Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ergo bibámus et cantémus!


Пасьля ціхіх калядных роздумаў ды пераднавагодніх клопатаў настаў час у коле сямейнікаў ды сяброў-спадароў а шэрай гадзіне першага дня перад студзеньскімі календамі за сталом гавэнду завесьці ды грыгар’янскае зь юльянскім зьмяшаць.


Блукаючы па свабодаўскіх камэнтарах ды блогах на гастранамічна-палітычныя тэмы, натрапіў я на спакусьліва-д’ябальскі тост: “Каб у нас усё было, а нам за гэта нічóга не было!”. От жа, думаю сабе, спакушае дух шайтанскі… Узгадваю параду аднаго паліттэхноляга: д’ябла можна лёгка адпрэчыць, душу захаваць і майно не згубіць. Трэба толькі натхнёна і ўслых пакаяцца: “Сьвят-сьвят-сьвят! Згінь-прападзі дух шайтанскі!”, а пасьля выразна прасьлібізаваць “Лепей – быць – чым – мець!” і выпіць зьмесьціва кілішка да дна. А потым можна і да сьпеваў пераходзіць…

Са сьпевамі, асабліва мажорна-маршавымі ды аптымістычна-застольнымі ў нас швахавата. “Дробну-драбніцу”, якую любяць старэйшыя адраджэнцы, Хадановіч з Дубаўцом некалі затаўравалі як зайздросна-рэтардоўска-аўтсайдэрска-гаротную. “Поднявший меч на нас союз” – расейская. “Как здорово, что здесь мы собрались” – таксама. “Вожык-патрыёт” – вельмі гучная ды па-беларуску, могуць і ў пастарунак, як за лаянку, забраць. Ды без Хадановіча “Вожык-патрыёт” не сьпяваецца, а на кожную зьбюрку Андрэй не растапырыцца. Дзе выйсьце? Што сьпяваць? Тут нашае сонца нам не дапаможа. Уся надзея на далёкае замежжа.

17. 12. 2007 г. у сваёй першай “умсьцьвенна-мудрагелістай” зацемцы (выраз з камэнтара блогернага чытача) я нездарма прапаноўваў сябрам “Свабоды” разгадаць загадку паходжаньня ангельскага слова jamboree (вымаўляецца як “джэмбъры”, з націскам на апошнім складзе), што значыць “шумная сяброўская бяседа, скаўцкі зьлёт, п’янка” і да т. п. Усе слоўнікі, самыя оксфардзкія, пішуць, што паходжаньне слова невядомае. Я ж сьцьвярджаў, што я ведаю гэтую тайну, таму што ведаю трохі эўрагісторыю і “эўрашыбалеты” (запіс называўся “Мой шыбалет”). Разгадка тайны, магчыма, дапаможа слухачам “Свабоды” калектыўна напісаць мажорную, сучасную, пераможна-сьцьвярджальную застольную песьню. А потым і да маршавай дойдзем.

Даю сваю вэрсію. Як вядома, на сваёй Брытанскай высьпе ангельцы доўгі час у грамадзка-дзяржаўным ужытку карысталіся французскай моваю. Напрыклад. Рычард-Ільвінае Сэрца, хоць і быў там каралём, але бавіў час за Ля-Маншам і ня ведаў ніводнага слова па-ангельску, за выключэньнем ангельскага шыбалету “God damn!”, -- не раўнуючы байранаўскі Дон-Жуан. Уявіце сабе: сядзіць Рычард-Ільвінае Сэрца ці там які кароль Артур зь сярэдневечнага рыцарскага раману на бяседзе са сваімі “рыцарамі круглага стала”. П’юць бургундзкае (віскі тады яшчэ ня выхадзілася) і сьпяваюць па-француску: “Сhevaliers de la table ronde / goûtons voir si le vin est bon…” (“Кавалеры круглага стала, давайце пагустуем, ці смачнае віно…”). А ў прыпеве (з хістаньнем і кубкавым стукам па стале) гэтай вясёлай хмельнай песьні раз-пораз сустракаюцца словы: “J’en boirai oui-oui-oui, j’en boirai non-non-non …”. “Жан буарэ” значыць “я буду яго (віно) піць”. Вось і сталі абарыгены гэты п’яны французскі гвалт называць “джэмбары”. Тут “н” ператварылася перад губным “б” у “м”, дыфтонг “оі” перайшоў у “о”, і атрымалася з французскага j’en boirai ангельскае jamboree.

Ну і што, скажаце вы? А тое, што трэба нам мажор ад пасьпяховых народаў браць, не ад расейцаў жа, а то ніякага пурызму-чысьціні ня будзе. Сьпяваем жа мы “хэпі бёзды” і нават “сто лят”. Давайце згарбузуем сваю “джамбару”, нешта накшталт беларуска-французска-ангельскага “Времечка”: “Беларусы, каб вас халера, досыць вам ужо сьлёзы ліць” (я тут ужо сьпяваю) – паўтараецца двойчы. Потым пераможна-сьцьвярджальны прыпеў: “Сьлёзы ліць – не-не-не!, сьлёзы ліць – не-не-не! / Лепш гарэлку давайце піць…”. Паўтараецца двойчы. Потым тэкст мяняецца ў бок цьвярозасьці і змаганьня. Замест “піць” зьяўляецца “біць”, “не-не-не” можа рыфмавацца з “у лайне”. “на вайне” і г. д. Прапаноўвайце свае варыянты. Ноты ў мяне ёсьць. Зьвяртайцеся праз “Свабоду”.

Загаловак гэтага блогавага запісу перакладаецца з лаціны як “Таму давайце вып’ем і засьпяваем!”. Кажуць, так падсумоўваў стан справаў духоўнай кансысторыі рымскі папа Мартын IV (пам. у 1285 г.).

З новым годам, спадарства!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG