Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калядная варажба – адметная частка народнай культуры беларусаў. Ці вераць у варажбу сёньня? Ці варожаць? Ці збываецца варажба?


Паводле дасьледчыка беларускага фальклёру Ўладзімера Васілевіча, варажба на Каляды захапляла ня толькі дзяўчат:

"Варажылі і хлопцы, і дзяўчаты. Дзяўчаты, можа, пераважна, але й хлопцы таксама. Праўда, почасту хутчэй перашкаджалі дзяўчатам. Дзеўка, прыкладам, перакіне цераз плот валёнак, а хлопцы на ляту яго перахопяць, і дзеўка тады мусіць ад яго адкупіцца, каб не хадзіць потым усю зіму ў адным валёнку. Ну і, вядома, найпапулярная варажба была, калі абдымалі калы ў плоце, там хлопцы тасама бралі ўдзел. Ішлі ўздоўж плоту, і дзеўкі казалі: "кол-калец, хлопец-удавец", – і на чым спыніцца плот, гэтак і будзе. А хлопцы хадзілі і прыгаворвалі: "Кол-каліна, два-дзяўчына..."

Варажбітныя кнігі нават у школе

Цяпер, калі плытоў на ўсіх ахвочых паваражыць стала меней, зьявіліся іншыя сродкі спытацца лёсу. Вось што мне адказалі падчас апытаньня каля Акадэміі навук у Менску:

Дзяўчына: "Мы нават з настаўнікамі варажылі. У нас была адмысловая кніга варожбаў, на люстэрку таксама".

Карэспандэнтка: "І як, спраўдзілася?"

Дзяўчына: "Часта збываюцца тыя жаданьні, якія загадваеш уласна а 12-й гадзіне навагодняй ночы. Ведаеце: калі запісваеш жаданьне на паперчыне, паперчыну паліш і, пакуль гадзіньнік б'е, разьмешваеш у шампанскім і выпіваеш. Вось гэткія жаданьні вельмі шмат у каго спраўджваліся".

Карэспандэнтка: "А ў вас?"

Дзяўчына: "У мяне, дарэчы, гэтак загаданае жаданьне летась спраўдзілася. Можа, з-за таго, што вельмі-вельмі хацела?"

Варажба, кажа Ўладзімер Васілевіч, – у беларускіх традыцыях, закранала абсалютна ўсе сфэры жыцьця:

"Варожбы былі розныя: варожбы на ўраджай, на надвор'е; варожбы на лёс; ці доўгае, ці кароткае жыцьцё будзе... Вось, прыкладам, на Куцьцю пад абрус падсьцілалі сена. І ў таго, хто выцягне даўжэйшую сянінку, будзе ўраджай добры ці жыцьцё доўгае. А ў каго кароценькая – тое ўжо нешта ня вельмі добрае азначала".

Але перадусім каханьне

Але над усімі прагматычнымі тэмамі дамінавала ў варажбе каханьне.

"Чаго там толькі не рабілі, – працягвае Ўладзімер Васілевіч. – Бралі да гэтага і курэй, і сабак. І ў хлеў ішлі, і каня выводзілі, завязаўшы яму вочы. І ў які бок ён павязе, ня бачачы дарогі, у тым напрамку, маўляў, і дзеўка замуж пойдзе".

Калядныя варожбы складалі вельмі рамантычную частку жыцьця нашых продкаў, распавядае Ўладзімер Васілевіч:

"Ніякай іншай часткі фальклёру старыя людзі ня згадваюць з такім задавальнеьнем, як варажбу. Аж твары у бабуль сьвятлеюць... Можна забыцца што заўгодна, але калядныя варожбы памятаюцца і з прыемнасьцю згадваюцца..."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG