Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую падзею 2007 году магілёўцы лічыць галоўнай, чаго чакаюць у 2008 годзе?


Спадар сталага веку: “Падзеі, якія паўплывалі непасрэдна на нас, — гэта адмена ўсялякіх ільготаў. Думаем, што будзе мір, спакой і каб усім жылося добра”.

Спадар: “Вандроўка ў Ізраіль, прычым ня проста так, а паводле праграмы, якая прадугледжвала добраахвотную працу на вайсковай базе. Вось мы з жонкай два тыдні працавалі на карысьць Ізраіля і ганарымся гэтым. У 2008 годзе нічога добрага не чакаю — хіба што захаваньня свайго разумовага і творчага патэнцыялу”.

Спадарыня: “Не адбылося, канечне, нічога добрага. Напрыклад, анкалёгію выявілі ў мяне. Вось цяпер сяджу, чакаю. Паколькі ў нас шмат што адменена, то гэта складана ўсё. Чалавек заўжды чакае, каб крыху лепей было б. Кожны спадзяецца на нешта, і мы спадзяемся”.

Спадар сталага веку: “Мне запомнілася ўсё. Сьвет знаходзіцца ў зьле. Чалавек мае быць работнікам Бога. Калі ён ня будзе любіць бліжніх, а будзе любіць толькі сябе, нічога добрага ня будзе. Я хачу сказаць, што ў нас у Беларусі ідзе справа да лепшага, і дзякуй Богу”.

Спадарыня сталага веку: “Я пэнсіянэрка, сяджу на лецішчы. Няма ў мяне ніякіх навінаў. Каб быць здаровым, больш нічога. І каб быў мір на зямлі, і больш нічога”.

Спадар: “Нашы баскетбалісты занялі трэцяе месца ў Эўропе — гэта радасьць, канечне, прыемна. 2008 год — гэта алімпійскі год у Пэкіне. Заваяваць болей мэдалёў, пасьпяхова выступіць і праславіць нашу Беларусь”.

Спадар са спадарыняй: “Я з горада Санкт-Пецярбурга прыехаў у Магілёў сустракаць новы год са сваёй раднёй. Дужа насычаная такая была праграмка. Было весела. Усім здароўя, удачы ў новым годзе, каб людзі болей усьміхаліся, аптымізму, каб краіна квітнела ад усьмешак”.

Спадарыня: “У мяне другое дзіця пайшло ў першую клясу. Урэшце пачалі ўзводзіць ратушу ў нас у Магілёве. Скасавалі не па-людзку, непрыгожа льготы, што тычыцца кожнай сям’і. Ад 2008 году чакаю добрых пераменаў у сваім жыцьці”.
XS
SM
MD
LG