Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў Грузіі праходзяць у асноўным спакойна, аднак лідэры апазыцыі заяўляюць аб парушэньнях з боку ўладаў, паведамляе сайт civil.ge.


Кандыдат ад Партыі будучыні Георгі Маісашвілі заявіў, што бальшыня замежных назіральнікаў выявіла абыякавасьць да фактаў парушэньняў на выбарчых участках. Ён абвінаваціў іх у безадказнасьці і заклікаў выбаршчыкаў самім бараніць свае галасы. “Без справядлівасьці ня будзе міру, заявіў ён. Дайце нам справядлівасьць, і мы гарантуем вам мір”.

Тым часам Нэстан Кіртадзэ з апазыцыйнай Партыі працы абвясьціла, нібыта на лідэра партыі і кандыдата на прэзыдэнта Шалву Натэлашвілі рыхтуецца замах, які наплянаваны на восьмую гадзіну вечара – час закрыцьця выбарчых участкаў. Паводле яе, за плянам апэрацыі з кодавай назвай “Бгута” нібыта стаяць грузінскія ўлады.

Паводле прадстаўніцы Рэспубліканскай партыі Ціны Хідашэлі, на выбарчым участку ў Горы ўлады спрабавалі запалохваць сяброў выбарчай камісіі ад іхнай партыі.

Улады, у сваю чаргу, абвяргаюць гэтыя цьверджаньні апазыцыі, гэтаксама як і абвінавачаньні ў спробах арганізаваць паўторнае галасаваньне сваіх прыхільнікаў.

У Тэлаві на ўсходзе краіны быў арыштаваны адзін чалавек падчас спробы ўкінуць у скрыню для галасаваньня вялікую колькасьць бюлетэняў - невядома, на карысьць якога з кандыдатаў. Міністарка юстыцыі Эка Ткешэлашвілі назвала ягонае затрыманьне прыкладам гатоўнасьці ўладаў запабегнуць фальсыфікацыям.

Падчас галасаваньня Міхаіл Саакашвілі заклікаў выбаршчыкаў да актыўнага ўдзелу ў выбарах:

“Сёньня вырашаецца ня лёс Саакашвілі, а лёс Грузіі. Ён у нашых руках, руках кожнага грамадзяніна. Калі мы будзем актыўнымі, нашай будучыні нічога не пагражае. Наступныя генэрацыі будуць удзячныя нам за тое, што мы не засталіся сёньня дома, нягледзячы на дрэннае надвор’е. Сёньня мы павінны адкласьці ўбок нашыя нязгоды і сказаць: нам патрэбнае адзінства, нам патрэбны спакой”.

Ён пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, што грузінскія грамадзяне з вобласьці Галі ня могуць прыняць удзел у галасаваньні, таму што ўлады Абхазіі ствараюць ім перашкоды у перасячэньні ракі Энгуры, каб трапіць у горад Зугдзідзі: “Ім адмаўляюць у праве на галасаваньне. Я зьвяртаюся да ўсіх па гэты бок Энгуры: нашыя людзі на тым баку ўскладаюць свае надзеі на нас, і мы павінны быць вельмі актыўнымі ў прадстаўленьні інтарэсы тых людзей, паказаць, што мы адзіныя і ніхто нас не пераможа”.

Саакашвілі дадаў, што прагаласаваў за “будучыню Грузіі, наша адзінства і наша сяброўства ў НАТА”.

Паводле дадзеных на 17 гадзіну грузінскага часу, у выбарах узялі ўдзел 46% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў.

Мяркуецца, што папярэднія афіцыйныя вынікі выбараў будуць вядомыя прыблізна а 24-й гадзіне паводле грузінскага часу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG