Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагнозы гомельскіх актывістаў на 2008 год


Чаго чакаць у новым годзе ў Беларусі і сьвеце.


Васіль Палякоў, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП:

“У 2008 годзе адбудуцца парлямэнцкія выбары. Гэта – ня выбары, а палітычная кампанія. У залежнасьці ад таго, наколькі ў аб’яднаных дэмакратычных сілаў хопіць палітычнай волі, наколькі яны рашуча й мэтанакіравана будуць працаваць, залежыць многае. І, магчыма, новы год стане пераломным у дэмакратызацыі, у лібэралізацыі аўтарытарнай палітычнай сыстэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі зь сярэдзіны 90-х гадоў. У 2008 годзе, хутчэй за ўсё, умацуюцца пазыцыі Кітаю, і ён яшчэ больш будзе ўплываць на сусьветную палітыку”.

Пётр Кузьняцоў, рэгіянальны каардынатар стваранай партыі Свабоды й прагрэсу:

“Прагнозы ўвогуле справа ня вельмі ўдзячная. У 2008 годзе нас чакае абвастрэньне ўнутранага сацыяльна-палітычнага жыцьця ў сувязі з тым, што наша ўлада праводзіць вельмі жорсткую сацыяльную палітыку, і народ гэтым ня вельмі задаволены. Адначасова нас чакаюць парлямэнцкія выбары. І гэта будзе асноўнай падзеяй унутры краіны.
Пра сьвет ня хочу нават і загадваць. Хочацца, каб толькі ўсё было як мага лепей, каб меней было розных стыхійных бедстваў, тэрарыстычных актаў і гэтак далей”.

Алесь Яўсеенка, гомельскі праваабаронца:

“Як кажуць мудрыя людзі, не бывае так кепска, каб ня стала яшчэ горш. Год Пацука ўсё ж такі. Хто зможа “крысятнічаць”, той, на жаль, і будзе “крысятнічаць”. У палітычным жыцьці краіны я бачу, што нашы палітычныя партыі вельмі слабыя, і шанцаў на тое, каб яны набылі вагу ў новым годзе. пакуль, на жаль, ня бачна. Што датычыць нейкіх падзеяў на плянэце, то, як мы бачым, ісламскі сьвет будзе вызначаць надвор’е на міжнароднай арэне. Гэта бачна па Пакістане. І, безумоўна, уплыў на Эўропу гэтыя нафтавыя рэгіёны будуць моцны аказваць”.
XS
SM
MD
LG