Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыгарэтам болей ня месца ў францускіх кавярнях


З 1 студзеня ў Партугаліі, Францыі і палове земляў Нямеччыны ўступіла ў сілу забарона на курэньне ў кавярнях, барах і рэстарацыях.


Цяпер гэтыя эўрапейскія краіны далучыліся да Ірляндыі, Італіі і Вялікай Брытаніі, якія забаранілі курэньне ў кавярнях і рэстарацыях летась.

Ува Францыі летась у лютым было забаронена курыць ва ўсіх грамадзкіх месцах, зараз дайшла чарга і да рэстарацыяў і бістро. Адміністрацыя павінна будзе выдзяляць асобныя памяшканьні для курэньня з дарагім вэнтыляцыйным абсталяваньнем, а калі на гэта грошай няма, наведвальнікам давядзецца выходзіць курыць на вуліцу. Новы закон прадугледжвае жорсткія пакараньні за яго парушэньне: штраф курыльшчыку – 68 эўра, а гаспадару кафэ ці рэстарана – 135 эўра.

Францыя, дзе курыць амаль траціна насельніцтва, – адна зь лідэраў паводле колькасьці курцоў сярод краінаў Эўропы. Некалі клясычнаму вобразу багемнай Францыі – вобразу Парыжу Камю і Сартра, Пікаса і Мадыльяні, кавярні “Флёра” ў клубах цыгарэтнага дыму, – усяму гэтаму прыйшоў канец.

Зь іншага боку, паводле апытаньняў, 80% эўрапейцаў ухваляюць забарону на курэньне ў публічных месцах. Паводле дадзеных італьянскага міністэрства аховы здароўя, за 10 месяцаў ад пачатку ўвядзеньня гэтай забароны ў краіне курыць кінулі паўмільёны італьянцаў.

Ну а тым, хто не пазбавіўся гэтай шкодай звычкі, застанецца ўздыхаць аб ранейшых часах і курыць на вуліцы ці піць каву з цыгарэтай дома.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG