Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Даўжэйшы час стары стыль – “юльянскі каляндар” не выклікаў ў мяне пярэчаньняў, але цяпер, пры ўсёй павазе да тых, хто яго прытрымліваецца і верыць у яго перавагі, я лічу, што варта ад “старога стылю” адмовіцца як ад архаічнага і анахранічнага.


Не абцяжарваючы чытачоў абшырнай інфармацыяй, якую пры жаданьні можна самому знайсьці, усё-ж нагадаю хаця б асноўнае. “Юльянскі каляндар”, распрацаваны астраномам Сазігенам ў 46 годзе да нашай эры, быў названы ў гонар імпэратара Юлія Цэзара. Хрысьціянская Царква прыняла каляндар ў IV стагодзьдзі, хаця ён аказаўся далёка не дасканалым. За кожныя чатыры гады назапашваліся 44 “лішнія” хвіліны, за кожныя 128 гадоў набягалі цэлыя суткі. Сапраўдны, астранамічны час веснавога раўнадзенства перастаў супадаць з каляндарным, і з 21 сакавіка пачаў прыпадаць ўсё раней. На гэтую акалічнасьць пачалі зьвяртаць увагу выдатныя астраномы і вучоныя на Ўсходзе і на Захадзе, але Царква бачыла ў гэтым запозьненьні календара і некаторыя плюсы: проста хрысьціянская Пасха (Вялікдзень) ніколі не супадала з габрэйскай, што строга забаранялася саборнымі канонамі.

Калі недакладнасьць стала выразна адчувацца, за выпраўленьне юльянскага календара выказаўся Папа Клімент VI, гэтае пытаньне разглядалі Саборы ў Базэлі, Лятэране і Трыдэнце, падрыхтоўку рэформы пачаў Папа Сыкст VI, а завяршыў Папа Рыгор VIII. Адмысловай булай “Inter grassimas” 24 кастрычніка 1582 году ён зацьвердзіў праект матэматыка і лекара Люіджы Ліліё, які атрымаў назоў “грыгарыянскага календара”. Паколькі ў выніку недакладнасьці “юльянскага” календара з IV-га па XVI-е стагодзьдзе назьбіралася 10 лішніх дзён, адлік дзён быў перасунуты наперад і адразу пасьля 4 кастрычніка 1582 году наступіў дзень 15 кастрычніка. Адначасова была выпраўлена памылка з часоў Нікейскага Сабору IV стагодзьдзя, і веснавое раўнадзенства пачало ізноў выпадаць на 21 сакавіка.

Юльянскаму календару засталіся вернымі Расейская (а гэта значыць і Беларуская ды Ўкраінская Праваслаўныя цэрквы Маскоўскага патрыярхату) а таксама Грузінская, Ерузалімская, Сэрбская цэрквы, а таксама манастыры Афону. Усе астатнія перайшлі на “новы” стыль, аднак - што трэба моцна падкрэсьліць - не на грыгарыянскі. Проста на Саборы ў Канстантынопалі ў 1923 годзе яны прынялі каляндар, распрацаваны сэрбскім астраномам Мілуцінам Міланкавічам, які атрымаў назоў “нэаюльянскі”. Новы каляндар значна больш дакладны за грыгарыянскі, але да 2800-га году ён будзе супадаць зь ім. Адсюль памылковае ўражаньне, што некаторыя праваслаўныя цэрквы перайшлі на “заходні” каляндар.

А якія аргумэнты ў тых, хто аддае перавагу старому стылю? Прыхільнікі юльянскага календара лічаць, што хаця грыгарыянскі і разам зь ім нэаюльянскі календары больш практычныя, аднак па сваёй структуры яны празьмерна “зямныя і прымітыўныя”. Яны нібыта фіксуюць кліматычныя пэрыяды на Зямлі, тымчасам як юльянскі каляндар спрабуе ўлавіць рытм Усясьвету. Некаторыя тэолягі і астраномы (пераважна расейскія) лічылі і лічаць, што не юльянскі каляндар запозьніваецца, але грыгарыянскі - сьпяшаецца. Такія вядомыя асобы, як праф. Болатаў, Глубакоўскі, Зелянкоўскі астраном Клімішын адзначалі “надзвычайную прастату, строгую рытмічнасьць зьмены простых і высакосных гадоў”. Яны, а ўсьлед за імі цэрквы, якія ня хочуць зьменаў, падкрэсьліваюць “царкоўнасьць і адухоўленасьць” старога календара.

Як я ні спрабую зразумець аргумэнтацыю прыхільнікаў старога стылю, далей ня ведаю і не магу ўцяміць - у чым палягае гэтая “адухоўленасьць” старога календара. Затое аж надта выразна бачу яго непрактычнасьць і непасьлядоўнасьць самой Царквы ў каляндарным пытаньні. Справа ў тым, што ў 337 годзе (з дапамогай аўтарытэту самога Яна Залатавуснага) усходнія цэрквы самі пагадзіліся сьвяткаваць Раство Хрыстовае 25 сьнежня і ўсьлед за ім усе сьвяты “нерухомага цыклю”. Царква фіксуе ў сваім календары, што нейкае сьвята павінна сьвяткавацца гэтак, як у каталікоў і пратэстантаў (напрыклад, 25 сьнежня) але на практыцы сьвяткуе яго на 13 дзён пазьней і пазначае гэтую рэальную дату ў дужках. Гэта ж нейкая “пабожная шызафрэнія”. (Нешта накшталт як у Маякоўскага: “Говорим: партия – подразумеваем: Ленин.) Значыць, мы нараджаемся, жывем, працуем, бярэм адпачынкі, жэнімся і паміраем у рэальным часе, паводле новага календара, але царкоўныя сьвяты адзначаем на 13 дзён пазьней. З гэтай прычыны мы зьяўляемся сьведкамі недарэчнасьці, калі гадавіну “Кастрычніцкай” рэвалюцыі адзначаюць у лістападзе! У 2100 годзе розьніца складзе ўжо 14 дзён, а яшчэ пазьней Раство пачне перасоўвацца на вясну і лета, і зразумела – некалі можа супасьці і зь Вялікаднем, што само па сабе “і сьмех і грэх”. Усё гэта -праблема далёкай будучыні, але ж мы да гэта йдзем.

Другая справа, каляндарнае пытаньне - гэта ня справа догмаў кшталту пяршэнства і беспамылковасьці Рымскага Папы і ня мае нічога супольнага з прававер'ем. Старастыльнікі трымаюцца фікцыі з упартасьцю вартай лепшай справы. Калі ў гэтай іншасьці нехта бачыць выявы сваёй адметнасьці ці слушнасьці, дык гэта слабая падстава для захоўваньня “пабожнай фікцыі”. У наш час, калі хрысьціяне падзеленыя паводле больш сур'ёзных прычынаў, найперш дагматычна-тэалягічных - варта шукаць адзінства ў тым, што не патрабуе прынцыповых саступак, і не кансэрваваць адасобленасьць заснаваную ўсяго толькі на традыцыі. Зрэшты, ужо на Маскоўскім Сынодзе ў 1948 годзе было прынятае рашэньне, што “для нерухомых” сьвятаў кожная мясцовая царква можа карыстацца новым календаром. Улічваючы досьвед Фінскай царквы, праваслаўнай дыяспары дазваляецца па-новаму сьвяткаваць і Вялікдзень, хаця “пасхаліі” вылічаюцца інакш, паводле правілаў, якія залежаць і ад сонечнага і ад месячнага цыкляў.

Адзінае, што прыходзіцца з павагай улічыць - гэта сіла той жа традыцыі і боязь перад расколам, як гэта з прычыны календара адбылося ў Грэцыі. Людзі проста да старога стылю прызвычаіліся, яны абсалютна ня мусяць быць “як усе”, але з часам непрактычнасьць і анахранічнасьць старога стылю ўсьвядомяць усе. Лепш раней, чым пазьней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG