Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў апублікаваў дадзеныя новага сацыялягічнага апытаньня. Зь яго вынікае, што цягам мінулага году рэйтынг кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі значна зьнізіўся.


Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі паніжаўся цягам усяго мінулага году. І ўпершыню апусьціўся ніжэй за 40 працэнтаў. Калі б выбары прэзыдэнта адбыліся заўтра, то за Лукашэнку прагаласавалі б 39,9%. У студзені мінулага году гэта лічба складала 50,9%.

Паводле сацыёлягаў, цяперашняе падзеньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі адбылося не ўпершыню. Пасьля другіх прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ён упаў на мяжы 2002 і 2003 гадоў да самай нізкай адзнакі — 27%.

Параўнальна з апытаньнем, праведзеным у лістападзе 2006 году, колькасьць прыхільнікаў цяперашняй улады скарацілася на 10 з паловай пунктаў і склала 37,3%. Тым часам колькасьць праціўнікаў рэжыму падрасла на 3 з паловай пункты і склала 22%.

Палітоляг Сяргей Нікалюк зьвязвае гэта з расейска-беларускім крызісам і падвышэньнем цэнаў на расейскія энэрганосьбіты.

“Самае галоўнае, што адбылося, — гэта ў грамадзтве ўзьнікла трывога. Калі ў студзені людзі даведваліся пра крызыс з экранаў тэлевізараў і ў іх нараджаліся трывожныя думкі, то напрыканцы году пра крызыс яны даведаліся праз цэньнікі. Рэакцыя была ўжо вельмі канкрэтнай. Урэшце людзі перанесьлі адказнасьць на ўладу. Гэта і ёсьць вынік 2007 году. Улады ў тых жа навагодніх віншаваньнях раз за разам кажуць пра нейкія зьнешнія пагрозы. Аднак на пытаньне, хто ж вінаваты, людзі цяпер адказваюць — улада. І гэта адбіваецца на дынаміцы як рэйтынгу даверу, так і электаральнага рэйтынгу”.

Аднак гэта не прывяло да росту пратэстнай актыўнасьці. Паводле сацыёлягаў, аўтарытарны рэжым у Беларусі ў значнай ступені абапіраецца не на падтрымку насельніцтва, а на яго пасіўнасьць.

Большасьць -- супраць скасаваньня льготаў

Паводле вынікаў апытаньня, найбольшым даверам у Беларусі карыстаюцца праваслаўная царква і войска. Прэзыдэнт жа апынуўся на трэцім месцы. А на чацьвёртым і пятым — незалежныя дасьледчыя цэнтры і незалежныя мэдыі. Гэта значна вышэй за рэйтынг аналягічных дзяржаўных інстытутаў. Спадар Нікалюк лічыць:

“Адна з галоўных высноваў 2007 году — гэта спад даверу ня толькі да дзяржавы, а да ўсіх яе інстытутаў, і найперш да дзяржаўных мэдыяў. Бо на тыя праблемы, зь якімі сутыкнуліся, людзі не знайшлі адказаў у дзяржаўных мэдыях. Гэта выклікала спад даверу да ўсіх дзяржструктураў. Адсюль рост даверу як да недзяржаўных мэдыяў, так і да незалежных дасьледчых цэнтраў. Так звычайна рэагуе грамадзкая думка”.

Найбольш вострай праблемай удзельнікі апытаньня назвалі рост цэнаў. Больш за 74% выказаліся супраць скасаваньня льготаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG