Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у 2007 годзе разьвіваўся беларускі інтэрнэт? Якія найбольш яскравыя падзеі зьвязаныя зь беларускім сецівам і чаго варта чакаць у байнэце ў найбліжэйшы час?


Генэральны дырэктар прадпрыемства “Надзейныя праграмы” і старшыня рады дырэктараў tut.by Юры Зісер адзначае значны рост колькасьці карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі – цяпер гэта прыкладна 25 адсоткаў ад усяго насельніцтва краіны:

“Калі параўнаць з Расеяй, то гэта вельмі шмат, бо ў Расеі 17 адсоткаў. А калі параўнаць з Заходняй Эўропай, то там лічбы 60, 70, 80 адсоткаў”.

Абысьці Расею ў гэтым паказьніку Беларусі дазваляе прыкметна меншая тэрыторыя й магчымасьць правесьці інтэрнэт практычна ў кожны куток краіны: цяпер у сеціва можна выйсьці зь любой вёскі, тлумачыць спадар Зісер. У Расеі такое немагчыма: напрыклад, у Сібіры і на Далёкім Усходзе доступ у сеціва ёсьць толькі ў вялікіх гарадох.

Таксама кіраўнік фірмы “Надзейныя праграмы” адзначае прырост прыбыткаў інтэрнэт-кампаніяў. За 2007 год яны складуць каля 3 мільёнаў даляраў – гэта ўдвая болей за леташні паказьнік.

Вялікіх стратаў байнэт не панёс

Кіраўнік праекту “Акавіта” Фёдар Караленка лічыць, што 2007 год быў ня дужа багаты на падзеі: інтэрнэт разьвіваўся павольна ў параўнаньні з папярэднімі гадамі:

“Рост колькасьці беларускіх карыстальнікаў у інтэрнэце ўжо прыпыніўся. Захоўваецца яшчэ нейкі рост, але ён ідзе ўжо не такімі тэмпамі, як, напрыклад, пяць год таму, калі колькасьць карыстальнікаў павялічвалася ўдвая за год. Цяпер гэта павольны рост на 10-15 адсоткаў за год – гэта ня тыя лічбы, пра якія можна казаць, што гэта дасягненьне. Самая актыўная частка насельніцтва ўжо прыйшла ў інтэрнэт – гэта моладзь. Астатнія – гэта альбо тыя, што яшчэ не дарасьлі, бо малыя, альбо, наадварот, старэйшае пакаленьне, традыцыйна кансэрватыўная частка грамадзтва, якая ўсе навінкі заўсёды ўспрымае насьцярожана”.

Фёдар Караленка сярод новых зьяваў у байнэце адзначае itv.by – сайт вэбаўскага тэлебачаньня. Вялікіх стратаў байнэт сёлета не панёс. Але паасобныя праекты згортваюцца.

“Можна зайсьці, напрыклад, на аўкцыёны TUT.by, – расказвае Караленка, – і там у разьдзеле “Сайты і навіны” пабачыць некалькі праектаў, якія прадаюцца й выстаўленыя на аўкцыён. Гэта паказьнік таго, што яны непрыбытковыя. Сярод такіх сайтаў былі kyrort.by, ohota.by – нішавы такі праект. Нешта ў іх не пайшло, цяпер яны прадаюцца”.

Рок-музыкі робяцца блогерамі

У 2007 годзе ў Беларусі яшчэ больш папулярным стала блогерства. Шмат вядомых асобаў распачалі свае блогі – хто на сайце LiveJournal.com, хто на TUT.by. Блогерам сёлета стаў і Юры Зісер. Чаму?

“Як ня сьмешна, але найперш гэта неабходнасьць папулярызаваць блогі ў Беларусі, каб беларускія блогі былі ў Беларусі, а ня недзе там на ЖЖ. Вось я вырашыў дзейнічаць асабістым прыкладам – паказаць, як трэба гэта рабіць”.

Дарэчы, разьдзел блогаў зьявіўся на TUT.by толькі сёлета, і за колькі месяцаў там ужо зарэгістравана 1600 блогаў. Зрэшты, сайт LiveJournal.com па-ранейшаму застаецца запатрабаваным сярод беларускіх карыстальнікаў. Сёлета свой блог у ЖЖ пачаў лідэр гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі. Для яго гэта адзін са спосабаў самавыражэньня:

“Можна шмат сабе дазваляць таго, што ты ў артыкуле альбо ў эсэ для якой-небудзь газэты ці часопісу наўрад ці сабе дазволіш. Можна быць абсалютна несур’ёзным, можна ўжываць слэнгавыя словы, якія я, маючы пэўную школу пісаніны для розных выданьняў, сабе не дазволіў. Тым болей ёсьць заўсёды фармат выданьня”.

Беларуская блогерка прызнаная найлепшай у сьвеце

Сёлета інтэрнэт-дзёньнік Фотаграфаманства беларускага фатографа Ксеніі Авімавай прызнаны найлепшым на міжнародным конкурсе “The Best of Blogs”, арганізаваным “Нямецкай хваляй”. Па выніках галасаваньня зь перавагай аднаго голасу беларускі блог абышоў амэрыканскі TechPresident, прысьвечаны будучым прэзыдэнцкім выбарам у ЗША. Вось што апавяла сама пераможца конкурсу:

“Для мяне гэта сапраўды было вельмі вялікай нечаканасьцю, вельмі прыемнай, бо я ня думала, што мой блог абяруць у якасьці найлепшага блогу паводле вэрсіі “Нямецкай хвалі”. На сайце конкурсу зладзілі галасаваньне для карыстальнікаў. Я ведаю, што за мяне галасавалі ня дужа актыўна, пагатоў я ўжо ня думала, што журы, якое складаецца зь вядомых блогераў і журналістаў, гэтак высока ацэніць мой блог”.

“Кефірная баталія”

Яшчэ адна падзея, зьвязаная з блогамі – акцыя Яўгена Ліпковіча, якую ён распачаў восеньню. Блогер, хворы на цукровы дыябэт, сутыкнуўся з праблемай: у Менску немагчыма набыць абястлушчаны кефір. Спадар Ліпковіч правёў уласнае дасьледаваньне праблемы, абзваніў дзясяткі чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і дайшоў да ўраду. Выявілася, што вытворчасьць гэтага прадукту ў Беларусі спынілася ўвогуле. Уся хроніка “кефірнай баталіі” вялася ў сеткавым дзёньніку Ліпковіча. Настойлівасьць блогера дапамагла вырашыць праблему, якая хвалявала ня толькі яго пэрсанальна:

“У нейкі момант я ўжо зразумеў, што, апроч мяне, гэтай праблемай цікавяцца многія. Дарэчы, людзі пісалі ў інтэрнэце: у мяне бабуля хворая на дыябэт, у мяне маці хворая на дыябэт, нам гэта трэба, а мы ня можам затарыцца. То бок ёсьць праблема. У пэўны момант я зразумеў, што ўжо можна казаць ня “я”, а “мы”. Дзяржаўнае мысьленьне павінна выглядаць так: альбо мне даюць два літры кефіру, альбо мне іх не даюць і я выклікаю “хуткую дапамогу”, якая прыяжджае за дзяржаўны кошт”.

У наступным годзе Яўген Ліпковіч абяцае новую баталію – ён будзе дамагацца адмены падатку, які, на ягоную думку, абмяжоўвае магчымасьці для чалавечага разьвіцьця ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG