Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брытанія чакае ад Беларусі вызваленьня палітвязьняў


Часовы павераны ў справах Вялікай Брытаніі ў Беларусі Н.Гулд-Дэвіс - пра ўмовы магчымага паляпшэньня беларуска-брытанскіх стасункаў.


Вызваленьне ў Беларусі палітычных зьняволеных магло б ня толькі стаць самым важным крокам на шляху нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам, але і актывізаваць разьвіцьцё двухбаковага брытанска-беларускага супрацоўніцтва, у прыватнасьці ў сфэры эканомікі, – лічыць Н.Гулд-Дэвіс.

"Перавагі цяперашняй палітыкі ў краіне ў галіне правоў чалавека незразумелыя, але мінусы для міжнароднай рэпутацыі Беларусі ў цэлым відавочныя, — падкрэсліў брытанскі дыплямат. — Вызваленьне палітзьняволеных стала б для эўрапейцаў яскравым сыгналам таго, што сытуацыя ў краіне зьмяняецца да лепшага".

Паводле яго словаў, на такі крок станоўча адрэагавалі б ня толькі эўрапейскія чыноўнікі, але, магчыма, і буйныя брытанскія карпарацыі. "Для самых адказных заходніх бізнэсаў такія фактары, як выкананьне або парушэньне правоў чалавека ў краіне робяць уплыў на прыняцьце ключавых рашэньняў”, — сказаў Н.Гулд-Дэвіс.

З важных для краіны зьнешнеэканамічных падзей гэтага году, што могуць мець разьвіцьцё ў наступным годзе, суразмоўца БелаПАН адзначыў атрыманьне Беларусьсю сувэрэннага крэдытнага рэйтынгу. Паводле яго слоў, гэты крок — "сьведчаньне гатоўнасьці краіны выйсьці на міжнародны рынак".

"Верагодна, беларускі ўрад мае намер разьмясьціць эўрааблігацыі ў 2008 годзе, — лічыць Н.Гулд-Дэвіс. — У сувязі з гэтым асабліва важна захаваць атрыманы рэйтынг высокім, а гэта ў многім будзе залежаць ад макраэканамічнай сытуацыі ў краіне. Асабліва калі ўлічваць пастаянны рост цэн на нафту і газ. Беларусь мусіць працягваць працу над тым, каб адаптаваць сваю эканоміку да росту кошту энэргарэсурсаў. Мне падаецца, што ў мінулым рост эканомікі краіны ў многім залежаў ад таннай энэргіі. Цяпер сытуацыя мяняецца і патрабуе пераходу ад кароткачасовых адаптацый да доўгатэрміновых рашэньняў. А гэта разьвіцьцё, найперш, прыватнага сэктару эканомікі і стварэньне больш спрыяльных умоў для зьнешніх інвэстыцый".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG