Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля нанава распачалі разгляд пазову моладзевага грамадзкага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі да ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Актывіст абскарджвае сваё адлічэньне з навучальнай установы.

Судзьдзя Віктар Казачок высьвятляў сёньня аргумэнты бакоў — спадара Жалезьнічэнкі і прадстаўніка рэктарату, юрыста Валера Недаступа.

Папярэднім разам судзьдзя Цэнтральнага раёну Алена Цалкова прызнала правільным адлічэньне студэнта-выдатніка з трэцяга курсу матэматычнага факультэту нібыта “за сыстэматычнае парушэньне Правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэта”.

У касацыйнай скарзе ў абласны суд спадар Жалезьнічэнка прывёў 9 пунктаў парушэньня дзейнага заканадаўства падчас ягонага адлічэньня, і ў сярэдзіне сьнежня калегія абласнога суду адмяніла рашэньне судзьдзі Цалковай.

Гаворыць Зьміцер Жалезьнічэнка:

“Абласны суд знайшоў парушэньні ў той матывіроўцы, якую зрабіла судзьдзя, і накіраваў справу на новы разгляд. Па ўсіх пунктах маёй аргумэнтацыі ў матывіровачнай частцы адхіленьня маёй скаргі да ўнівэрсытэту не было нічога сказана. У прыватнасьці, што мяне адлічылі нібыта за парушэньне грамадзкага парадку, хоць было эканамічнае парушэньне. Гэта просяць удакладніць новага судзьдзю. Просяць таксама ўдакладніць усё, што тычыцца маіх нешматлікіх пропускаў ва ўнівэрсытэце, і як прэзыдыюм прафкаму даў згоду на маё адлічэньне, ня маючы на гэта права”.

Суд Цэнтральнага раёну цяпер у новым складзе разглядае справу адлічанага студэнта-выдатніка.

Унівэрсытэт пазбавіўся ад моладзевага актывіста Жалезьнічэнкі ў верасьні, пасьля таго як у вучэльню паступіў ліст з падатковай інспэкцыі пра накладзены на актывіста гаспадарчым судом штраф нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Насамрэч — за ўдзел у арганізацыі канцэрту беларускамоўных бардаў.

Раней міліцыя неаднаразова затрымлівала Зьмітра Жалезьнічэнку за правядзеньне розных моладзевых імпрэзаў.

Ніякіх прэтэнзіяў да вучобы актывіста ўнівэрсытэт ня меў. Сярэдні бал пасьпяховасьці Зьмітра за 4 сэмэстры — 9,3 бала з 10 магчымых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG