Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі спадзяюцца на сумленныя выбары і дыялёг з уладай


У гэтыя навагоднія дні нашыя карэспандэнты цікавяцца ў палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў прагнозам на 2008 год. Што, на іхную думку, адбудзецца важнага ў Беларусі, у сьвеце, у іхным жыцьці?


Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас кажа перадусім пра свае прафэсійныя спадзяваньні:

“Я тут узяўся за старое — завяршаю адначасова два дакумэнтальныя фільмы. Адзін пра Аду Райчонак, якая стварае галерэю ў сваёй вёсцы Германавічы. Пра праблемы падзьвіжніцтва, якое існуе і якое, можа, у рэшце рэшт выратуе Беларусь. І другі — пра пастаноўку “Народнага альбома”, якую беларуская моладзь, зьвязаная зь ліцэем, зьдзейсьніла сумесна з польскай моладзьдзю. Пра творчае супрацоўніцтва на глебе супольных старонак гісторыі.

Жадаю, каб наш ліцэй і далей працаваў і разьвіваўся.

У агульным беларускім пляне — сёлета адбудуцца парлямэнцкія выбары. Дэмакратычныя сілы павінны арганізавана выступіць і зрабіць усё магчымае, каб яны прайшлі цывілізавана, легітымна. І каб вынікі іх былі сумленныя”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч кажа, што 2008 год, у ягоных спадзяваньнях, стане годам шматвэктарнасьці беларускай палітыкі:

“2008 год — гэта год, у якім, я спадзяюся, будзе працягнуты стратэгічны курс на замацаваньне сувэрэнітэту, незалежнасьці і прагрэсу дзяржаўнасьці. Для мяне вельмі важна, каб разьвівалася грамадзянская супольнасьць, каб прадоўжыліся кантакты з эўрапейскімі калегамі.

І вельмі важна, каб на нашы дачыненьні з Расейскай Фэдэрацыяй глядзелі не праз калькулятар, а каб яны былі нармальнымі, дзелавымі і сяброўскімі. Каб для Расеі найперш галоўным быў не калькулятар, не эканамічныя разьлікі, а каб яна глядзела на ўсё гэта крыху шырэй. І тады, я думаю, можна будзе казаць пра сур’ёзны прагрэс палітыкі шматвэктарнасьці”.

Старшыня Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч чакае, што ў 2008 годзе людзі працы адчуюць палёгку:

“Хачу пажадаць працоўным, каб сёлета іх правы задавальняліся, каб улады і наймальнікі ставіліся да іх больш уважліва. І каб людзі ведалі, што ў сваіх імкненьнях да лепшага жыцьця яны не адны. Такіх людзей многа. Жадаю, каб іх стала яшчэ больш.

І каб мы прыйшлі нарэшце да таго часу, калі ўлада будзе для народу, а не наадварот”.
XS
SM
MD
LG