Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапіску замянілі рэгістрацыяй


Уступіў у сілу ўказ Аляксандра Лукашэнкі “Аб удасканаленьні сыстэмы ўліку грамадзянаў па месцы жыхарства і месцы знаходжаньня”.


З 1 студзеня ў Беларусі адменены інстытут прапіскі. Ці будзе спрошчаная працэдура рэгістрацыі ў параўнаньні з прапіскай?

Сямейныя, жыльлёвыя, падатковыя, выбарчыя, пэнсійныя адносіны, грамадзянства, мэдычнае абслугоўваньне — вось далёка ня поўны пералік сфэраў, дзе прапіска для беларуса мела вялікае значэньне. Цяпер у пашпарце замест штампу “прапісаны” будзе ставіцца штамп “зарэгістраваны”.

А.Бягун: "Нам будзе жыць нашмат цяжэй, а грамадзяніну значна прасьцей”

Намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун тлумачыць:

“Па-першае, грамадзянін ужо не выпісваецца з апошняга месца жыхарства, а гэта за яго робіць рэгістрацыйны орган. Па-другое, на ўзроўні нарматыўнага акту прэзыдэнта зацьверджаны пералік дакумэнтаў, якія чалавек павінен падаваць па месцы жыхарства альбо месцы знаходжаньня”.

Для рэгістрацыі неабходна падаць чатыры дакумэнты: заяву; пасьведчаньне асобы; дакумэнт, які служыць падставай для рэгістрацыі; і даведку пра сплату дзяржпошліны. Вызначаны канкрэтны пералік падставаў, калі грамадзяніну могуць адмовіць у рэгістрацыі. І ўведзены так званы інстытут рэгістрацыі часовага пражываньня, паводле якога грамадзянін можа зарэгістравацца на тэрмін да аднаго году.

Асноўны сэнс рэгістрацыі па месцы знаходжаньня — каб людзі, якія часова пражываюць, да прыкладу, на лецішчах альбо ў арандаваных кватэрах, маглі бесьперашкодна рэалізоўваць свае правы: лячыцца ў паліклініцы, атрымліваць пэнсію.

Усе працэдуры выконвае асоба, адказная за рэгістрацыю. Намесьнік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун перакананы, што працэдура рэгістрацыі для грамадзянаў будзе значна спрошчаная:

“Шмат якія функцыі мы будзем рабіць за грамадзяніна: накіроўваць паведамленьні, здымаць з уліку, запаўняць некаторыя формы дакумэнтаў. Грамадзяніну будзе прасьцей. Нам будзе жыць нашмат цяжэй, а грамадзяніну значна прасьцей”.

Норма жылплошчы для рэгістрацыі ў Менску - 20 кв.мэтраў, у астатніх месцах - 15

Лібэралізацыя тычыцца асобных адміністрацыйных працэдур, а некаторыя абмежаваньні, наадварот, сталі больш жорсткімі. Да прыкладу, раней у Менску можна было прапісацца на 12 квадратных мэтрах агульнай плошчы. А цяпер?

“Калі вы рэгіструецеся па месцы жыхарства, то для Менску вызначаная абавязковая норма свабоднай жыльлёвай плошчы — 20 мэтраў агульнай плошчы на аднаго чалавека”,– паведаміў Аляксей Бягун.

Акрамя таго, раней у сталіцы бацькам можна было прапісаць ня толькі сваіх дзяцей, але і іх сем'і (пры ўмове, што апошнія 3 гады яны ня мелі жытла, і калі на аднаго чалавека ёсьць 6 мэтраў). Пры рэгістрацыі гэта не прадугледжана. У іншых гарадах нарматыў для рэгістрацыі — 15 квадратных мэтраў.

Сёньня — першы працоўны дзень пасьля сьвятаў, у аддзелы грамадзянства і міграцыі пайшлі першыя наведнікі. Таму пакуль чыноўнікі ў асноўным занятыя тлумачэньнем указу: якія паперы трэба сабраць, куды зьвярнуцца. Паводле ўказу, значна скараціліся тэрміны рэгістрацыі: калі ўсе дакумэнты ў парадку, рэгістрацыю робяць за 3-4 дні, калі неабходна рабіць запыты і нешта ўдакладняць — максымальны тэрмін 13 дзён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG