Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” апублікавала даклад “Свабода прэсы ў сьвеце ў 2007 годзе”.


Праваабаронцы паведамляюць, што летась у сьвеце было забіта 86 журналістаў, і што за апошнія 5 гадоў гэтая лічба вырасла на 244 працэнты.

Найболей журналістаў (47) было забіта ў Іраку. Адзін зь іх быў расеец, астатнія – іракцы, што працавалі для мясцовых мэдыяў. Забівалі журналістаў баевікі за сымпатыі да суперных рэлігійных групаў або за працу для замежных мэдыяў. На думку “Рэпартэраў бязь межаў”, урад Іраку праяўляе інэртнасьць і пакуль не знайшоў спосабу спыніць забойства журналістаў. Сярод забітых іракцаў былі і два карэспандэнты Радыё Свабода.

Другое і трэцяе месца паводле колькасьці забітых журналістаў займаюць Самалі і Пакістан. Там адпаведна было забіта 8 і 6 карэспандэнтаў.

За мінулы год у сьвеце было арыштавана 887 журналістаў. 135 чалавек, засуджаных да розных тэрмінаў зьняволеньня, знаходзіліся па стане на 1 студзеня 2008 году ў турме. Найбольш журналістаў сядзіць у турме ў Кітаі – 33 чалавекі, і на Кубе – 24 чалавекі. 7 журналістаў былі арыштаваныя ў Азэрбайджане.

65 кібэр-дысыдэнтаў - у турмах

У 2007 годзе за іх выказваньні ў інтэрнэце ў турму было пасаджана 65 так званых кібэр-дысыдэнтаў. Найболей інтэрнэт-журналістаў – 50 чалавек – сядзяць у турмах Кітаю. Васьмёра чалавек асуджаны ў Віетнаме. У Эгіпце малады карыстальнік інтэрнэту Карым Амэр атрымаў чатыры гады турмы за крытыку прэзыдэнта Мубарака.

Летась у сьвеце ўрадамі розных краінаў было зачынена больш чым 2600 вэб-сайтаў і блогаў.

Беларусь у даклад “Рэпартэраў бязь межаў” ня трапіла. Паводле складзенага “Рэпартэрамі бязь межаў” у канцы мінулага году рэйтынгу свабоды прэсы ў сьвеце, Беларусь займае 151 месца са 169 краінаў. Такое ж самае месца яна займала і ў 2006 годзе.
XS
SM
MD
LG