Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГА” 28 сьнежня


Агляд беларускага сеціва.


На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну пра звбойства былога прэм’ер-міністра Бэназір Бгута, якая стала ахвярай тэракту. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Я заўсёды баялася за гэтую адчайную жанчыну. Ніякая ўлада ня вартая такой ахвяры. Жахлівая навіна”.

“Жанчына ў палітыцы – гэта ўжо подзьвіг... Жанчына ў палітыцы ў мусульманскай краіне – гэта геройства чыстай вады... Зямля пухам”.

“Шкада. Але генэрал Мушараф не для таго ўладу браў і ісламістаў “танкамі душыў”, каб аддаць краіну камусьці”.

Блогер L_u_f_t разважае пра асаблівасьці беларускай рэклямы: “Не, ну ўсё зразумела, што ѕ рэклямы ў цэнтральнаэўрапейскай рэспубліцы створана не дзеля таго, каб паболей прадаць, а каб было “як у людзей”... Па-першае, я не разумею, навошта трэба неадушаўлёным прадметам прыпісваць чалавечыя якасьці? Інтэлектуальная мука, якая віншуе насельніцтва Сінявокай з Новым годам – гэта што такое? Мяне ўвогуле пужае сам факт таго, што на нашай блакітнай плянэце ёсьць яшчэ нейкае разумнае жыцьцё, апроч чалавека. А калі яна ўжо прарвалася на ТБ і пачынае мне нечага зычыць у новым годзе – дык варта задумацца, а ці маю я права мясіць, пекчы і жэрці разумную істоту, ды яшчэ такую добразычлівую?.. Па-другое, стала вельмі модна прыдумляць розныя казачныя краіны. “Малочная краіна”, “Шакалядная краіна”, “Краіна печыва”, верагодна, павінны выклікаць у піпла нейкае замілаваньне й маляваць у галаве карцінку, дзе гэткае блакітнае неба на ўвесь экран, а пад ім сьпяць, ходзяць на працу ды займаюцца лухтой такія да ідыятызму шчасьлівыя шакалядныя/малочныя/печыўныя людзі...”

Блогер Klezmer добрым словам згадвае ў сваім дзёньніку Яўгена Ліпковіча і ягоную “кефірную баталію”. “Трэба прызнаць, настойлівасьць Ліпковіча ўсё ж прабіла дзірку ў непрабіўнай сьцяне айчыннай бюракратыі. Дзякуючы ягоным высілкам, я сёньня выпіў абястлушчанага кефіру”.

На сайце www.generation.by зьмясьцілі новы артыкул пра незвычайных істотаў, створаных чалавекам у 2007 годзе. Сярод такіх істотаў – котка, якая на ўсё жыцьцё застаецца кацянём і не расьце. Tarka камэнтуе прачытаны артыкул: “Сапраўды страшна думаць, да чаго толькі не дадумаюцца людзі. Спадзяюся, коткі, якія заўжды застаюцца кацянятамі, будуць толькі зьнешне такімі. Бо як жа разумовае развіцьцё? Ад такіх экспэрымэнтаў да людзей зусім недалёка. Будуць хадзіць дзяўчаты, якім "заўжды 16", а па ўзросьце ўжо даўна на пэнсіі».

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG