Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не хацелася б пад Новы год псаваць настрой ні сабе, ні людзям алярмічнымі страшылкамі. Але цяжка не заўважыць пэўнага падабенства падзеяў і часоў.


Труізмам журналістыкі стала тэза, што ХХ стагодзьдзе насамрэч пачалося 1 жніўня 1914 году, а дакладней, 28 чэрвеня, калі сэрбскі тэрарыст Гаўрыла Прынцып забіў у Сараеве спадкаемцу пасаду Аўстра-Вугорскай імпэрыі, эрцгэрцага Франца Фэрдынанда.

Праўда, пачатак ХХІ стагодзьдзя агульная думка ўжо нібыта зарэзэрвавала за 11 верасьня 2001 году, днём тэрарыстычнай атакі на Амэрыку. Але дзень 27 сьнежня 2007 году, калі ў далёкім Равалпіндзі таксама тэрарыст забіў лідэрку пакістанскай апазыцыі Бэназір Бгута, можа стаць, так бы мовіць, яшчэ адным пачаткам стагодзьдзя, а можа і адзіным сапраўдным.

Спачатку пра тое, чаму ня стане. Усё ж забойства эрцгэрцага наўпрост закранала інтарэсы тагачасных міжнародных гульцоў: Вены, чый будучы імпэратар загінуў ад кулі Прынцыпа, Бялграду, які меў пэўнае, па меншай меры ідэйнае, дачыненьне да тэракту, Санкт-Пецярбургу, які абвяшчаў сябе абаронцам сэрбскіх братоў. Менавіта гэтае спляценьне міжнародных інтарэсаў і запусьціла тое, што гісторыкі потым назвалі “дыпляматычнай машынай Страшнага суду”.

Хаця па-эўрапейску арыентаваная прыхільніца дэмакратыі Бэназір і выклікала вялікія сымпатыі заходніх дзяржаваў, але ні іх інтарэсы, ні інтарэсы іншых вялікіх дзяржаваў забойствам у Равалпіндзі наўпрост закранутыя не былі – унутраная справа, распачынаць змаганьне кшталту таго, што распачалося пасьля 28 ліпеня 1914 г., няма нагоды.

Але аналёгія тут прасочваецца больш глыбінная. Справа ў тым, што наагул змаганьне на Балканах дзьвюх імпэрый, Аўстра-Вугорскай і Расейскай, стала вынікам дзяльбы паміж імі спадчыны “хворага чалавека Эўропы” ХІХ стагодзьдзя – Атаманскай імпэрыі. Дарэчы, анэксія Аўстра-Вугоршчынай Босьніі і Герцагавіны (аднаго з кавалкаў Турэцкай імпэрыі) у 1908 годзе ўжо тады ледзь не прывяла да ўсеэўрапейскай вайны. Тады абышлося, аднак заклалася міна запаволенага дзеяньня, якая празь некалькі гадоў і выбухнула.

Небясьпека палягае ў тым, што забойства Бгута можа стаць мэханізмам, які прадэманструе, што Пакістан – “хворы чалавек Азіі” ХХІ стагодзьдзя.

Гледзячы на тое, як пакістанскія войскі і спэцслужбы жорстка здушваюць забурэньні і пагромы, справакаваныя забойствам Бгута, застаецца маліцца, каб ваенны дыктатар Пэрвэз Мушараф утрымаўся ва ўладзе. І не з прычыны сымпатый да яго (ніякіх сымпатый ён ня выклікае), а з прычыны ўсьведамленьня, якія альтэрнатывы.

Насамрэч, усталяваньне ў гэтай 160-мільённай краіне ўлады нейкіх ісламістаў, такі другі Іран ці, дакладней, Аўганістан часоў кіраваньня талібаў, але зь ядзернай зброяй – сцэнар жахлівы, але, магчыма, ня самы горшы. Горшае - гэта ператварэньне гіганцкай краіны Азіі ў “failed state” – недзеяздольную дзяржаву, дзе правінцыя ваюе з правінцыяй, а цэнтральная ўлада не кантралюе нічога, акрамя сталіцы. З адзіным бандытам, які кантралюе тэрыторыю краіны, яшчэ неяк можна дамовіцца, зь Дзікім полем вайны ўсіх супраць усіх дамовіцца немагчыма.

Полымя гэтага распаду дзяржавы можа перакінуцца на суседні Аўганістан, дзе адносны парадак дагэтуль падтрымліваецца пераважна амэрыканскімі салдатамі. Больш таго, менавіта пакістанская вайна ўсіх супраць усіх можа запусьціць машыну Страшнага суду ХХІ стагодзьдзя. Прадметы канфлікту перадвызначаныя гісторыяй: Пакістан неаднойчы ваяваў зь Індыяй з-за Кашміру, справа ледзь не дайшла да чарговай вайны пару гадоў таму. Як у палявых камандзіраў грамадзянскай вайны, гэтак і ў слабога цэнтральнага ўраду можа ўзьнікнуць моцная спакуса згуртаваць нацыю амбіцыйным праектам вяртаньня Кашміру.

І наадварот: “failed state” пад бокам - велізарная спакуса для суседзяў, па-першае, у мэтах бясьпекі навесьці там парадак, а па-другое, падзяліць спадчыну такога суседа-небаракі. А гульцы там – краіны, якім суджана стаць галоўнымі гульцамі гэтага стагодзьдзя – Кітай і Індыя.

Паводле гісторыкаў, калі адказнасьць за пачатак Першай Усясьветнай вайны – пытаньне надзвычай складанае, то абсалютна пэўна, што ніхто тады не хацеў такой вайны. Вена адно хацела паставіць на месца Бялград і прынізіць Санкт-Пецярбург, Расея хацела папалохаць Вену, Бэрлін хацеў паказаць, што зь ім павінны лічыцца. Разьлічвалі ў горшым выпадку на вайну, якая скончыцца праз пару месяцаў мірным трактатам, мясарубка грамадзянскай вайны ў ЗША нікога нічому не навучыла.

Цяпер, праўда, усе ведаюць, што такое атамная бомба, якую мае і Пакістан, і Індыя, і Кітай. Аднак цяпер, як і ў 1914 годзе, на вышэйшых пасадах у вялікіх дзяржавах прафіцыту Чэрчыляў і Рузвэльтаў неяк не назіраецца. Праўда, і Гітлера на даляглядзе не праглядаецца, але для арганізацыі ўсясьветнага Армагедону, як паказаў досьвед 1914 году, наяўнасьць такіх пачвараў і неабавязковая, тагачасныя гаспадары сьвету, палітыкі сярэдняй рукі, ня мелі ніякіх злавесных плянаў глябальнага панаваньня, а насамрэч усяго толькі хацелі, як лепш. Бяда, што атрымалася нават не як заўсёды.

Беларусам, так падаецца, гэтая небясьпека якраз павінна быць зразумелай. Доўгае расейскае панаваньне прывучыла іх да мысьленьня ў глябальных катэгорыях, што цяпер аказваецца і дарэчным. Нават цяперашнія заляцаньні афіцыйнага Менску да далёкіх і экзатычных Кітаю, Вэнэсуэлы і Ірану, пры ўсёй нехлямяжасьці такой палітыкі, маюць пэўнае рацыянальнае зерне на ўзроўні разуменьня, што сьвет стаў адзіным ці, паводле трапнай формулы амэрыканскага публіцыста Тома Фрыдмана, “пляскатым”. Вашынгтон, Менск і далёкі Равалпіндзі сёньня не аддзяляюць непераходныя геапалітычныя “горы”, дошка для гульні – адна. Прычым адна не ў гуманітарным сэнсе, што, маўляў, беларусам пакуты пакістанцаў блізкія, як свае. Ніяк ня блізкія, хіба хтосьці на сэкунду падумае пра дзікуноў, якія забілі сымпатычную жанчыну, і ўсё. Ня ў тым, на жаль, справа.

Напачатку ХІХ стагодзьдзя вялікі Гётэ зь філязофскай мэлянхоліяй пісаў у сваім “Фаўсьце” пра забурэньні на Балканах, што “ў Турэччыне далёкай народы рэжуцца і б’юцца”. Тады гэта здавалася сапраўды нават далей, чым сёньня ад нас Пакістан. Значна пазьней, у 1871 годзе, Бісмарк, гаворачы пра тыя самыя Балканы, адзначаў, што “ўсё ўсходняе пытаньне не каштуе касьцей аднаго памэранскага грэнадэра”. Але праз 100 гадоў пасьля Фаўста і 40 пасьля Бісмарка менавіта з-за стрэлу ў былым турэцкім Сараеве сотні тысяч суайчыньнікаў Гёте і Бісмарка, а таксама расейцаў, французаў і брытанцаў, клалі свае косьці ў палях Фляндрыі і Мазурскіх балотах.

Напалохаў? Не, лухта ўсё гэта, гэтым разам абыдзецца. Сцэнар магчымы, але малаімаверны. Гэтым разам. На наш век спакою хопіць. Па меншай меры, хопіць часу сесьці за стол, наліць халоднай гарэлкі і пажадаць, каб усе нягоды і страхі засталіся ў 2007 годзе, а далей усё было добра. Так і будзе.

З Новым годам, сябры!
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG