Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавая служба А.Казуліна распаўсюдзіла зварот палітыка да беларускага народу напярэдадні Новага году.


Сярод вартых увагі падзеяў 2007 году вязень віцебскай калёніі назваў студзеньскія выбары ў мясцовыя Саветы, якія ён лічыць “чарговым фарсам”. Спрэчкі з Расеяй вакол цаны на газ Аляксандар Казулін лічыць “энэргетычнымі расейска-беларускімі войнамі”. Пры гэтым палітык зазначыў, што беларуская апазыцыя не скарыстала шанец пачаць дыялёг з Расеяй. На тле ўзмацненьня рэпрэсій супроць апазыцыі Аляксандр Казулін адзначае і яе ўнутраныя праблемы. “Адзінства ў дзеяньнях апазыцыі ўсе меней”, — мяркуе палітык.

“Беларусы ў рэальнасьці засталіся пазбаўленымі мноства грамадзянскіх правоў”, — зазначае Аляксандар Казулін і ўдакладняе: гэта права на свабоду слова, на свабоду веравызнаньня, на свабоду праводзіць масавыя мерапрыемствы і на свабоду аб’яднаньняў. “Улада прызвычаілася душыць беларусаў па адным”, — кажа былы кандыдат на прэзыдэнта і заклікае змагацца за свае правы: працоўных — за свабоду прафсаюзных арганізацый, дзеючыя прафсаюзы — за адмену кантрактнай сыстэмы, студэнтаў і пэнсіянэраў — супроць скасаваньня льготаў, прадпрымальнікаў — за адмену законаў, якія перашкаджаюць працаваць.

Паводле Аляксандра Казуліна, у Беларусі таемна пачалася “прыхватызацыя”. “Без грамадзкага кантролю, празрыстых тэндэраў уладная вярхушка пачала продаж дзяржаўнай маёмасьці сумнеўным замежным інвэстарам”, — лічыць Аляксандар Казулін.

Паводле палітыка, у загоне застаюцца беларуская мова і культура, гістарычная спадчына.

“Твая будучыня найперш у тваіх працавітых руках”, — зьвяртаецца Аляксандар Казулін да кожнага з суайчыньнікаў напярэдадні Новага году.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў пакараны 5,5 гадамі зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык ніколі не прызнаваў. “Міжнародная амністыя” абвясьціла Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG