Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобін далучыўся да кампаніі адкліканьня дэпутатаў


Жлобінскія дэмакратычныя актывісты распачалі кампанію адкліканьня з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дэпутата ад сваёй акругі Ніны Кабернік.


Распавядае актывіст Партыі камуністаў Беларускай Валер Рыбчанка:

“Пайшлі да Кабернік Ніны Аўгустаўны групай і задалі ёй тры пытаньні: чаму яна галасавала за адмену льготаў? Чаму не адгукнулася на ініцыятыву жлобінскіх грамадзянаў наконт адмены Палатай прадстаўнікоў кантрактнай сыстэмы найму на працу? І трэцяе пытаньне: чаму яна не сустракаецца з выбарцамі? На ўсе гэтыя пытаньні дэпутатка, на жаль, нічога канкрэтнага не адказала. Таму гэта зьявілася асноўнай падставай для яе адкліканьня з парлямэнту”.

Тлумачэньне спадарыні Кабернік наконт таго, што за адмену сацыяльных ільготаў і гарантый пэнсіянэрам, студэнтам, школьнікам яна галасавала “паводле свайго ўнутранага голасу”, жлобінскіх выбарцаў не пераканала.

Ёй нагадалі, што падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў яна абяцала гараджанам дамагацца падвышэньня жыцьцёвага ўзроўню людзей, будаўніцтва жыльля, даступнага ўсім катэгорыям насельніцтва, спрыяньня таму, каб агульныя выдаткі на аплату жытла не перавышалі чвэрці сукупнага даходу сям’і і каб плата за камунальныя паслугі адпавядала рэальным даходам насельніцтва.

У Жлобіне сабралі неабходную колькасьць подпісаў і накіравалі ў раённы савет заяву з патрабаваньнем правесьці сход і адклікаць спадарыню Кабернік з Палаты прадстаўнікоў.

Гэта лічаць тым больш неабходным, што дэпутатка адмовілася зрабіць публічную справаздачу пра сваю дзейнасьць перад гараджанамі.

Памочніца дэпутата Ніны Кабернік у Жлобіне Лідзія Палтарацкая кажа на гэта:
Добра гаварыць і добра абяцаць. А калі справа даходзіць да канкрэтных рашэньняў, то...


“Ну, быў такі ліст. Яна адказ дала афіцыйны. Пазбаўленьне людзей ільготаў, вядома, гэта непапулярная мера. Я сама, да прыкладу, страціла льготы. Але што рабіць? Добра гаварыць і добра абяцаць. А калі справа даходзіць да канкрэтных рашэньняў, то...”

Спадарыня Палтарацкая не дагаварыла, паклала тэлефонную трубку.

На сёньня, акрамя як у Жлобіне, кампанія адкліканьня дэпутатаў Нацыянальнага сходу вядзецца таксама ў Берасьці, Барысаве, Наваполацку, Мар’інай Горцы. Са словаў апазыцыйнага палітыка Валера Ўхналёва, тым самым грамадзкія актывісты ў рэгіёнах выкарыстоўваюць легальны мэтад працы ў выбарчых акругах:

“Гэта — падрыхтоўка нашых людзей да будучай выбарчай кампаніі. Гэта праца з выбаршчыкамі. Гэта канкрэтны клопат канкрэтных людзей, якія ўжо сёньня працуюць на тое, што будуць кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту на выбарах, якія адбудуцца восеньню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG