Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: прадпрымальнікі зноў выйдуць пратэставаць


Сёньня, як і ўчора, магілёўскія прадпрымальнікі выйшлі на плошчу Леніна пратэставаць супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760. Ён забараняе індывідуальным прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмную працу асобаў, якія не зьяўляюцца іх сваякамі. Сёньня прадпрымальнікі ўхвалілі патрабаваньні да ўраду і прэзыдэнта, а таксама пастанавілі 10 студзеня зноў прыйсьці на плошчу.


Каля паўтары сотні прадпрымальнікаў прастаялі на плошчы Леніна блізу дзьвюх гадзінаў. Яны чакалі агучваньня вынікаў працы рабочай групы, якая ўчора мелася cкласьці патрабаваньні да ўраду Беларусі і прэзыдэнта.

Перад дванаццатай гадзінай прадстаўніца рабочай групы, старшыня адной з гарадзкіх радаў прадпрымальнікаў Ларыса Высоціна паведаміла, што патрабаваньні сфармуляваныя і ўжо дасланыя ў Менск. У гэтым яе запэўніў першы намесьнік старшыні гарвыканкаму:

“Ліцянкоў Алег Аляксандравіч сказаў, што ліст адправілі ў Менск. Таму ня трэба тут зьбірацца і стаяць, дачакаемся адказу зь Менску. Улады пайшлі нам насустрач і даслалі наш ліст ураду. Там першым пунктам стаіць патрабаваньне ўвесьці мараторый на Ўказ № 760, і потым — каб нарэшце выйшаў указ пра прадпрымальніцтва ў Беларусі. Гэта самае галоўнае”, — зазначыла Ларыса Высоціна.

Прадпрымальнікі, аднак, засталіся незадаволеныя вынікам акцыі пратэсту:

“У Магілёве дзесяць тысяч прадпрымальнікаў і пятнаццаць тысяч найманых работнікаў — нас дваццаць пяць тысяч. Дзе гэтыя людзі? Няхай восемдзесят працэнтаў зь іх выйдзе. Калі людзі будуць тут, тады і будзе вынік. У інтэрнэце было напісана, што мы сабраліся гарэлкі папіць пад ялінкай гуртком”.

Прадпрымальнікі пастанавілі выйсьці на плошчу Леніна 10 студзеня.

На гутарку з Кабяковым нікога не запрасілі

Пакуль прадпрымальнікі стаялі на плошчы, у Магілёўскім гарвыканкаме пад старшынствам намесьніка старшыні ўраду Беларусі Андрэя Кабякова адбылася відэаканфэрэнцыя. На ёй абмяркоўваліся прапановы і праблемы, зьвязаныя з працаю прадпрымальнікаў.

Нікога з магілёўскіх прадпрымальнікаў на відэаканфэрэнцыю не запрасілі, хаця ўчора і абяцалі.

У гарвыканкаме запэўнілі, што праблемы з выкананьнем указу будуць вырашаныя:

“Сёньня ўсе, і прадпрымальнікі, і мы, сумесна займаемся рашэньнем праблемаў і пытаньняў, якія ўзьнікаюць падчас рэалізацыі ўказу прэзыдэнта. Гэта нашы людзі, а калі гэта нашы людзі, то гэта і нашы праблемы”, — зазначыў “Свабодзе” начальнік аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў гарвыканкаму Віктар Багамазаў.

Паводле ўправы прадпрымальніцтва камітэту эканомікі аблвыканкаму, у вобласьці працуюць каля 26 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Зь іх больш за дзевяць з паловай тысяч выкарыстоўваюць найманых работнікаў. На першага студзеня крыху болей за тысячу прадпрымальнікаў выканалі патрабаваньне прэзыдэнцкага Ўказу № 760 – перарэгістраваліся ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG