Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць у Менску?


Сёлета Каляды і Новы год прайшлі больш спакойна. У міліцыі лічаць, што адной з прычынаў можа быць невялікая колькасьць выходных дзён.


Увечары 6 студзеня ў цэнтры Менску міліцыянты затрымалі некалькіх падлеткаў нападпітку. Гэта было недалёка ад так званага “цэнтру здароўя” – катку на Кастрычніцкай плошчы. Побач у Катэдральным Саборы ў той час адбывалася набажэнства.

Супрацоўнікі міліцыі і салдаты ўнутраных войскаў ахоўвалі грамадзкі парадак каля 25 праваслаўных храмаў. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі рыхтаваліся да моцнага руху на дарогах, але машынаў было амаль як у звычайны выходны дзень. Міліцыянты лічаць, што шмат менчукоў, скарыстаўшыся выходнымі, зьехалі ў вёскі да сваякоў.

Супрацоўнікі міліцыі адзначаюць, што сёлета ў праваслаўных храмах пад час набажэнства было значна менш людзей, чым у мінулыя гады. Але, што тычыцца каталіцкіх касьцёлаў, то на сьвята Божага нараджэньня з 24-га на 25-га сьнежня людзей сабралася значна больш, чым за апошнія пяць гадоў.

У дзяжурнай частцы міліцыі “Свабодзе” паведамілі: “На дзіва, дзень прайшоў папросту ідэальна. Як вам сказаць чаму гэта? Альбо народ стаміўся піць, альбо, ведаеце, як гэта звычайна бывае, калі некалькі выходных, то апошні самы ціхі, бо заўтра на працу трэба... У цэрквах нават людзей няшмат. У каталікоў усё гэта ціха адбываецца. Ня так як у праваслаўных, бурна”.

Калі ў міліцыянтаў працы было менш, чым два гады таму ў гэтыя ж дні, то мэдыкам давялося працаваць больш напружана. Як зазвычай – чэрапна-мазгавыя траўмы і пераломы ног і рук. Але мэдыкам часьцей давялося аказваць дапамогу п’яным пацыентам.

У другім клінічным шпіталі “Свабодзе” расказалі: “Учора прывозілі бабульку з пабітай галавой. Унук палюбіў яе... “Бытавуха”, натуральна. П’яных вельмі шмат, буянаў хапае. Калі патрэбная шпіталізацыя, то кладзем, калі не, то пацьверазеў – і дадому. Прывозяць іх у алькагольным ап’яненьні. Каб чалавек не замерз на прыпынку, людзі выклікаюць “хуткую”, і яго прывозяць у шпіталь. Ён тут паляжыць, пацьверазее, мы яго пракапаем глюкозай, вітамінчыкамі і ўсё”.

Год, які беларускія ўлады назвалі годам здароўя, для мэдыкаў пачаўся як звычайна. Яны лічаць, што пакуль ня будзе вырашана хаця б пытаньне спыненьня росту колькасьці алькаголікаў сярод моладзі, здароўе нацыі будзе пад пагрозай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG