Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На памежных пераходах Беларусі — зацішша


У пераднавагодні тыдзень колькасьць аўтатранспарту і грамадзянаў, якія скіроўваюцца ў іншыя краіны праз памежныя пераходы Беларусі, істотна зьнізілася.


Як канстатуюць у Дзяржаўным памежным камітэце, у агульным вымярэньні гэты паказьнік шмат дзе амаль на 20% меншы, чым на пачатку сьнежня. Адкуль такі спад актыўнасьці ў традыцыйны пік турыстычнага сэзону — на Каляды і Новы год?

Кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту істотнае зьмяншэньне людзкога і транспартнага патоку празь межы Беларусі тлумачыць пашырэньнем Шэнгенскай зоны, якое адбылося 21 сьнежня.

У прэсавай службе ведамства агучылі статыстыку апошняга тыдня: пачынаючы ад 22 сьнежня і да 29-га ўключна
Для беларусаў віза — 60 эўра, для расейцаў — 35
колькасьць грамадзянаў і транспарту на межах зьнізілася на 7 і 19% адпаведна — калі параўноўваць з папярэднім тыднем. І гэты пры тым, што шмат хто яшчэ выяжджае паводле візаў, аформленых да пашырэньня адзінай візавай прасторы і за ранейшыя кошты.

Нагадаем, што 15 лістапада 2007 году Эўрапарлямэнт ухваліў уваход у Шэнгенскую зону з 21 сьнежня дзевяці новых краінаў: Чэхіі, Вугоршчыны, Мальты, Польшчы, Славаччыны, Славеніі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Сёлета на пачатку верасьня гэтыя дзяржавы далучыліся да Шэнгенскай інфармацыйнай сыстэмы паліцэйскіх зьвестак, якая мае на адмысловым кантролі 17 мільёнаў запісаў пра “падазроных асобаў”.

Вырашальным момантам стала цэнавая планка, усталяваная Эўразьвязам для грамадзянаў Беларусі — 60 эўра за аднаразовую візу. Эўрапейскія структуры не хаваюць: да фармаваньня візавых коштаў наўпрост спрычынілася пазыцыя кіраўніцтва Беларусі, якое адмаўляецца выконваць рэкамэндацыі Эўропы, у прыватнасьці, не жадае забясьпечыць у Беларусі свабоду слова, спыніць перасьлед апазыцыі і вызваліць палітвязьняў. Для параўнаньня: адзіная эўравіза для грамадзянаў Расеі і Ўкраіны каштуе 35 эўра. Да 21 сьнежня літоўскія візы для беларусаў каштавалі ўсяго 5 эўра, а Латвія ўвогуле афармляла іх бясплатна.

Кіраўнік рэклямна-турыстычнага агенцтва “Эдэльвэйс” Іван Кобзік перакананы, што новыя візавыя тарыфы істотна абмяжуюць міжнародныя паездкі беларусаў:

“Да такога кошту, параўнальнага зь сярэднім тыднёвым заробкам беларуса, даволі цяжка прызвычаіцца. І, безумоўна,
Кошт візы — як тыднёвы заробак беларуса
пацерпяць у першую чаргу недарагія туры ў суседнія краіны, якія былі вельмі папулярныя. Тыя ж “уік-энды” ў прыбалтыйскіх краінах, перадусім у Літве; наведваньне аквапаркаў у Польшчы. Зь іншага боку, перад турфірмамі адчыняюцца магчымасьці пабудовы камбінаваных тураў у краіны больш далёкія. Перадусім гэта тычыцца аўтобусных тураў, калі можна ўсю Эўропу праехаць практычна па адной візе і ня думаць, якая краіна ў Шэнгене, якая — не, куды можна заяжджаць, а што трэба абмінаць. Але ўсё ж на першым часе будзе, вядома, спад. Менавіта коштам краін блізкіх, недарагіх, якія і давалі асноўную масу выязнога турызму”.

Карэспандэнт: “Але пад амбасадамі, напэўна, будзе менш людзей, аб’ектыўна зьменшацца чэргі...”

“Так, каля амбасадаў Польшчы, Літвы сапраўды, відаць, людзей будзе менш. Напрыклад, ля францускай амбасады, яна якраз недалёка ад майго офісу, чэргаў апошнім часам я таксама ня бачыў. Але насамрэч перад уступленьнем суседніх краінаў у Шэнген усе хацелі туды патрапіць, што называецца, апошнім разам, або адкрыць нейкую нацыянальную візу, зьезьдзіць на навагоднія сьвяты. А потым, бясспрэчна, усё будзе ўжо ня так”.

Між тым кіраўніцтва МЗС Беларусі яшчэ спадзяецца дачакацца рэакцыі Эўракамісіі на прапановы, зробленыя сёлета беларускім бокам. Афіцыйны Менск усё ж разьлічвае пачаць перамовы з Захадам у справе лібэралізацыі візавага рэжыму.

Нагадаем, што ўласна Шэнгенскае пагадненьне было падпісанае яшчэ ў 1985 годзе, аднак набыло моц толькі праз 10 гадоў, у сакавіку 1995-га.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG