Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: партыйныя арганізацыі пазбаўляюць офісаў


Рэгіянальным арганізацыям Партыі камуністаў Беларускай ды Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) не падоўжылі дамоваў на арэнду памяшканьняў, якія служылі партыйцам юрыдычнымі адрасамі. Тэрміны арэнды скончацца 31 сьнежня.


Кіраўнікі партыйных арганізацыяў зьвязваюць непадаўжэньне арэнды са спробамі мясцовай улады ліквідаваць рэгіянальныя партыйныя структуры перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.

Паводле кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Валера Беразіенкі, абласная ўправа жыльлёва-камунальнай гаспадаркі сваю адмову ў падаўжэньні арэнды матывуе нястачай памяшканьняў для кампутарных і сэрвэрных службаў.

Валер Беразіенка пісьмова зьвярнуўся да старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры, каб той дапамог вырашыць пытаньне з падаўжэньнем арэнды памяшканьня.

Юрыдычны адрас рэгіянальнай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай знаходзіцца ў адміністрацыйным будынку на вуліцы Дзяржынскага. У гэтым будынку арандуе памяшканьне і рэгіянальная арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі.

Рэгіянальнае прадстаўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) арандуе офіс у прыватным будынку.

Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч паведаміў “Свабодзе”, што гаспадар будынку не назваў пакуль прычынаў адмовы ў падаўжэньні арэнды, але паінфармаваў, што падаўжаць яе ён не зьбіраецца.

Калі цягам месяца пытаньне зь юрыдычнымі адрасамі ня будзе вырашана, мясцовая ўлада можа скасаваць партыйным структурам дзяржаўную рэгістрацыю.

Няпэўная сытуацыя зь юрыдычным адрасам застаецца і ў рэгіянальнай арганізацыі “Руху “БНФ Адраджэньне”. Ад сакавіка сядзіба арганізацыі апячатаная. Кіраўніцтва магілёўскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі й гарвыканкам ухіляюцца ад разгляду варыянтаў арэнды юрыдычнага адрасу, якія прапануе кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі “Рух “БНФ Адраджэньне” Рыгор Кастусёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG