Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2007: жыцьцё пэнсіянэраў



Цяпер у Беларусі два з паловай мільёны пэнсіянэраў – на кожных 100 працаўнікоў прыпадае 60 пэнсіянэраў. Кожны чацьвёрты зь іх, дасягнуўшы пэнсійнага ўзросту, працягвае працаваць. Больш як тысяча працуючых пэнсіянэраў маюць за 80 гадоў. Чаму беларусы працуюць на пэнсіі, ці лічаць яны пэнсійную сыстэму Беларусі справядлівай, як дзяржава клапоціцца пра пэнсіянэраў?
Пэнсія ў Грузіі сёньня – 9 даляраў, а ў нас – 154

Беларускі пэнсіянэр у тры разы бяднейшы за польскага і ў дзевяць разоў – за нямецкага. Аднак галоўны спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка кажа, што ёсьць і іншыя параўнаньні:

“Параўноўваць не зусім карэктна. Пэнсія ў Грузіі сёньня – 9 даляраў, а ў нас – 154 (гэта калі мець на ўвазе сярэднюю пэнсію па ўзросьце)”.

У Беларусі так званая салідарная пэнсійная сыстэма, калі ў фонд сацыяльнай абароны пералічваецца траціна фонду заработнай платы. І пэнсія тых, хто зарабляў шмат, і тых, хто мала, розьніцца нязначна. Ці лічаць самі пэнсіянэры беларускую пэнсійную сыстэму справядлівай?

Спадарыня: “Хтосьці зусім не працаваў, хтосьці ўсё жыцьцё працаваў, а пэнсія аднолькавая. Вось у мяне муж – кандыдат навук, і атрымлівае такую ж пэнсію, як і я”.
Лічу несправядлівай пэнсію. Атрымліваю 140 тысяч

Спадар: “Трыццаць гадоў прапрацаваў на шкоднай вытворчасьці, на трактарным заводзе – сталяварам, мулярам. І хаджу па бункерах, бутэлькі зьбіраю. Бабулі, дзядулі таксама зьбіраюць”.

Бабуля: “Лічу несправядлівай пэнсію. Атрымліваю 140 тысяч, таму што ў свой час была звольненая з-за хваробы”.

“Спадарыня: “Я прапрацавала 41 год. Атрымліваю 316 тысяч пэнсіі. За кватэру трэба 120 тысяч заплаціць. А потым як жыць?”

Спадар: “Слаба дапамагаюць пэнсіянэрам. Ледзь канцы з канцамі сточваем”.

Бабуля: “Не, пэнсійная сыстэма няправільная, пакуль несправядлівая”.

Спадар: “Я заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусь. Атрымліваю такую ж пэнсію, як і прыбіральшчыца. Справядлівасьці няма”.

Намесьнік пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах вэтэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Валеры Лектараў таксама лічыць цяперашнюю пэнсійную сыстэму не зусім справядлівай:

“Кожны чалавек павінен атрымліваць прыстойную пэнсію. А на сёньняшні дзень яна носіць, так бы мовіць, ураўняльны характар. Але на пэўны пэрыяд часу яна патрэбна была, каб не было рэзкага падзелу на бедных і вельмі багатых”.

Таму пэнсіянэраў усіх ураўнялі – і зрабілі беднымі: сярэдні памер пэнсіі крыху больш за 150 даляраў, амаль палова зімой ідзе на камунальныя паслугі... Праўда, дзяржава пастаянна дэкляруе пра свой клопат пра людзей сталага ўзросту. Сёлета ў Беларусі пэнсіі падвышаліся двойчы: на 7% у верасьні і яшчэ на 9% у лістападзе. Але гэта непараўнальна з ростам коштаў – толькі за малочныя прадукты цэны зь верасьня вырасьлі ў паўтара разы. Да таго ж, перад Новым годам пэнсіянэры атрымалі чарговы “падарунак” ад дзяржавы: у іх забралі льготы – на транспарт, на лекі. Гутару з жанчынай сталага веку:

“У мяне інваліднасьць трэцяй групы, плаціла 50% за лекі. А цяпер трэба плаціць цалкам. З пэнсіяй 350 тысяч не пражывеш. А праезд... Што зараз з лецішчам рабіць? Прыйдзецца прадаваць. Да лецішча даехаць проста нявыгадна. Бэнзін даражэе — і на машыне нявыгадна, і на электрычцы нявыгадна. Жах!”

Карэспандэнтка: “Але абяцалі адрасную дапамогу...”

Спадарыня: “Мне яна ня сьвеціць, бо ў мяне пэнсія 350 тысяч. А там трэба 160 тысяч. Так што ніякай сацыяльнай дапамогі ня будзе”.

Калі за мяжой людзі на пэнсіі пачынаюць сапраўды адпачываць і вандраваць па сьвеце, то беларускія пэнсіянэры ўсё лета гарбацяцца на лецішчы, якое іх корміць. А цяпер дабрацца да лецішча становіцца праблематычным.

Калі падчас абвастрэньня газавага канфлікту з Расеяй Аляксандар Лукашэнка
сказаў, што за падвышэньне кошту газу заплацяць пэнсіянэры і інваліды, ён не схлусіў.

У бальшыні краінаў зьмешаная пэнсійная сыстэма, ёсьць назапашвальныя фонды, куды працаздольныя людзі робяць пералічэньні, каб на пэнсіі жыць годна. У Беларусі, як кажа спэцыяліст Мінпрацы Галіна Трафіменка, ведамства толькі зьбіраецца ўводзіць асобныя яе элемэнты, дый тое асьцярожна:
Павелічэньня пэнсійнага ўзросту ў бліжэйшы час не прадбачыцца

“Для таго, каб перайсьці на гэтую сыстэму, павінен быць рынак каштоўных папераў, фінансавы рынак дастаткова моцны – павінны быць у дзяржавы грошы. Таму мы толькі пачынаем з элемэнтаў”.

Гэта адзін з элемэнтаў пэнсійнай рэформы, якая зараз распачалася ў Беларусі. Што да бліжэйшых пэрспэктываў, распавядае намесьнік старшыні пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах вэтэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Валеры Лектараў:

“Павелічэньня пэнсійнага ўзросту ў бліжэйшы час не прадбачыцца. На кожнага чалавека ўжо сёньня ёсьць пэрсаніфікаваны ўлік, і пэнсія яго будзе залежыць ад таго, як ён будзе працаваць. Чым больш ён будзе працаваць, і зарабляць, тым большую ён атрымае пэнсію. Я як хірург, працаваў усё жыцьцё за сталом апэрацыйным, і я атрымліваю пэнсію крыху больш за санітарку. Хіба ж гэта правільна? Усё робіцца дзеля таго, каб адыйсьці ад той схемы пэнсійнага забесьпячэньня, якая сёньня ёсьць, да больш справядлівай сыстэмы разьмеркаваньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG