Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хочацца верыць у шчасьлівы Новы год...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 29 сьнежня 2007 году

2007 год адлічвае апошнія дні. Якім быў ён для нашых слухачоў? Што захаваецца ў памяці ад пражытага і перажытага?
Рыхтуючы гэты сьвяточны, апошні ў амаль ужо прамінулым годзе выпуск праграмы “Паштовая скрынка-111”, я яшчэ раз перагарнуў стосы вашых, шаноўныя сябры Свабоды, лістоў за мінулыя дванаццаць месяцаў. У іх, як у люстэрку, адбіліся падзеі, успаміны, уражаньні часу, сьведкамі і ўдзельнікамі якога ўсе мы былі.
Для сёньняшняй перадачы я выбраў некаторыя лісты з нашай багатай пошты 2007 году. Давайце разам успомнім, чым жылі, пра што думалі, чаму радаваліся і зь якой нагоды смуткавалі мы на працягу гэтых месяцаў.
Аўтар аднаго зь лістоў нашай студзеньскай пошты — Міхаіл Басевіч зь Пінску. Слухач пісаў:
“Трэба, каб чалавек жыў ня толькі страўнікам,як большасьць нашых суайчыньнікаў, якім усё, як кажуць, “па барабану” — былі б выпіўка і закусь. Трэба, каб ён ад нараджэньня быў цікаўным, імкнуўся ведаць як мага больш пра сваё атачэньне, пра сусьвет — тады абавязкова знойдзе Свабоду”.
З той жа сьвяточнай пошты, атрыманай амаль год назад, — ліст Паўла Васілевіча зь Менску.
“Веру, што нашым унукам удасца зрабіць тое, што ня здолелі зрабіць мы, — пісаў слухач. — Надзея — на такую моладзь, як Павал Севярынец, Мікола Астрэйка ды іншыя. Яны зьменяць гэтую завядзёнку, калі ўсё грунтуецца на хлусьні, і пачнуць будаваць жыцьцё па-новаму — на праўдзе”.
Пошта лютага. Нашага слухача Віктара Кляноўскага зь мястэчка Друя Браслаўскага раёну, як і многіх іншых вясковых жыхароў, турбуе праблема калгасных заробкаў. Цытата зь ліста:
“Майму сябру, які працуе ў калгасе, за апошні месяц заплацілі 100 тысяч беларускіх рублёў. Вось няхай бы прыехаў да нас Лукашэнка і паспрабаваў пражыць на гэтыя грошы месяц. Ці захацелася б яму пасьля гэтага паднімаць калгасы?
У Канстытуцыі Беларусі запісана, што кожны беларускі грамадзянін мае права на дастойны ўзровень жыцьця. Дык чаму ўлада не забясьпечвае гэтае права? Ня можа? Тады няхай не замінае людзям самім шукаць спосабы, каб знайсьці працу і зарабіць”.
Адзін зь лістоў нашай сакавіцкай пошты — ад Ігара Сьцябулі зь Менску — таксама з развагамі пра цяперашнія беларускія рэаліі.
Слухач пісаў:
“Зараз на Беларусі робіцца тое ж, што і за камуністамі, толькі ў яшчэ горшым выглядзе. Паглядзіце на панурыя злыя твары ў гарадзкіх аўтобусах ды электрычках. Людзі ўсяго баяцца. Гаварыць пра палітыку адважваецца далёка ня кожны. А моладзь? Піва, гарэлка і лаянка — вось усё, што ёй патрэбна. Нашых людзей мэтанакіравана спойваюць, бо п’яным людам прасьцей кіраваць. Кола інтарэсаў такіх асобаў абмяжоўваецца чаркай ды скваркай”.
Беларуская школа — тэма, якая даўно цікавіць даўняга сябра Свабоды Мікалая Бусела зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. У адным са сваіх красавіцкіх лістоў ён пісаў:
“Я сканчаю сваю настаўніцкую кар’еру: пэнсійны ўзрост. Скажу так: зараз школа стала мясарубкай для дзяцей. Бадай, ніколі іх так ня ціснулі ідэалёгіяй. Сьведамых настаўнікаў (настаўніц) — мала. Калі і ёсьць, дык пад жорсткім ціскам. Настаўніцы па-канфармісцку паслухмяна выконваюць усе ідыёцкія дырэктывы, дурманячы моладзь.
Дыктатарскія рэжымы не эвалюцыянуюць — яны стагнацыйныя. І ад тутэйшага чакаць эвалюцыі не выпадае”.
Пачынаючы зь мінулага траўня, калі стала вядома пра хуткую адмену сацыяльных ільготаў, гэтая тэма на працягу некалькіх месяцаў была асноўнай у пошце Свабоды. Мікалай Зянкевіч з Асіповіцкага раёну ў траўні пісаў нам:
“Думаў, цяпер уся краіна загудзе і застогне. І памыліўся. Усе маўчаць, нібы вады ў рот набралі. Даходзіць да сьмешнага. Тлумачу свайму суседу-пэнсіянэру, што каб даехаць да лецішча, яму цяпер давядзецца плаціць ня пяць тысяч рублёў, а дзесяць. Дык ён сьмяецца, ня верыць. Кажа: “Ня можа такога быць, каб Лукашэнка гэтак пэнсіянэраў пакрыўдзіў. Гэта ўсё апазыцыя ваду муціць. Але “бацька” хутка паставіць іх на месца”.
На гэтую ж тэму — чэрвеньскі ліст ад Іосіфа Цівуна зь Менску:
“Нашых людзей можна падманваць доўга, але ня бясконца. Усё роўна настане час, калі падман вылезе, як шыла зь меха. Калі Лукашэнка ішоў да ўлады, дык абяцаў дапамагаць бедным і нямоглым — пэнсіянэрам, інвалідам... Мы ж за яго галасавалі ўсе гэтыя гады. І менавіта ад нас ён адбірае цяпер льготы, якія дапамагалі нам выжываць. Дык што, мы цяпер для яго — адпрацаваны матэрыял, з намі можна не лічыцца?” —
— напісаў Іосіф Цівун зь Менску пра адмену сацыяльных ільготаў.
Асноўная тэма шматлікіх лістоў ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна — вясковыя клопаты. У адным зь ліпеньскіх допісаў слухач пісаў:
“У вёсках Ляхаўцы, Асавая, Макраны часта здараецца так: раніцай малако забіраюць, а ўдзень вяртаюць назад, кажуць — скіслае. Вязуць гэта малако ў Берасьце на завод, а гэта — 70 кілямэтраў. А тут яшчэ сьпёка... Вядома, за такі час яно сьсядзецца.
За польскім часам усё было па-іншаму. Малако перапрацоўвалі на месцы, у Макранскай млячарні. Выраблялі і масла, і сыры. Усё дастаўлялі ў Варшаву. Лядоўняў не было, дык клалі ў скрынкі лёд, загортвалі ў адмысловую паперу. І ўсё цудоўна захоўвалася. А чаму? Бо быў гаспадар”.
Наступны ліст — са жнівеньскай пошты, ад Леаніда Цыбульскага з Рэчыцы, дзе ўсю першую палову году рыхтаваліся да Дажынак. Слухач пісаў:
“Гляджу на сёньняшнюю Рэчыцу — і згадваю пасьляваенныя гады. Гэтаксама ўсё ламаюць і перарабляюць. І грошай у іх хапае. А на нашай вуліцы, каб правесьці газ, патрэбна пракласьці 300 мэтраў трубы. Дык на гэта, адказваюць, няма сродкаў, плаціце самі.Па тэлебачаньні, у друку наша жыцьцё як толькі не ўсхваляюць — ну не жыцьцё, а маліна. А што ў сапраўднасьці?
Чыноўнікі раскашуюць, а просты люд — у жабрацтве”.
Наша слухачка Галіна Александроўская з Магілёву ў сваім верасьнёўскім лісьце разважала пра сутнасьць стабільнасьці ў дзяржаве. Цытата зь ліста:
“Стабільнасьць — гэта калі своечасова выплачваюцца заробкі, пэнсіі, дапамогі, калі ў дзяржаве няма палітычных зьняволеных, перасьледу іншадумцаў, калі вядзецца сумленная палітычная барацьба, калі не фальшуюць выбары і няма парушэньняў правоў чалавека. А ў сёньняшняй Беларусі стабільна квітнее толькі жабрацтва”.
У кастрычніку ў нашай пошце было нямала лістоў пра падрыхтоўку і правядзеньне Эўрапейскага маршу. Вось што пісаў на гэту тэму Эдвард Мікуліч зь Менску:
“На працы начальнік папярэдзіў: пойдзеш на Эўрапейскі марш — можаш пісаць заяву на звальненьне. Папярэдзіў ня толькі мяне — усіх. Раней многія пра гэты марш нават ня ведалі. Праца ў нас стабільная, заробкі параўнальна неблагія. Калі выганяць — дзе ўладкуесься?
Сёньня ў Беларусі гайкі заціснуты так, што апазыцыя іх наўрад ці можа адкруціць”.
Пра тое, як на вёсцы ставяцца да ўлады — лістападаўскі ліст ад Пятра Леўчыка з Асіповіцкага раёну. Слухач пісаў:
“Ці ж можа Лукашэнка за ўсім прасачыць, усё ўпільнаваць? Так, у раёнах і калгасах шмат карупцыі, крадзяжу, безгаспадарчасьці. Многія начальнікі страцілі ўсялякі сорам: людзей трымаюць у чорным целе, плацяць няшчасныя капейкі. А самі будуюць палацы, дзяцей выпраўляюць на вучобу за мяжу, езьдзяць на шыкоўных машынах коштам 50 тысяч даляраў і вышэй: робяць што хочуць і нікога не баяцца”.
І апошні ліст — сьнежаньскі, які я толькі сёньня дастаў з нашай паштовай скрынкі 111. Нам піша Сяргей Манцэвіч зь Менску:
“Якой бы безнадзейнай ні выглядала сытуацыя, а ўсё ж хочацца верыць, што Новы год будзе больш шчасьлівым, чым папярэдні, што ён прынясе нам жаданыя зьмены. Слухаючы Свабоды, я пераконваюся, што ў нас вельмі шмат разумных і энэргічных людзей, якія здольныя зьмяніць жыцьцё ў лепшы бок. З гэтай верай лягчэй жыць на зямлі!”
Дзякуй, спадар Манцэвіч, вам і ўсім нашым шматлікім слухачам, якія на працягу году пісалі нам, тэлефанавалі, дасылалі СМС, удзельнічалі ў разнастайных імпрэзах Свабоды. Гэта дапамагала нам быць бліжэй да вас, рабіць тое радыё, якое вам патрэбна. Cпадзяёмся, што нашую цесную сувязь у новым, 2008 годзе мы ня толькі захаваем, але і пашырым.
Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году!
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG