Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваслаўныя сустракаюць Раство Хрыстовае


Праваслаўныя хрысьціяне Беларусі рыхтуюцца сустрэць сьвята Раства Хрыстовага. Зь якім настроем чакаюць Каляды вернікі, і што гэтымі днямі адбываецца ў цэрквах.

У цэрквах гэтымі днямі гучаць званы, прыцішаныя сьпевы і завяршаюцца апошнія прыгатаваньні. Але пост перад сьвятам Раства радасны і настрой у людзей, што ідуць у царкву, адпаведны.
Карэспандэнтка: “Што для вас сьвята Раства, што для вас Каляды?”
Спадарыня: “Гэта самае вялікае пасьля ўваскрашэньня сьвята. Можа нават самае вялікае - ён жа нарадзіўся".
Карэспандэнтка: “Ці трымаеце пост, ці, магчыма нейкія іншыя традыцыя сьвяткаваньня захоўваеце?"
Спадарыня: “Не, посту не трымаем”.
Спадар: “Мы ж пераважна людзі сьвецкія. Але ж нейкія традыцыі захоўваем. І калядкі ведаем, хоць самі і не калядуем. “Добры вечар таму дому” таксама ведаем, стол накрываем менавіта вечарам 6 студзеня, чакаем першай зоркі. Гэта ўсё мы захоўваем”.
Шматлюдна зараз каля царкоўных шапікаў, дзе замаўляюць сьвяточную літургію, набываюць дэкаратыўныя сьвечкі. Гэтак доўжыцца амаль увесь перадкалядны пост, але найбольш людзей апошнімі днямі, кажа прадавачка ў катэдральнай царкве Ганна:
Карэспандэнтка: “Ці адчуваецца сьвята?”
Ганна: “Так, адчуваецца. Людзі, ведаеце, як дзеці, якія чакаюць нейкага цуду. Вельмі шмат прыходзяць, усьміхаюцца, радуюцца. Вось бачыце, шмат пішуць, каб бацюшка за іх памаліўся. Вечарам, шостага, паставім ёлку, а так усё прыбрана і падрыхтавана, чакаем сьвята”.
У Петрапаўлаўскай царкве зараз рэстаўрацыя, і стаяць рыштаваньні, але гэта не замінае людзям маліцца ў чаканьні сьвята. Стаенка з нованароджаным Хрыстом, ялінка ды іншыя ўпрыгожваньні тут таксама зьявяцца бліжэй да начной урачыстасці, кажа супрацоўніца Тацьцяна:
“Цяпер яшчэ працы ідуць, і ўпрыгожаньне будзе не такое, як заўсёды. Але стараемся рабіць прыгожа. Каб быў настрой, каб людзі радаваліся”.
Гутару зь людзьмі, якія ідуць у царкву:
Карэспандэнтка: “Ці чакаеце сьвята?”
Спадарыня: “Сьвята вельмі чакаем. Жывём зь верай у Бога. Прыходзім сюды і хачу, каб больш людзей тут бывалі. Тады адзін да другога можа будуць ставіцца лепш”.
Карэспандэнтка: “Вы прыйшлі ў царкву, як звычайна, ці таму, што хутка сьвята?”
Юнак: “Так, я прыйшоў сюды не выпадкова. Гэта адно з найвялікшых сьвятаў Раство Хрыстова, якое мы адзначаем усёй сям’ёй. Гэта вельмі сьветлае і ўрачыстае сьвята, якое ўсіх нас аб’ядноўвае. І вялікая радасьць напаўняе ў гэты дзень”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG