратацыйнае старшыняваньне ў Эўразьвязе.


У Беларусі няма славенскай амбасады, таму старшынства Эўразьвязу будзе прадстаўляць амбасада Францыі. Ці будзе прадстаўніцтва гэтых краінаў мець нейкі асаблівы ўплыў на палітыку Эўразьвязу і беларуска-эўрапейскія дачыненьні? Віталь Цыганкоў гутарыць з палітолягам, старшынём Шуманаўскага таварыства Ігарам Ляльковым.

Цыганкоў: “Якія задачы будуць галоўнымі для Славеніі падчас яе старшынства ў Зьвязе? Ці можна спадзявацца, што Славенія ў якасьці першай зь 10 посткамуністычных краінаў-сяброў Эўразьвязу будзе больш пераймацца праблемамі Ўсходняй Эўропы?”

Лялькоў: “Я думаю, што ў цэнтры ўвагі старшынства Славеніі будзе сытуацыя на Балканах, і найперш праблема Косава. У прынцыпе, так заўсёды адбываецца – краіна, якая старшынюе, калі яна мае тэрытарыяльную блізкасьць альбо нейкі сантымэнт да нейкага рэгіёну, то на гэты рэгіён у першую чаргу зьвяртае ўвагу ўвесь Эўразьвяз у сваёй зьнешняй палітыцы. Таму, я думаю, што будзе больш увагі Балканам і менш – Усходняй Эўропе.”
Францыя з заходнеэўрапейскіх краінаў займае найбольш пасьлядоўную пазыцыю ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Цыганкоў: “Ці азначае гэта, што праграма стратэгічнага добрасуседзтва з Усходняй Эўропай будзе адсунутая трохі далей у зьнешняй палітыцы Эўразьвязу?”

Лялькоў: “Але трэба не забываць, што Балканы таксама ўваходзяць у праграмы суседзтва, бо там размова ідзе пра ўсе краіны, што мяжуюць з Эўразьвязам. Таму праграма будзе працаваць, але з балканскім акцэнтам, большым, чым усходнеэўрапейскі”.

Цыганкоў: “Да Новага году Эўразьвяз у Беларусі прадстаўляла Славаччына, бо Партугалія ня мае сваёй амбасады. Славенія таксама ня мае амбасады ў Менску, таму старшынства Эўразьвязу ў Беларусі будзе прадстаўляць Францыя. Можа гэта мець нейкі асаблівы аспэкт у адносінах Эўразьвязу і Беларусі?”

Лялькоў: “Я думаю, можа, бо Францыя з заходнеэўрапейскіх краінаў займае найбольш пасьлядоўную пазыцыю ў дачыненьні да афіцыйнага Менску – у адрозьненьні, скажам, ад Нямеччыны, Польшчы ці Літвы. Тыя сувязі, якія мае з Францыяй тая частка беларускай апазыцыі, што стаіць за Аляксандрам Мілінкевічам, той пэўны ўплыў, які можа быць аказаны на прыняцьцё рашэньняў французамі – я думаю, гэта можа адыграць сваю ролю”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG