Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскія выбары як рэфэрэндум аб “рэвалюцыі ружаў”


Якімі былі ўмовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі? У чым падабенствы адрозьненьні электаральных паводзін беларусаў і грузін? Якія наступствы для Грузіі будуць мець вынікі выбараў і рэфэрэндуму аб уступленьні краіны ў НАТО? Гэтыя пытаньні ў "Праскім акцэнце" абмяркоўваюць: з Тбілісі - Аляксандар Лукашук, выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара "Радыё Свабода/Свабодная Эўропа", і палітоляг Тэмуры Якабашвілі, з Менску - палітоляг Юры Чавусаў.


Умовы і вынікі выбараў

Дракахруст
: “Паводле папярэдніх дадзеных грузінскага цэнтарвыбаркаму і вынікаў экзіт-полу на выбарах 5 студзеня перамогу атрымаў Міхаіл Саакашвілі, набраўшы больш за 50% галасоў. Ягоны галоўны супернік Лявон Гагечыладзе атрымаў падтрымку прыблізна чвэрці выбаршчыкаў. Чаму Сааакашвілі ня здолеў паўтарыць свой трыюмфальны вынік 2004 году, калі пасьля “рэвалюцыі ружаў” ён набраў на прэзыдэнцкіх выбарах 96% галасоў, і чаму ўсё ж такі перамог: Тэмуры Якабашвілі, які Ваш адказ?”

Якабашвілі: “Па-першае, 96% сьведчылі пра тое, што Саакашвілі прыйшоў да ўлады рэвалюцыйным шляхам. Гэта - ненармальны працэнт, ён быў абумоўлены татальнай стратай даверу да Шэварднадзэ. Што тычыцца выбараў 5 студзеня - я думаю, што іх вынікі яны ня будуць значна адрозьнівацца ад вынікаў экзіт-полаў - то выбары паказалі, што ў Грузіі адбыліся радыкальныя зьмены ў бок дэмакратыі, дзе пераможца ня можа мець значна больш за 50%.

Па-другое, тыя рэформы, якія праводзіліся ў Грузіі, не заўсёды папулярныя. Шокавая тэрапія, якая праводзілася і ў эканоміцы, і ў сацыяльнай сфэры, і ў сфэры адукацыі, відавочна павялічвае колькасьць незадаволеных. І ўрад, які мяняе вельмі шмат і вельмі хутка, робіць памылкі. Відаць, самай вялікай памылкай Саакашвілі, як ён сам пра гэта сказаў, была ягоная каманда. А самай вялікай ягонай тактычнай памылкай быў разгон дэманстрацыі пры дапамозе сілы ў лістападзе мінулага году”.

Дракахруст: “Аляксандар Лукашук, Вы прыехалі ў Грузію за некалькі дзён да галасаваньня. Што Вы можаце сказаць аб хадзе выбарчай кампаніі і самога галасаваньня, наколькі празрыстымі і справядлівымі яны былі? Ці былі прадстаўнікі апазыцыі ў складзе выбарчых камісій, ці мелі кандыдаты дастаткова (роўна) часу ў СМІ, каб данесьці свае погляды да выбаршчыкаў? Апазыцыя абвінавачвала прэзыдэнта Саакашвілі ва ўжываньні адміністрацыйнага рэсурсу. Ці мела гэта месца і ў якім аб’еме?”

Лукашук: “Юры, я мяркую, што тут ключавое слова - празрыстасьць. Калі я прыйшоў на адзін з выбарчых участкаў у цэнтры Тбілісі, да мяне падыйшла дзяўчына і папрасіла паказаць рукі. Я зьдзівіўся, а яна стала сьвяціць мне на рукі спэцыяльным ультрафіялетавым ліхтарыкам. Аказалася, што зарэгістраваныя выбаршчыкі маркіруюцца і другі раз прагаласаваць немагчыма, гэтая нябачная фарба заўсёды будзе заўважная.

Другое, што я пабачыў на гэтым выбарчым участку - гэта дзьве відэакамэры, якія фіксавалі ўсё, што адбывалася на ўчастку вакол выбарчых скрыняў, месцы, дзе сядзела камісія і назіральнікі. На камэры запісваўся ўвесь працэс ад устаноўкі пустой урны і да моманту падліку галасоў. І трэці момант таксама зьвязаны з тэрмінам “празрыстасьць” - гэта ў літаральным сэнсе празрыстая скрыня. Спачатку было бачна, што там нічога няма. Людзі заходзяць у кабінкі, галасуюць і свае закрытыя капэрты апускаюць у гэтую скрыню.

На ўсіх участках я бачыў назіральнікаў – назіральнікаў ад асобных апазыцыйных партый, назіральнікаў ад аб'яднанай апазыцыі, назіральнікаў ад групы падтрымкі Саакашвілі. Яны стаялі даволі блізка ад стала камісіі, ад месца, дзе праходзіла галасаваньне. Я спытаў іх, на якой адлегласьці яны могуць стаяць. Мне адказалі , гэта наагул не рэглямэнтавана, мы не павінны толькі перашкаджаць, мы можам стаяць побач і лічыць.

У мяне такі асабісты досьвед быў толькі на парлямэнцкіх выбарах яшчэ ў Вярхоўны Савет БССР у 1990 годзе, калі я быў даверанай асобай Анатоля Вярцінскага. Мы тады сапраўды стаялі каля сталоў і сачылі за падлікам галасоў. З таго часу нічога падобнага ў Беларусі не было".

Дракахруст: “Спадар Якабашвілі, а што б Вы маглі сказаць наконт абвінавачваньняў апазыцыі на адрас Саакашвілі ў выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу і няроўнага доступу кандыдатаў да СМІ?”

Якабашвілі: “Апазыцыя на тое і апазыцыя, каб крытыкаваць і паўсюль шукаць памылкі ўлады. Я магу сказаць, што іх абвінавачваньні не зусім беспадстаўныя, так, было выкарыстаньне дзяржаўнага рэсурсу. Галоўнае, каб былі інстытуцыі, якія маглі б гэта зафіксаваць і зрабіць гэтыя факты галоснымі. Грузінскія недзяржаўныя арганізацыі рабілі гэта, і ў выніку такія парушэньні спыніліся.

У нас ёсьць аб'яднаная апазыцыя, неаб'яднаная, радыкальная апазыцыя, вельмі радыкальная, лібэральная - на любы густ. Зразумела, што розныя кандыдаты мелі розныя рэсурсы і адпаведна яны па-рознаму былі прадстаўленыя ў мэдыях. Дамінаваў Саакашвілі, бо ў ягонага штабу было больш грошай, каб купіць палітычную рэкляму. На баку Саакашвілі стаялі практычна ўсе прадстаўнікі буйнога бізнэсу.

З другога боку, мы мелі справу з тэлекампаніяй, якая ўжо пачала ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Тыя відэазапісы, якія былі паказаныя па тэлебачаньні, прадэманстравалі, што адзін з кандыдатаў пры дапамозе свайго тэлеканалу рыхтаваў вельмі небясьпечныя дзеяньні ў Тбілісі.

На мой погляд, парушэньні, якія былі, ня мелі сыстэмнага характару, гэта былі ці нейкія мясцовыя нехлямяжыя ініцыятывы, ці тэхнічныя парушэньні, ці проста брак палітычнай культуры. Але сыстэмных парушэньняў, калі даецца цэнтралізаваная каманда зьверху фальсыфікаваць - такога не было”.

Беларусь-Грузія: аналёгіі і адрозьненьні


Дракахруст
: “Юры Чавусаў, калі ў красавіку 1995 году на загад прэзыдэнта Лукашэнкі былі жорстка зьбітыя апазыцыйныя дэпутаты парлямэнту, многія прадказвалі іх пераканаўчы посьпех на травеньскіх выбарах таго самага году. Вынікам быў поўны правал апазыцыі на выбарах. У лістападзе 2007 году прэзыдэнт Саакашвілі жорстка здушыў акцыі пратэсту апазыцыі. Вынікам 5 студзеня 2008 году была, паводле экзіт-полу, хаця і невялікая, але пераканаўчая перамога Саакашвілі ўжо ў першым туры. На Ваш погляд, Саакашвілі перамог дзякуючы таму, што жорстка абышоўся з апазыцыяй у лістападзе летась ці нягледзячы на гэта?”

Чавусаў: “Ведаеце, Юры, некаторыя назіральнікі зь Беларусі даўно заўважалі, што той народны ўздым, які суправаджаў "каляровыя рэвалюцыі", у тым ліку і ў Грузіі, той амаль містычны арэол рэвалюцыйных лідэраў у нечым нагадваў тое, што большасьць беларусаў адчувала пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Ён і надалей рабіў стаўку на харызматычную легітымнасьць, скарыстаўшыся ёй для ўмацаваньня аўтарытарнай улады і здушэньня кволых парасткаў дэмакратыі.

А ў Грузіі пасьля прыходу да ўлады таксама харызматычнага лідэра Міхаіла Саакашвілі, які таксама карыстаўся папулісцкімі лёзунгамі, у нечым падобнымі па форме да лукашэнкавых, павароту да аўтарытарызму не адбылося, у прыватнасьці, ня ў той ступені. Менавіта з прычыны наяўнасьці дэмакратычных інстытутаў і свабодных выбараў мы ад калегаў пачулі расповед пра працэдуры выбарчага працэсу, вынікам гэтай кампаніі стала пэўнае падзеньне папулярнасьці прэзыдэнта. Адрозьненьне беларускай сытуацыі 1995 году і цяперашняй сытуацыі ў Грузіі ў тым, што Грузія - свабодная краіна. Зь цяжкімі праблемамі, зь вялікімі ўнутранымі супярэчнасьцямі, але са свабоднай формай палітычнага працэсу. У Беларусі ж у 1995 годзе была распачатая справа па стварэньні мэханізму выбарчых маніпуляцый, завершаную фазу якога мы бачылі на леташніх мясцовых выбарах. А тое, што назіраем у Грузіі - спрэчкі, узаемныя абвінавачваньні, гэта прыгажосьць дэмакратыі, якая фармуецца. Да Саакашвілі можна ставіцца па-рознаму, але юрыдычная адукацыя і дэмакратычны сьветапогляд - гэта тое, што не дазваляе яму перайсьці проста да "выкраданьня" дзяржаўнай улады. Тыя дзеяньні, якія прэзыдэнт Саакашвілі ўжыў у дачыненьні да вулічных пратэстаў і тэлеканалу "Імэдзі" , гэта, на мой погляд, была вялікая памылка, занадта жорстка ён дзейнічаў. Магчыма, гэта згуляла на руку аб'яднанай апазыцыі. Але тыя вынікі выбараў, якія цяпер агучваюцца, паказваюць, што гэта быў абгрунтаваны крок і абгрунтаваная рызыка.

Магчыма, той крок дазволіў Грузіі не скаціцца да яшчэ больш жорсткага фармату правядзеньня выбарчага працэсу".

Дракахруст: “Аляксандар, цяжкая, але ўсё ж перамога Міхаіла Саакашвілі ў першым жа туры выбараў – гэта вынік ягонай асабістай харызматычнасьці, пра якую казаў Юры Чавусаў, вынік нежаданьня народу што-небудзь мяняць ці плён пэўных посьпехаў у эканамічнай і сацыяльнай галінах? Беларускія афіцыйныя мэдыі распавядаюць пра Грузію як пра край суцэльнай галечы, бязладзьдзя і карупцыі. Наколькі такі погляд рэалістычны і наколькі сытуацыя зьмянілася за гады кіраваньня Саакашвілі?

Лукашук: “Ну, на гэтае пытаньне лепш адкажа наш грузінскі калега, спадар Якабашвілі, а я хачу вярнуцца да Вашага папярэдняга пытаньня - пра ўмовы перадвыбарчай кампаніі. Уявіце сябе, што і напярэдадні выбараў, і ў дзень галасаваньня на экранах тэлевізараў, у тым ліку і на дзяржаўным, праўда тут, у Грузіі, няма дзяржаўнага тэлебачаньня, ёсьць публічнае, дык вось уявіце сябе, што на ўсіх тэлеканалах гадзінамі выступаюць Мілінкевіч, Казулін, Лябедзька, Вячорка і іншыя лідэры палітычнай апазыцыі. У суботу я гадзінамі на розных каналах бачыў лідэраў грузінскай апазыцыі і іх прыхільнікаў, якія выступалі са сваімі заявамі, ацэнкамі і камэнтарамі.

Прыгадайце, што адбылося падчас апошніх беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў, калі некалькі хвілінаў перадвыбарчага выступу кандыдата літаральна скалануў кіраўніка дзяржавы, і адказам на гэты выступ было зьбіцьцё Казуліна і 5 з паловай гадоў турмы. Тут зусім іншая абстаноўка і зусім іншы ўзровень свабоды, у якіх адбываецца палітычны працэс ў Грузіі".

Якабашвілі: “Я хацеў бы дадаць. Паводле нашых дадзеных - паводле экзіт-полу і папярэдніх дадзеных ЦВК, Саакашвілі прайграé выбары ў Тбілісі. Гэта, пэўна, вынік таго, што лістападаўскія падзеі адбываліся менавіта ў Тбілісі, Саакашвілі выйграé за кошт іншых рэгіёнаў. Так што падзеі кшталту лістападаўскіх усё ж маюць значэньне. У вялікіх гарадах у Саакашвілі няма пераканаўчай перамогі , а ў некаторых гарадах, як у Тбілісі і ў Кутаісі, ён нават прайграé”.

Лукашук: “Магчыма, нашым слухачам цікава будзе ведаць, чым адрозьніваюцца лёзунгі галоўнага кандыдата апазыцыі ад лёзунгаў Саакашвілі. Лёзунг Саакашвілі "За Грузію бязь беднасьці", іншымі словамі, гэта паварот да сацыяльных праблем, да той крытыкі, якая гучала апошнія паўгода і асабліва апошнія месяцы. Галоўны лёзунг кандыдата ад апазыцыі Лявона Гагечыладзэ: "За Грузію без прэзыдэнта". Ягоная галоўная ідэя - ператварэньне Грузіі ў парлямэнцкую дзяржаву. Тут уражвае адсутнасьць вялікай палітычнай ідэі, альтэрнатыўнай дэмакратыі. Тут за дэмакратыю ўсе. У Грузіі не ідзе размова пра пабудову карпаратыўнай дзяржавы, як у Расеі, не разглядаецца выбар паміж дэмакратыяй і вяртаньнем у СССР, як у Беларусі, няма, як на Блізкім Усходзе, рэлігійнага фундамэнталізму як альтэрнатыўнага прынцыпу пабудовы дзяржавы. Тут нацыянальны дыскурс адбываецца выключна ў нацыянальнай парадыгме".

Дракахруст: “Спадар Якабашвілі, а які Ваш адказ на пытаньне, як зьмянілася Грузія за два гады кіраваньня Саакашвілі? Вы раней сказалі пра цану рэформаў, якую давялося заплаціць Саакашвілі. А вартыя яны былі той цаны?”

Якабашвілі: “Частка людзей пачала жыць лепш. Калі ўсе жывуць кепска, акрамя невялічкай купкі, то гэта ўспрымаецца нармальна. Але калі твой сусед пачынае жыць лепш, гэта пачынае раздражняць. У Грузіі за апошнія гады пачалося фармаваньне сярэдняй клясы.

За апошні год нягледзячы на эканамічную і візавую блякаду Расеі быў эканамічны рост больш за 7%. За год было інвэставана 2 з паловай мільярды даляраў, для нас гэта вялікія грошы. У кожнага другога грузіна зьявіліся банкаўскія рахункі. За апошнія гады ў краіне было зарэгістравана 350 тысяч новых бізнэс-прадпрыемстваў. Бюджэт у параўнаньні з часамі Шэварднадзэ павялічыўся ў 300 разоў. Саакашвілі пачаў сапраўдную вайну са "злодзеямі ў законе". Было шмат праблем, былі бунты ў турмах. У Грузіі ўпершыню правялі сумленныя ўступныя іспыты ў ВНУ. Гэта вельмі моцна мяняе грамадзтва”.

Ці адбудзецца «рэвалюцыя ружаў-2»?
Дракахруст: "На нядзелю апазыцыя заклікала народ сабрацца ў цэнтры Тбілісі на мітынг пратэсту супраць фальсыфікацый, як яны кажуць? Юры Чавусаў, на Ваш погляд, ці атрымаецца з гэтага новая грузінская "рэвалюцыя ружаў", украінскі Майдан ці беларуская Плошча?”
Чавусаў: "Чакаць ад гэтых пратэстаў новай "каляровай рэвалюцыі" малаімаверна, бо рэвалюцыі ня робяцца на замову. Хутчэй за ўсё гэта будзе чарговая інсцэніроўка "каляровай рэвалюцыі", такіх інсцэніровак на постсавецкай прасторы ўжо было некалькі, ў тым ліку і наша беларуская Плошча. Да таго ж сам Саакашвілі дэманструе рашучасьць не дапусьціць падобнага разьвіцьця падзеяў, а мы ведаем, што шмат у чым удалыя "каляровыя рэвалюцыі" былі абавязаны сваім посьпехам бязьдзеяньню дзяржаўных органаў, у першую чаргу праваахоўных. І мне здаецца, ня варта чакаць, што гэтыя пратэсты, якія могуць быць шматлюднымі, прывядуць да зьмены вынікаў выбараў".
Дракахруст: “Спадар Якабашвілі, а які Ваш прагноз: ці атрымаецца "рэвалюцыя ружаў"-2?
Якабашвілі: "Я мяркую, што “рэвалюцыі ружаў-2” усё ж ня будзе. Сёньня апазыцыя зьбіраецца на плошчы, але я мяркую, што гэта хутчэй спроба паўплываць на вынікі выбараў, чым нейкая рэвалюцыя. Дагэтуль няма канчатковых вынікаў ад Цэнтарвыбаркаму.
Казаць зараз, хто перамог, а хто прайграў рана. Наш экзіт-пол паказаў хісткае перавышэньні 50-ці адсоткаў кандыдатам Саакашвілі. Мне здаецца, што зараз адбываюцца хутчэй псыхалягічныя атакі з абодвух бакоў, учора Саакашвілі сьвяткаваў перамогу, сёньня апазыцыя праводзіць мітынг. Трэба пачакаць канчатковых вынікаў. Тое, што Саакашвілі вынес урокі з таго, што адбылося, – гэта ўжо бачна.
Тое, што пасьля гэтых выбараў у Грузіі ня будзе жаданьня фальсыфікаваць выбары – гэта таксама зразумела. Мне здаецца, што выбары 5 студзеня былі самымі лепшымі выбарамі, якія ў нас былі за апошнія 16 гадоў. У Цэнтрвыбаркаме шмат прадстаўнікоў апазыцыі, за выбарамі назіралі больш за 1000 замежных назіральнікаў.
Так што зараз усе сьвяткуюць ці сумуюць, заходзячы з дадзеных экзіт-полу, што таксама не зусім нармальна. Ну гэта трэба аднесьці да эксцэнтрычнасьці грузінскага народу”.
Дракахруст: ”Спадар Якабашвілі, ну наколькі я зразумеў, тут віноўнік урачыстасьці – нават не Саакашвілі, а Вы, бо менавіта Вы былі адным з арганізатараў экзіт-полу.
Аляксандар Лукашук, Вы асьвятлялі падзеі на беларускай Плошчы у сакавіку 2006 году, падзеі, якія Юры Чавусаў з горыччу назваў "інсцэніроўкай” "каляровай" рэвалюцыі? А на Ваш погляд ці магчымае зараз у Тбілісі паўтарэньне "рэвалюцыі ружаў"?
Лукашук: "Я не бачу для гэтага ніякіх падставаў. Я гаварыў са многімі людзьмі, якія, асабліва ў Тбілісі, былі незадаволеныя вынікамі і казалі: "Я ня ведаю нікога, хто б галасаваў за Саакашвілі". Але працягваеш размаўляць і высьвятляецца, што размова ідзе пра некалькі раёнаў старога Тбілісі, дзе ўзьніклі вялікія спрэчкі з мэрыяй за маёмасьць. Дзяржава хоча па-свойму распарадзіцца гэтым жытлом. Ідуць канкрэтныя прэтэнзіі.
Вяртаючыся да Вашага, Юры, пытаньня пра зьмены, вось калега Якабашвілі распавёў мне, і я сам гэта заўважыў, што ў Грузіі няма ДАІ , ёсьць дарожныя патрулі.
Людзі ў вельмі прыгожай форме, харошыя машыны, і яны не бяруць хабар. Сыстэма зараз такая, што возьмеш хабар – адразу ідзеш у турму, і страціш такую харошую працу, такія сацыяльныя ільготы, што справа таго ня вартая. Да такіх рэчаў людзі прывыкаюць, як да паветра. Але я думаю, што бальшыня насельніцтва такія зьмены цэніць.
Сёньня ў перадачы грузінскай службы нашага радыё было шмат тэлефанаваньняў з усёй Грузіі, і адна слухачка ў самым канцы перадачы сказала: "Я чула шмат іншых людзей, якія кажуць, што былі парушэньні, што ня так галасавалі. А што рабіць мне? Я галасавала за Саакашвілі, і як мне абараніць маё права, каб мой голас улічылі? Хіба мне таксама ісьці на мітынг?" Але ў гэтым пытаньні не было эмацыйнай напружанасьці. І я ня думаю, што ў нядзелю ў Тбілісі адбудуцца нейкія сутыкненьні".
Рэфэрэндумы і выбары як рэфэрэндум
Дракахруст: ”Прэзыдэнцкія выбары ў Грузіі сёлета былі спалучаныя з рэфэрэндумамі аб тэрмінах парлямэнцкіх выбараў і аб пажаданасьці ўступленьня краіны ў НАТО. Дарэчы, я ўжо прыгадваў беларускі досьвед 1995 году, тады таксама выбары былі спалучаныя з рэфэрэндумам аб статусе расейскай мовы і аб інтэграцыі з Расеяй. І тады ў Беларусі тэмы рэфэрэндуму сталі цэнтральнымі тэмамі выбарчай кампаніі, тэмамі, адносна якіх пазыцыянавалі сябе кандыдаты. Варта зьвярнуць увагу, што паводле экзіт-полу на рэфэрэндуме па НАТО большасьць выбаршчыкаў (61%) выказалася за сяброўства краіне ў альянсе, а вось па тэрмінах парлямэнцкіх выбараў 67% (ізноў жа паводле экзіт-полу) выказаліся за датэрміновыя выбары ўвесну сёлета, хаця прэзыдэнт Саакашвілі аддаваў перавагу правядзеньню выбараў увосень, як тое прадугледжана законам. Наколькі тэмы рэфэрэндуму паўплывалі на вынікі галасаваньня, якія наступствы будуць мець вынікі рэфэрэндуму? Спадар Якабашвілі”.
Якабашвілі: "Гэта азначае, што насельніцтва зараз лічыць, што лепш скончыць палітычны працэс за кароткі час і не цягнуць яго на цэлы год. 2008 год будзе цяжкім годам і для Грузіі, і для рэгіёну і для сьвету.
Мне здаецца, што Саакашвілі ня быў надта супраць таго, каб выбары адбыліся ўвесну. Я зьвяртаю увагу на тое, што гэта быў плебісцыт, які ня мае юрыдычнай сілы, гэта паказвае настрой народу. Аднак мне здаецца, што хто б ні выйграў на гэтых выбарах, ёсьць указаньне ад народу – народ хоча парлямэнцкіх выбараў увесну і народ хоча ў НАТО. Гэта прамы наказ новаму прэзыдэнту Грузіі”.
Чавусаў: "Для староньняга назіральніка той факт, што прэзыдэнт Саакашвілі выйграў па адным з пытаньняў, якія былі пастаўленыя на рэфэрэндум, і прайграў па другім – гэта найлепшае сьведчаньне таго, што выбарчы працэс адбываўся свабодна, дэмакратычна і справядліва, і што выбары былі сапраўдныя. Пытаньне пра НАТО было, наколькі я разумею, пытаньнем-"лякаматывам", якое павінна было акрэсьліць пазытыўныя бакі першай кадэнцыі Міхаіла Саакашвілі. Яно сапраўды адыграла сваю ролю, хаця і большасьць апазыцыйных кандыдатаў таксама выступалі за далучэньне Грузіі да НАТО. Гэта сапраўды выбар і грузінскай палітычнай эліты, і грузінскага народу. Мы вось зараз спрачаемся наконт ролі гэтых выбараў, іх значэньня, а на мой погляд праз пэўны час 5 студзеня 2008 году будзе прыгадвацца не як дзень пераабраньня Саакашвілі, а менавіта як дзень, калі народ краіны СНД цьвёрда сказаў "так" далучэньню да Паўночнаатлянтычнага альянсу. Стратэгічна гэта больш важная падзея".
Дракахруст: ”Раскол Украіны па пытаньні аб уступленьні ў НАТО затармазіў рух гэтай краіны ў накірунку інтэграцыі з альянсам. Што да Беларусі, то для кіраўніцтва краіны НАТО – наагул "злавесны монстар", але, як паказваюць апошнія апытаньні, за далучэньне Беларусі да НАТО выступае толькі 17% насельніцтва, а кожны другі – супраць. Аляксандар Лукашук, на Ваш погляд, якое значэньне будзе мець ўчорашняе галасаваньне Грузіі адносна сяброўства ў НАТО?”
Лукашук: "Я думаю. што спадар Чавусаў слушна заўважыў адну дэталь. У Савецкім Саюзе, відаць 100% насельніцтва было б супраць уступленьня ў НАТО. Чым менш савецкая краіна, чым больш яна на шляху дэмакратыі, тым бліжэй ёй каштоўнасьці, якія ўяўляе сабой НАТО, бо НАТО – гэта ня толькі зброя, гэта і ўвесь дэмакратычны мэханізм дзяржаваў- сябраў
.
Мне здаецца, што ў суботу ў Грузіі насамрэч адбылося ня два, тры рэфэрэндумы. Трэці рэфэрэндум быў пра "рэвалюцыю ружаў". Вынікі выбараў, тое, як яны праходзілі, як праходзіла кампанія, як галасавалі выбаршчыкі і былі адказам на пытаньне гэтага трэцяга рэфэрэндуму. Я ня буду адказваць, якім жа быў гэты адказ, а папрашу сказаць пра гэта Цімура".
Якабашвілі: "Мне здаецца, што ўчора ў Грузіі рэвалюцыя нарэшце завяршылася. Рэвалюцыя добрая тады, калі яна завяршаецца. Для мяне асабіста і для маіх калег была вельмі важнай заява Саакашвілі, які сказаў: "Калі я выйграю, то буду мяняць каманду. Я прыйшоў да ўлады з рэвалюцыйнай камандай, а зараз перад намі іншыя задачы і іншая каманда".
Самая важная было тое, што Саакашвілі, наламаўшы дроваў у лістападзе, ня стаў трымацца за ўладу, а сам сышоў у адстаўку. Ён вярнуў народу выбар, сказаўшы, “калі я памыліўся, зрабіце свой выбар”. Я ганаруся тым, што ў нашай краіне гэта адбылося”.
Дракахруст: ”Цімур ужо пачаў гутарку пра наступствы выбараў, пра тое , якія высновы з галасаваньня 5 студзеня зробіць Міхаіл Саакашвілі. Аляксандар Лукашук, на Ваш погляд, якія высновы зробяць з гэтага грузінская апазыцыя, Расеі і Захад?”
Лукашук: "Гэта вельмі цяжкае пытаньне. Я магу хіба сказаць, якія высновы праходзіць мне ў галаву, як журналісту. Мне здаецца, што ўзровень свабоды слова, якая існуе сёньня ў Грузіі, дастаткова высокі. Зараз пытаньне ў тым, ці зможа ўлада навучыцца таксама адкрыта працягваць той дыялёг, які яе прымусілі распачаць. Выглядае, што ў Грузіі наступае час цяжкай працы, але і час дыялёгу.
Працягам яго, падвядзеньнем вынікаў яго і будуць парлямэнцкія выбары. У гэтым выбарах і ў новым парлямэнце ў параўнаньне з прэзыдэнцкімі выбарамі будзе нашмат больш выразным голас апазыцыі. І ў гэтых новых ўмовах прэзыдэнцкая ўлада вымушаная будзе працаваць інакш, чым раней".
Дракахруст: "Юры Чавусаў, я нагадаю, што нават паводле дадзеных экзіт-полу галоўны канкурэнт Саакашвілі набраў каля чвэрці галасоў выбаршчыкаў, да таго ж, як я ўжо сказаў, фактычна апазыцыя перамагла на рэфэрэндуме па тэрмінах парлямэнцкіх выбараў. Дык якія высновы зробяць з выбараў яна, Расея і Захад?”
Чавусаў: "На мой погляд, рэфэрэндум аб уступленьні Грузіі ў НАТА напужае шмат каго ў Расеі. Трэба быць падрыхтаваным да новага ўздыму антыгрузінскай гістэрыі ў Расеі і небясьпека яшчэ больш жорсткай палітыкі Масквы адносна Грузіі безумоўна існуе, прычым гэта будзе тычыцца ня толькі Грузіі, але і іншых краінаў, якія Крэмль лічыць сваёй сфэрай уплыву. Так проста ён гэтую сфэру не аддасьць.
Што ж да высноваў, якія зробіць Захад, то я думаю. што шмат у каго з заходніх палітыкаў зьнікне эўфарыя адносна новых лідэраў, якія прыходзяць да ўлады пад дэмакратычнымі лёзунгамі ў вынікі "каляровых" рэвалюцый. Іх ня трэба ідэалізаваць, гэта толькі пачатак руху да дэмакратыі. І на гэтым шляху бываюць як посьпехі, гэтак і паразы. Грузія ў дадзеным выпадку – яскравы прыклад таго, як нават пры шчырым імкненьні захаваць дэмакратычны лад палітычнага працэсу магчымыя і памылкі на гэтым шляху".
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG