Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2008: прагнозы, страхі, спадзяваньні


Што рыхтуе нам 2008 год? Што вы прагназуеце, чаго баіцеся , перасьцерагаецеся і на што спадзяецеся ў наступным годзе?


На гэтыя пытаньні ў апошнім ў гэтым годзе выпуску “Праскага акцэнту” адказваюць сталыя ўдзельнікі перадачы: Валянцін Акудовіч, Сьвятлана Алексіевіч, Ігар Бабкоў, Валер Булгакаў, Натальля Лешчанка, Вячаслаў Пазьняк, Юры Сьвірко і Павал Шарамет.

Дракахруст: “Што нас чакае там, за мяжою гадоў? Відаць, такое пытаньне людзі задаюць сабе спрадвеку. Калі глядзець назад, усё здаецца зразумелым і натуральным, скаваным у жорсткі ланцуг прычынаў і наступстваў. А вось наперад – адны пытальнікі. Тут ёсьць месца і халоднаму прагнозу – перадача ж аналітычная, стан абавязвае. Але і ня толькі яму – па вялікім рахунку, ніхто з нас ня ёсьць назіральнікам, усе, так ці інакш – удзельнікі. А калі ўдзельнікі, то ніколі не пазбавімся ў нашых спробах зазірнуць у заўтрашні дзень, у наступны год, ад вялікіх пачуцьцяў – страху і надзеі. Але і ці варта пазбаўляцца? Мы не назіральнікі на гэтым сьвеце яшчэ і таму, што насамрэч будучыня не прадвызначаная, яна якраз і вызначаецца нашымі сёньняшнімі надзеямі і страхамі.

Філёзаф Валянцін Акудовіч на маё трыадзінае пытаньне адрэагаваў як чалавек сапраўды адказны, найперш прыгадаўшы свой леташні прагноз на год, які пра пару дзён сыйдзе ў мінулае”.
Мы будзем жыць у нармальнай сярэднеэўрапейскай краіне, дзе будуць свае адметнасьці ад нашых суседзяў, гэта найперш значная мера прысутнасьці расейскага фактару мовы і культуры, але зь цягам часу, я думаю, гэта застанецца нашай адметнасьцю, а ня тым, што ўсур’ёз пагражае нашым мэнтальным асновам.
В.Акудовіч


Акудовіч
: "Летась, у апошняй перадачы "Праскага акцэнту", я казаў, што калі Аляксандар Лукашэнка ўтрымае сытуацыю ў краіне пасьля радыкальнага падвышэньня кошту на расейскія газ і нафту, то ён зробіцца моцным, як ніколі. А Беларусь, вызваленая і ад расейскага бізуна, і ад расейскага перніка, нарэшце стане сапраўды незалежнай дзяржавай. Падзеі гэтага году паказалі , што ўлада досыць упэўнена кантралюе сытуацыю. А каб мінімізаваць страты ад непрыязных паводзінаў Расеі, яна пачала актыўна шукаць новыя рэсурсы як унутры краіны, гэтак і за яе межамі.

Мяркую, што ў Расеі не засталася незаўважанай патэнцыйная здольнасьць Беларусі высьлізнуць з-пад яе ўплыву. Прыкладам таму – сэнсацыйная шчодрасьць Расеі як стасоўна новых коштаў на газ, так і стабілізацыйных крэдытаў. Аказваецца, што як бы ні фанабэрылася Расея сваёй гегемоніяй у рэгіёне, яна гатовая і далей плаціць вялізныя грошы, каб утрымаць Беларусь каля сябе.

Але ж пэўна і Аляксандар Лукашэнка цяпер выразна ўсьвядоміў, што лепей ня клясьціся Расеі ў любові, а ўвесь час трымаць яе ў напрузе. Таму, нягледзячы на тыя абяцанкі-цацанкі, якія ён пэўна выказаў Пуціну падчас ягонага апошняга візыту, у 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка будзе весьці актыўную зьнешнюю палітыку ў самых розных накірунках. І нават ня столькі дзеля яе самой, а каб няспынна нагадваць Расеі, што для яе Беларусь мае большае значэньне, чым яна для Беларусі.

Што да перасьцярогаў, дык у мяне заўсёды адна і тая ж перасьцярога. Пакуль Расея мэнтальна застаецца імпэрыяй, а незалежнасьць Беларусі перад усім завязаная на асобу аднаго чалавека, я трывожуся і буду ў наступным годзе трывожыцца за яе незалежнасьць. І гэтая трывога не пакіне мяне да той пары, пакуль Беларусь не адтуліць сябе ад Расеі Эўразьвязам. Разумею, што калі такое і здарыцца, то здарыцца вельмі і вельмі няхутка. Але ж кожны дадатковы год незалежнасьці ўсё болей мацуе мае надзеі, што для нас у рэшце рэшт усё складзецца добра, і мы будзем жыць у нармальнай сярэднеэўрапейскай краіне, дзе будуць свае адметнасьці ад нашых суседзяў, гэта найперш значная мера прысутнасьці расейскага фактару, расейскай мовы, расейскай культуры, але зь цягам часу, я думаю, гэта застанецца нашай адметнасьцю, а ня тым, што ўсур’ёз пагражае нашым мэнтальным асновам".


Дракахруст: “Журналіст расейскай тэлекампаніі “Першы канал” Павал Шарамет мяркуе, што галоўнай падзеяй 2008 году ў Беларусі стануць парлямэнцкія выбары. Вакол гэтага – і ягоныя надзеі, і ягоныя перасьцярогі”.
Мне здаецца, што на гэтых парлямэнцкіх выбарах беларуская апазыцыя выступіць лепш, мацней, чым яна выступіла на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, і тым больш на мінулых парлямэнцкіх выбарах.
П.Шарамет


Шарамет
: "Прагноз на 2008 год вельмі просты, і я мяркую, што многія палітыкі, журналісты і экспэрты кажуць адно і тое ж. Я ўпэўнены, што ў наступным годзе мы будзем сьведкамі чарговага ўсплёску палітычнай актыўнасьці ў Беларусі, які будзе зьвязаны з парлямэнцкімі выбарамі. І мне здаецца, што на гэтых парлямэнцкіх выбарах беларуская апазыцыя выступіць лепш, мацней, чым яна выступіла на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах і тым больш на мінулых парлямэнцкіх выбарах.

Я спадзяюся, што атрымаецца пераадолець цяжкасьці камунікацыі паміж палітычнымі партыямі, што атрымаецца пераадолець супярэчнасьці ўнутры дэмакратычнай кааліцыі, і я спадзяюся, што вялікая колькасьць людзей пераадолее ўнутраны страх і возьме актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах.

Я баюся дзьвюх рэчаў: таго, што ў крытычны момант абвастрэньня палітычнай сытуацыі ў Беларусі апазыцыйныя лідэры захістаюцца і адступяць ад тых заяваў, якія яны зараз робяць, і ізноў здрадзяць сваім прыхільнікам, і другое, чаго я баюся – што прэзыдэнт Лукашэнка ўсё ж такі прадасьць Беларусь Расеі, абмяняўшы краіну на палітычныя і эканамічныя гарантыі пэрсанальна для сябе".

Дракахруст: “А філёзаф Ігар Бабкоў, наадварот, ад палітыкі ў наступным годзе не адчувае ні страху, ні надзеі”.

Бабкоў: "Калі казаць пра спадзяваньні, страхі альбо нейкія чаканьні, я б сказаў, што на палітыку ўжо няма ані спадзяваньняў, ані страхаў. У 2008 годзе палітыка будзе зьнікаць, будзе працягваць зьнікаць самае поле палітычнага, і палітыкі будуць выглядаць у лепшым выпадку як Санта-Кляўсы на сьвяце. Яны штосьці гавораць, але ўсе разумеюць усю ўмоўнасьць гэтага дыскурсу.
На палітыку ўжо няма ані спадзяваньняў, ані страхаў.
І.Бабкоў


Значна больш спадзяваньняў у мяне на сфэру культуры, і мне здаецца, што тыя тэндэнцыі ператварэньня культуры ў шоў, у КВН, якія мы назіралі апошнія 3-5 гадоў, паціху пачынаюць ураўнаважвацца. Гэтае шоў ня можа займаць усю прастору, і ў наступным годзе я б чакаў "уздагон эпосе" выхад кніг эсэістыкі Макса Шчура і Сяргея Шыдлоўскага, прозы Марыі Роўды, якія відавочна ня ў гэтым шоў, але вельмі важныя для беларускай культурнай прасторы.

Калі казаць пра вялікія спадзяваньні і падставу для аптымізму, то мне здаецца, што самы вялікі аптымізм зьвязаны з прыходам новага пакаленьня. Мы ўжо пачынаем паціху адзначаць, і наступны год будзе пераломным, прыход ужо трэцяга пакаленьня беларускай культуры, калі лічыць з канца 80-х –пачатку 90-х гадоў. Ізноў-такі, я б чакаў кніжак Ірыны Дарафейчук і Тацяны Нядбай, калі казаць пра паэзію, кнігі Наталкі Харытанюк, калі казаць пра прозу.

Як ні дзіўна, страхаў ужо амаль што не засталося. У 1990-х страшылак было так многа, што цяпер амаль нічога і не баісься.

Праўда, калі казаць пра глябальную карцінку, то страхаў значна больш. Часам мне нават здаецца, што мы ўступілі ў стадыю Трэцяй Усясьветнай вайны, але да канца гэтага не ўсьведамляем. Вайны татальнай і скіраванай не на клясычнае зьнішчэньне праціўніка, а, як сказаў бы Гі Дэбор, на татальнае ўлучэньне ўсіх альтэрнатываў, усіх нязгодных у новы сусьветны спэктакль. Я думаю, што ў наступным годзе мы будзем назіраць чарговыя эпізоды гэтай Трэцяй Усясьветнай, зьнішчэньне гэтым татальным спэктаклем выспачак нязгоды і альтэрнатывы. Але адна з галоўных характарыстык новай эпохі – тое, што абязбольваючае, гэтая ўлада спэктаклю, настолькі моцнае, што мы не пасьпяваем спужацца".

Дракахруст: “Для Натальлі Лешчанкі , супрацоўніцы міжнароднай дасьледнай кампаніі “Global Insight”, прагнозы – гэта будзённая праца. Менавіта прадукаваньне ацэнак і прагнозаў – бізнэс кампаніі, у якой яна працуе. Ну а надзеі і страхі зьяўляюцца пад Новы год нават у аналітыкаў”.
Для Беларусі сытуацыя будзе асабліва цікавай, бо тут можа разгарнуцца барацьба паміж мясцовымі адміністрацыйнымі элітамі і расейскім бізнэсам за беларускія індустрыяльныя актывы.
Н.Лешчанка


Лешчанка: "У наступным годзе па ўсёй СНД будзе назірацца тэндэнцыя да пераразьмеркаваньня палітычнай і эканамічнай улады, у выніку чаго былыя апазыцыйныя сілы, большай часткай прадэмакратычнага настрою, будуць адкідацца на край палітычнай сцэны, а барацьба за фармуляваньне палітыкі, за прыняцьцё рашэньняў, за валоданьне індустрыяльнымі і іншымі эканамічнымі актывамі будзе адбывацца па-за межамі публічнай палітыкі, яна будзе ісьці паміж адміністрацыйнымі, рэгіянальнымі і этнічнымі клянамі.

Гэта ня вельмі добрая тэндэнцыя з гледзішча дэмакратычнага разьвіцьця, бо народ, электарат будзе мець яшчэ менш голасу, усё менш уплыву ў вызначэньні таго, што будзе адбывацца ў гэтых краінах.

Для Беларусі сытуацыя будзе асабліва цікавай, бо тут можа разгарнуцца барацьба паміж мясцовымі адміністрацыйнымі элітамі і расейскім бізнэсам за беларускія індустрыяльныя актывы. Гэта, будзем спадзявацца, адкрые новыя эканамічныя магчымасьці ня толькі для чыноўнікаў, але і для тых, хто будзе жадаць весьці свой бізнэс у краіне.

Калі гаварыць пра страхі, то гэта ўсясьветны рост цэн на прадукты харчаваньня. Гэта будзе мець цяжкія наступствы ня толькі для спажыўцоў, але і для эканомік усіх краін. Ім давядзецца сутыкнуцца з больш высокай інфляцыяй.

Што тачыцца спадзяваньняў, гэта тое, што эканамічных магчымасьцяў стане больш. Памяншэньне магчымасьцяў уплываць на палітыку знойдзе выхад у культурнай сфэры. Ёсьць спадзяваньне, што людзі, страціўшы магчымасьць уплываць на палітычныя працэсы ў сваіх краінах, зьвернуцца ня толькі да дэструктыўных дзеяньняў, але гэта можа выліцца і ў пошук сябе, у самаразьвіцьцё, у культурныя адкрыцьці. Гэта тэндэнцыя, якую мы бачым у Беларусі ўжо на працягу некалькіх гадоў”.

Дракахруст: “Юры Сьвірко, рэдактар кіеўскай газэты “Экономические известия”, глядзіць на падзеі ў Беларусі з Украіны, але беларускімі вачыма”.
Пакуль толькі Ўкраіна засталася вольнай і “довольной”, задаволенай зонай у нашым рэгіёне, і мне вельмі хацелася б, каб менавіта воля пашыралася адсюль на суседнія краіны, а не наадварот.
Ю.Сьвірко


Сьвірко: "Я прагназую, што 2008 год будзе даволі стабільным. Прынамсі, у нашым рэгіёне, ва Ўсходняй Эўропе ніякіх глябальных зьменаў не чакаецца, можа, на радасьць, а можа і на гора.

Тым ня менш, я хацеў бы, каб беларусы зразумелі, што яны ў пэўным сэнсе засталіся адны, яны апынуліся на "востраве Свабоды" і ідуць зусім ня ў той бок, куды рухаецца ўся Эўропа і нават суседняя Ўкраіна.

Пабойваюся я таго, што ў суседняй Расеі адбудуцца пэўныя палітычныя зьмены, што Расея будзе рабіцца ўсё больш падобнай да Беларусі, як гэта некалькі гадоў таму прагназавалі менскія аналітыкі, і што гэта будзе пашырацца ня толькі на Расею і Беларусь, але і на Ўкраіну.

Пакуль толькі Ўкраіна засталася вольнай і “довольной”, задаволенай зонай у нашым рэгіёне, і мне вельмі хацелася б, каб менавіта воля пашыралася адсюль на суседнія краіны, а не наадварот".

Дракахруст: “Прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, палітоляг Вячаслаў Пазьняк прапануе цэлы стос прагнозаў наконт таго, што адбудзецца ў 2008 годзе”.

Пазьняк: “Некаторыя мае прагнозы могуць ня збыцца, і, можа, яно і да лепшага. Найбольш пісьменна прагназаваць на бліжэйшую пэрспэктыву, зыходзячы з існуючых трэндаў.
Адна з найбольш сур’ёзных небясьпекаў, якую прадказвае шэраг сур’ёзных аналітыкаў, – гэта глябальны эканамічны крызыс, наступствы якога будуць цяжкімі і працяглымі, калі ён адбудзецца.
В.Пазьняк


Мы можам пэўна сьцьвяржаць, што працягнецца нафтагазавы “раман” паміж Беларусьсю і Расеяй. Тое, што гэтыя адносіны пакуль не заключаныя ў стабільны, доўгатэрміновы кантэкст, гэта відавочна.

Увесь 2007 год павялічвалася напружанасьць паміж Расеяй і Эўразьвязам, гэта прасочвалася ў тым, што было адкладзенае ўзгадненьне новай дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Мы бачылі, як раней такая ўплывовая і аўтарытэтная аргангізацыя, як АБСЭ, таксама стала ахвярай супярэчнасьцяў паміж РФ і заходнімі партнэрамі. У бліжэйшыя месяцы сытуацыя наўрад ці будзе зьмяняцца.

Што тычыцца глябальных трэндаў, то можна чакаць нарастаньне радыкальнага ісламізму, і ў сувязі з гэтым вялікую трывогу выклікаюць апошнія падзеі ў Пакістане, рэзананс якіх можа выклікаць хвалю вельмі непажаданых падзеяў у іншых кропках плянэты.

Што да небясьпекаў, мяркую, што ў беларуска-расейскіх адносінах існуюць небясьпекі двух кшталтаў. Першае – тое, што нельга выключыць чарговага крызісу ў адносінах Менску і Масквы. Супрацьлеглы прагноз, таксама надзвычай непажаданы – гэта непрымальныя з пункту гледжаньня незалежнасьці Беларусі яе саступкі Расеі ў палітычнай ці эканамічнай сфэры.

Да небясьпекаў 2008 году варта аднесьці працяг ізаляцыянісцкай палітыкі афіцыйнага Менску, патавую сытуацыю ў адносінах з Эўразьвязам і Захадам у цэлым.

Адна з найбольш сур’ёзных небясьпекаў, якую прадказвае шэраг сур’ёзных аналітыкаў – гэта глябальны эканамічны крызыс, наступствы якога будуць цяжкімі і працяглымі, калі ён адбудзецца.

Што тычыцца спадзяваньняў, то яны зьвязаныя зь першымі двума пытаньнямі. Калі казаць лякальна, то хацелася б спадзявацца на адкрыцьцё ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі і на пачатак разьбіраньня завалаў у двухбаковых адносінах. Хацелася б спадзявацца на большую гнуткасьць афіцыйнага Менску ў адносінах з ЭЗ і Захадам у цэлым, што прадугледжвае кампрамісы зь беларускага боку.

У парадыгме надзеяў хацелася б бачыць і ўмацаваньне пазытыўнай ролі беларускай апазыцыі, яе кансалідаванасьць, лепшае разуменньне з боку беларускага грамадзтва”.

Дракахруст: “Рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў мяркуе, што ў 2008 годзе беларуская апазыцыя дакажа, што чуткі пра яе сьмерць, як той казаў, крыху перабольшаныя”.
Да парлямэнцкіх выбараў я прагназаваў бы замарозку палітычнага поля і ўзмацненьне жорсткасьці рэжыму.
В.Булгакаў


Булгакаў
: "Пачну з таго, што агромністы расейскі крэдыт і абяцаньне яшчэ большага ў 2008 годзе разьвяжа нашаму рэжыму рукі і ён будзе менш схільны да зандажу глебы і да імітацыі дыялёгу з эўрапейскімі і іншымі заходнімі структурамі. І да парлямэнцкіх выбараў я прагназаваў бы замарозку палітычнага поля і ўзмацненьне жорсткасьці рэжыму.

Што датычыць эканомікі, то я мяркую, што яна будзе разьвівацца на ўзроўні, супастаўным з узроўнем 2007 году, аднак будзе нарастаць прорва ў якасьці жыцьця паміж беларусамі і нашымі заходнімі і паўночнымі суседзямі, я маю на ўвазе палякаў, літоўцаў і латышоў. Таксама прагназую карупцыйныя скандалы, гэта ўжо такі неад'емны спадарожнік нашай рэчаіснасьці. Больш за тое, я мяркую, што пакараньні гэтых будучых лукашэнкаўскіх карупцыянераў будуць больш суворымі, чым адносна апазыцыйных актывістаў. Тут нашы кіраўнікі кіруюцца прынцыпам "Бі сваіх, каб чужым страшна было”.

Таксама ў якасьці пэсымістычнага сцэнару скажу, што ў выніку самаізаляцыі нашай краіны будзе падаць узровень адукацыйнай сыстэмы. На жаль, цяперашнія палітычныя рамкі не дазваляюць беларускім навучэнцам самага рознага ўзросту і самых розных зацікаўленьняў атрымліваць адукацыю так і там, як і дзе гэта робяць іх раўналеткі ў Польшчы, Літве ці нават Украіне. Што датычыць пазытыўнай часткі, то, нягледзячы на часам апакаліптычную ўстаноўку нашых аналітыкаў, я спадзяюся, што беларуская апазыцыя выжыве, захаваецца і будзе нарошчваць свой уплыў.

Таксама спадзяюся, што беларуская культура ў 2008 годзе ня здасьць сваіх пазыцый, а, магчыма, будзе працягваць свой мікраскапічны шлях наперад".

Дракахруст: “Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч нарадзілася ў Год Пацука, як і той, што надыходзіць. Яна спадзяецца ў 2008 годзе скончыць сваю кнігу. А чаго яна баіцца?”
Расея відавочна пайшла па кітайскім шляху , вось мы і будзем Тыбетам пры гэтым "Кітаі”.
С.Алексіевіч


Алексіевіч
: "Я ехала зараз у таксоўцы, і там па радыё ўсіх палохалі Пацуком, што ён не для ўсіх будзе дружалюбным. Я сама нарадзілася ў год Пацука, так што спадзяюся, што ён мяне пашкадуе.

Для сябе я хацела б скончыць новую кнігу "Час сэкан-хэнд. Канец чырвонага чалавека". У ёй я разважаю, над Вашымі, Юры, сёньняшнімі пытаньнямі. Чаго я баюся?

Я баюся таго, што раней ці пазьней гэтая нашая беларуская рэзэрвацыя будзе падаўленая Расеяй і ўвойдзе ў гэты моцны паток. Я зараз шмат ежджу па Расеі. Там нібыта адбываецца шмат пераменаў. Але з другога боку ідзе жорсткае разьмежаваньне грамадзтва, і расейская мэнтальнасьць гэтага не прымае. Асабліва гэта бачна па моладзі. І гэта пагражае новымі катастрофамі, проста зараз дзякуючы нафтагрошам гэта ня так заўважна.

І я баюся, што Беларусь будзе ўцягнутая ў гэты вір, і вытрываць у нас няма ні матэрыялу для супраціву, ні прасторы. Гэта пачнецца ў 2008 годзе, і пачнецца вельмі нахабна, бо Расея пухне ад грошай, і каб іх уратаваць, іх трэба некуды раскідваць.

Банальнасьць, але Беларусь - гэта такі сябра Расеі, якога яна не захоча губляць і якога будуць купляць і палохаць. Гэта ж усё бачна і па крэдытах, і па ўсім: як нам іх даюць і як з намі размаўляюць.

Калі раней мы думалі, што Расея нам дасьць дэмакратыю, то зараз у яе ў самой вялікія праблемы з гэтымі інстытутамі і зь яе псыхалёгіяй. Яна відавочна пайшла па кітайскім шляху, вось мы і будзем Тыбетам пры гэтым "Кітаі".

На што я спадзяюся? На тое, што наша слабая апазыцыя паразумнее, што зьявяцца нейкія новыя людзі, новыя лідэры. Безумоўна, будуць пэўныя “браджэньні” эканамічнага характару, можа, гэта паспрыяе зьяўленьню новых людзей.

Я ня зьвязваю гэта з новым маладым пакаленьнем, якраз новае пакаленьне больш за ўсё расчароўвае, па меншай меры ў Расеі. Гэта канфармісты, прагматыкі, рацыяналісты, людзі, якія паводле сваіх жаданьняў вельмі хутка сталі старымі. Лідэры зьявяцца зь сярэдняга пакаленьня, так мне здаецца.

Гэта такія наіўныя навагоднія пажаданьні, і, я спадзяюся, такія ж страхі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG