Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Гарбачоў: “Ня будзе зрухаў – пачнецца страйк”


Рынак "Манетка" ў Менску

Рынак "Манетка" ў Менску

Сёньня ў Беларусі частка індывідуальных прадпрымальнікаў ня выйшла на працу. Лідэры прадпрымальніцкага руху заявілі, што гэта зьвязана ня толькі са сьвятамі, але і з пратэстам супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760.


Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, з тых прадпрымальнікаў, якія павінны былі сёньня працаваць, ня выйшлі на працу больш за 50 працэнтаў. Перад Новым годам Аляксандар Лукашэнка сваім указам падоўжыў да 1 сакавіка дзеяньне льготных умоваў пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Віктар Гарбачоў заявіў:

“Гэты ўказ нічога ня вырашыў наагул. Улада будзе адносна нас жорстка дзейнічаць, калі мы будзем маўчаць. Калі ж мы будзем цьвёрда сябе абараняць, то павінны быць зрухі. Усё застаецца ў сіле: арганізацыя і правядзеньне па нарастаючай абарончых акцый у рамках Канстытуцыі, мітынгі, страйкі і гэтак далей.

Гэтыя пару тыдняў усе адпачываюць, як могуць, бяруць адпачынак з 1 па 15 студзеня. Потым — на мінулым мітынгу было прынятае рашэньне, што 10 студзеня людзі прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу і выкажуцца адносна таго, як улады ставяцца да прадпрымальнікаў. І зь лютага, калі ніякіх зрухаў ня будзе, пачнецца ўсебеларускі страйк”.

Паводле сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алеся Макаева, сёньня ў Менску ня выйшлі на працу каля 90 адсоткаў дробных гандляроў. Прадпрымальнікі бяруць адпачынкі, ня сплачваюць ня толькі падаткаў, але і арэнды. Да прыкладу, на будаўнічым рынку “Ждановічы” 1200 месцаў. Арэнды не сплацілі каля 200 гандляроў. Спадар Макаеў заявіў:

“Выказваньні Лукашэнкі былі напярэдадні Новага года. У прадпрымальнікаў проста кулакі сьціскаюцца. І толькі салідарнасьцю мы можам вытрымаць гэты націск дзяржавы. 10 студзеня пройдзе вялікі сход прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Бяда ў тым, што бальшыня з нас ня здолее працаваць ва ўмовах прыватных унітарных прадпрыемстваў. Бо няма абаротных сродкаў, няма крэдытных ліній, не прапісаны ўмовы дзеяньня юрыдычных асобаў. Лукашэнка казаў пра шэрыя схемы прадпрымальнікаў. Гэта хлусьня. Афіцыйная ўлада хлусьню навяла перад Новым годам. Гэта для беларускага народу афіцыйна гаварылася, што нібыта мы спэкулянты, барыгі і адшчапенцы. І ўлада нам стварыла льготныя ўмовы. Усё гэта хлусьня. Не было льготных умоваў. А цяпер ідзе вынішчэньне прадпрымальніцтва”.

Паводле юрыста Сяргея Балыкіна, цывілізаванасьць краіны вызначаецца стаўленьнем да прадпрымальнікаў:

“Але, на жаль, такія падыходы, калі ўсіх, як у войску, прымушаюць зрабіць нейкія дзеяньні, цывілізаванымі нельга назваць. А што тычыцца роўных умоваў, то роўных умоваў ня будзе ніколі, таму што буйнейшыя бізнэсы будуць мець лепшыя ўмовы. Лукашэнка казаў, што будуць роўныя ўмовы для ўвозу тавараў на мытную тэрыторыю Беларусі. Калі ён імкнецца стварыць гэтыя роўныя ўмовы, то чаму ён тады абмяжоўвае колькасьць працаўнікоў у індывідуальных прадпрымальнікаў?!

Для большай часткі прадпрымальнікаў пытаньне не вырашаецца, бо для іх утварэньне юрыдычнай асобы кепска пры любых умовах”.


























На здымках: сёньня пустуюць павільёны рынкаў "Зеркало" і "Паркінг"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG